Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мы залежныя ад Расеі, як Ліхтэнштэйн — ад Швайцарыі"


Сяргей Багапш

Сяргей Багапш

“Абхазія не фарсіруе свайго прызнаньня Беларусьсю ды іншымі краінамі”. Пра гэта кіраўнік самаабвешчанай рэспублікі Абхазія Сяргей Багапш заявіў у інтэрвію ўплывоваму нямецкаму выданьню Frankfurter Allgemeine. “Калі нас прызнае Беларусь, Абхазія і Паўднёвая Асэтыя ўступяць у Саюз Расеі і Беларусі. Гэта нармальнае разьвіцьцё: разам жыць прасьцей, чым паасобку”.

Сяргей Багапш, у дачыненьні да якога выданьне бярэ слова “прэзыдэнт” у двукосьсе, падкрэсьлівае, што “разумее ўсе тыя цяжкасьці, якія ў гэтым пытаньні Эўропа мае з-за ЗША, з-за Косава”. Праблема тут, паводле Багапша, не ў ягонай краіне, а ў пазыцыі ЭЗ, які дагэтуль настойвае на тэрытарыяльнай цэласнасьці Грузіі і не жадае прызнаваць незалежнасьці Абхазіі.

Параўноўваючы Абхазію з Грузіяй, Багапш называе сваю краіну “дэмакратычнай дзяржавай зь незалежнай, апазыцыйнай прэсай і грамадзянскай супольнасьцю”. Выбары ў Абхазіі былі больш дэмакратычнымі, чым у Грузіі, дзе “прэзыдэнтаў па чарзе адхіляюць ад улады незаконнымі сродкамі”. Багапш не разумее, чаму ўсё ж ЭЗ працягвае сьцьвярджаць, што Грузія — дэмакратычная краіна. “Гэта палітыка дваістых стандартаў”, — кажа кіраўнік непрызнанай рэспублікі. Таксама ён не разумее, чаму ў дачыненьні да Абхазіі немагчымае тое ж рашэньне, што і ў дачыненьні да Косава.

“Пытаньне пра незалежнасьць Абхазіі вырашанае раз і назаўсёды, і ЭЗ мусіць гэта зразумець”, — заяўляе Багапш.

Паводле ягоных словаў, весьці дыялёг на гэтую тэму зь цяперашнім грузінскім кіраўніцтвам, з Саакашвілі немагчыма: “гэта таталітарны фашыстоўскі рэжым”. Пры гэтым Багапш выказвае гатоўнасьць да перамоваў з Тбілісі на любую тэму, за выключэньнем пытаньня аб незалежнасьці Абхазіі.

Што да пытаньня залежнасьці Абхазіі ад Расеі, то, паводле словаў Сяргея Багапша, у абхазаў няма адчуваньня небясьпекі ад таго, што рэспубліка можа стаць “расейскім прыдаткам”. “Мы гэтаксама залежныя ад Расеі, як, напрыклад, Косава — ад НАТО ці ад ЭЗ, або Ліхтэнштэйн — ад Швайцарыі. Абсалютна незалежных дзяржаў у сьвеце няма”, — кажа кіраўнік непрызнанай Абхазіі.
XS
SM
MD
LG