Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: “Так пільнуюць толькі Лукашэнку”


Сямёра апазыцыйных актывістаў былі затрыманыя, астатніх удзельнікаў чарнобыльскіх акцый міліцыянты здымалі, фатаграфавалі і суправаджалі па горадзе, перамаўляючыся праз рацыі-навушнікі.

Паводле назіраньняў віцебскіх апазыцыянэраў і журналістаў, сёньня людзей у цывільным з рацыямі і ў падобных кепках-бэйсболках можна было ўбачыць праз кожныя 10-20 крокаў уздоўж вуліцы Леніна. Менавіта на гэтай цэнтральнай вуліцы плянаваліся некалькі акцый, аднак дзьве зь іх не пасьпелі й распачацца, як патэнцыйных удзельнікаў затрымалі.

Праваабаронца Павал Левінаў назіраў, як у раёне плошчы Перамогі супрацоўнікі міліцыі затрымлівалі пяцёх моладзевых актывістаў:

Павал Левінаў
“Да 23-й гадавіны чарнобыльскай аварыі моладзь хацела правесьці вулічнае шэсьце. Але іх ужо чакалі супрацоўнікі міліцыі. Міліцыянт сказаў: “У горадзе апошнім часам дужа шмат крадзяжоў. Можа, вы да гэтага маеце дачыненьне. Пад’ехала міліцэйская машына „Газэль“, з прымяненьнем грубай фізычнай сілы моладзь запхнулі ў мікрааўтобус і завезьлі ў Першамайскі РАУС”.

У пастарунак трапілі Аляксей Пялевіч, Алесь Галавань, Кастусь Іваноў, Ірына Пятрова і Валеры Раманенка — прадстаўнікі руху “За свабоду” і стваранай партыі БХД. Праз тры гадзіны моладзь адпусьцілі, але на двух хлопцаў — Пялевіча і Іванова — былі складзеныя пратаколы — нібыта за непадпарадкаваньне міліцыянтам. Гэтыя моладзевыя актывісты адмовіліся добраахвотна аддаць на догляд свае асабістыя рэчы, і ў міліцыі ў іх гвалтам забралі 10 маек з антыядзернай сымболікай, у якіх моладзь зьбіралася ладзіць шэсьце. Таксама міліцыянты канфіскавалі некалькі дзясяткаў брашур Эдуарда Брокарава “Міталёгія мірнага атаму”.

Такія брашуры сёньня каля віцебскай ратушы раздавалі іншыя апазыцыйныя актывісты. Міліцыянты іх не затрымлівалі, аднак усё здымалі адразу на пяць відэакамэр з розных ракурсаў. Па сканчэньні акцыі апазыцыянэраў і журналістаў зноў-такі праводзілі міліцыянты, перамаўляючыся праз рацыі-навушнікі.

Некалькі гадзін у апорным пункце міліцыі давялося правесьці і сябру КХП БНФ Сяргею Каваленку, а таксама беспартыйнаму Валерыю Місьнікаву. Іх таксама палічылі “падазронымі асобамі”, як сказалі супрацоўнікі міліцыі падчас затрыманьня. Сяргей Каваленка меўся прайсьці па вуліцы Леніна зь бел-чырвона-белым сьцягам і меў у руках дзьве даўгія драўляныя рэйкі, каб яго прымацаваць. Аднак сьцяга з кішэні ён дастаць не пасьпеў — яго абкружылі моцныя хлопцы з рацыямі ды павялі ў машыну.

Увогуле тэхнічныя сродкі ў такой колькасьці і з такой інтэнсіўнасьцю міліцыянты ў Віцебску выкарыстоўвалі ўпершыню. Гэта адзначылі і грамадзкія актывісты, і нават звычайныя мінакі, дзівячыся на незвычайную колькасьць штатных фатографаў, відэаапэратараў, міліцыянтаў у форме і хлопцаў з рацыямі ў цывільным. Нехта зазначыў, што так пільнуюць толькі Аляксандра Лукашэнку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG