Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: масавыя затрыманьні на чарнобыльскія ўгодкі


Затрыманыя сямёра актывістаў, якія меркавалі зладзіць грамадзкія акцыі, але нават не пасьпелі іх распачаць.

Моладзь з Руху “За Свабоду” і стваранай партыі БХД меркавала зладзіць невялікае шэсьце ад Плошчы Свабоды па вуліцы Леніна. Аднак на месцы збору іх ужо чакалі міліцыянты на чале з начальнікам адмысловага аддзелу па ахове грамадзкай бясьпекі Кастрычніцкага РАУС Аляксандрам Каліноўскім. Супрацоўнікі міліцыі праверылі ў прысутных дакумэнты і загадалі паказаць асабістыя рэчы.У сумках актывістаў яны ўбачылі майкі з антыядэрнай сымболікай – іх маладыя людзі меркавалі надзець перш чым ісьці па горадзе.

Аляксея Пялевіча, Алеся Галаваня, Кастуся Іванова, Ірыну Пятрову і Валерыя Раманенку міліцыянты затрымалі і завезьлі ў Першамайскі райаддзел міліцыі. Актывістам патлумачылі, што хочуць праверыць, ці ня маюць яны дачыненьня да шэрагу злачынстваў, зьдзейсьненых у горадзе апошнім часам.

У апорны пункт міліцыі Кастрычніцкага раёну міліцыянты забралі яшчэ двух апазыцыйных актывістаў – сябра КХП БНФ Сяргея Каваленку і беспартыйнага Валерыя Місьнікава. Іх таксама палічылі “падазронымі асобамі” – менавіта так сказалі супрацоўнікі міліцыі падчас затрыманьня. Сяргей Каваленка меўся прайсьці па вуліцы Леніна зь бел-чырвона-белым сьцягам і меў у руках дзьве даўгія драўляныя рэйкі, каб яго прымацаваць. Аднак сьцяга з кішэні ён не пасьпеў нават дастаць.

Тым часам па горадзе іншыя актывісты раздавалі ўлёткі і брашуры Эдуарда Брокарава “Міталёгія мірнага атаму”. Усе яны адзначаюць, што ўздоўж цэтральнай вуліцы Леніна літаральна праз кожная 20 крокаў сустракаюцца мужчыны ў цывільным – у амаль аднолькавых шапачках-бэйсболках і з рацыямі-навушнікамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG