Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гаршкі ў Рэчыцу возяць з Канады


Знакамітае раней прадпрыемства “Рэчыцкая кераміка” прыцягвае зараз увагу да сябе разбурэньнем будынкаў ды скандаламі антыкрызіснага кіраўніцтва з былымі працаўнікамі. Людзі скардзяцца на нявыплату заробкаў.

Адкрытае акцыянэрнае таварыства “Рэчыцкая кераміка” спыніла выпуск сваёй прадукцыі. Пабытовыя вырабы з керамікі й фарфору выявіліся незапатрабаванымі.

Тутэйшыя жыхары адчулі, што ў горадзе ня стала прадпрыемства:

“Яны шмат што рабілі, а цяпер гаршка пад кветкі ў горадзе не дастаць. Кажуць, з Канады вязуць. Чорт яго ведае, што робіцца”.

“Рэчыцкая кераміка” — банкрут. Паўсотні рабочых да сёньня не атрымалі свае заробкі.

Крызісны кіраўнік прадпрыемства Марыя Грамыка спадзяецца на продаж маёмасьці, якая засталася. Гэта кацельня, цэх, гаражы, нямецкая электрычная печ:

“Я, напрыклад, спадзяюся на продаж будынкаў. Ужо трэці раз выставілі. Кошты, вядома, зьніжаем. Зараз ацэньваем яшчэ адзін будынак. Будзем выстаўляць на продаж і абсталяваньне. Праца ідзе, рухаецца. Я людзям тлумачу, але яны ня хочуць нічога гэтага слухаць. Яны мяне вінавацяць ва ўсім, хаця я працую толькі адзін год”.

Паводле службы кіраваньня дзяржаўнай маёмасьцю Рэчыцкага райвыканкаму, да якой у камунальную ўласнасьць адышлі 90 адсоткаў акцыяў ААТ “Рэчыцкая кераміка”, продаж маёмасьці абцяжараны яшчэ тым, што бракуе праваўстаноўчай дакумэнтацыі. На распрацоўку яе выдаткавана 4 мільёны рублёў. А вось зацікаўленых інвэстараў пакуль не знаходзіцца.
XS
SM
MD
LG