Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дудары заграюць у "Рэактары"


Прэс-канфэрэнцыя арганізатараў «Дударскага фэсту»: Зьміцер Сасноўскі, Васіль Верабейчыкаў, Алег Клімчанка, Андрэй Апановіч.

Прэс-канфэрэнцыя арганізатараў «Дударскага фэсту»: Зьміцер Сасноўскі, Васіль Верабейчыкаў, Алег Клімчанка, Андрэй Апановіч.

Міжнародны фэстываль дударскай музыкі “Дударскі фэст-2009” сёлета адбудзецца 24, 27 і 28 красавіка. У чым адметнасьць фэсту, якія сюрпрызы чакаюць аматараў музыкі і хто на імпрэзу запрошаны?


СЛУХАЦЬ:


Дударскі фэст упершыню прайшоў у Менску ў 1992 годзе, а з 2006-га ён стаў штогадовым. Адкрыцьцё “Дударскага фэсту-2009” адбудзецца 24 красавіка ў сталічным клюбе “Рэактар”. Сярод удзельнікаў — “Стары Ольса”, “Testamentum terrae”, “Расалія”, “Келіх кола”, Тодар Кашкурэвіч, Дзяніс Сухі і гурт “Дзевясіл”, “ESPRIT”. Падчас канцэрту ў “Рэактары” пройдзе прэзэнтацыя першага альбому гурту “Litvintroll”.

Зьміцер Сасноўскі
Прадусар “Дударскага фэсту” Зьміцер Сасноўскі: “Зьявіўся, нарэшце, гурт, які прынцыпова выкарыстоўвае беларускія народныя дуды і спалучае іх з рокам розных стыляў. Гэта гурт “Litvintroll”. На першым канцэрце мы дамо ім цэлую гадзіну. Другое адрозьненьне — гэта тое, што ў нас ўпершыню зьявіцца гурт, папулярны, эстрадны гурт. Яны ня грэбуюць казаць, што яны — звычайная папса, але спрабуюць у гэтай папсе выяўляць сваю творчасьць. Гэта гурт “ESPRIT”.

У першым альбоме “Litvintroll” — 10 кампазыцый: рокавыя вэрсіі песьняў “Пахне чабор”, “Купалінка”, “Дуброва”, інструмэнтальныя кампазыцыі. Музыкі выкарыстоўваюць клясычныя рокавыя інструмэнты, а таксама цэлы парк сярэднявечных і народных музычных прылад — валынкі, дуды, жалейкі, флейту, акардэон. Самі музыкі пазыцыянуюць свой стыль як зьмешаны фольк-мэтал-паган-рок. Што да лепшай кампазыцыі, музыка гурту Васіль Верабейчыкаў кажа:

“Песьні ўсе розныя. Яны па гуку розныя, па стылі розныя, па драйве розныя. Я не магу сказаць, якая лепшая. “Rock-&-troll” у нас як бы фарпост усяго нашага “лабства”. Таму, напэўна, “Rock-&-troll”.

27 красавіка ў межах фэсту адбудзецца навуковая канфэрэнцыя “Захаваньне дударскай традыцыі на Беларусі і ў Балтыйскім рэгіёне Эўропы”, якая па традыцыі ладзіцца на хутары старэйшага майстра-дудара Алеся Лася ў Валожынскім раёне.

Пра яшчэ адзін сюрпрыз распавядае прадусар фэсту Зьміцер Сасноўскі:

Апошні дзень фэстывалю ўпершыню ў гісторыі фэсту адбудзецца на адкрытай пляцоўцы
“Апошні дзень фэстывалю ўпершыню ў гісторыі фэсту адбудзецца на адкрытай пляцоўцы — пачынаючы з гадзіны дня і да позьняга вечара ў комплексе Дудуткі. Там ужо пабудаваная сцэна, будуць запрошаныя майстры, рамесьнікі, там нацыянальная кухня, нацыянальныя напоі. 5 турфірмаў будуць вазіць туды наведнікаў. Там на адкрытым паветры можна паслухаць, як на самой справе гучаць беларускія дуды, як яны паводзяцца на адкрытым паветры. Напрыклад, на дударскіх фэстах у Англіі, Шатляндыі музыкі праходзяць іспыт: на працягу трох гадзінаў яны павінны даказваць, што іх інструмэнт дастаткова прафэсійны”.

На фэстывалі прагучаць беларускія, галісійскія, шатляндзкія, швэдзкія, нямецкія, літоўскія, латыскія дуды. Запрошаныя і госьці з замежжа, — кажа Зьміцер Сасноўскі:

“Добрай традыцыяй і нашым гонарам зьяўляецца тое, што ні адзін з замежных гасьцей у нас яшчэ не паўтараўся. Сёлета будзе “Kapela ziele” з Познані, яны пазнаёмяць зь вялікапольскімі дудамі. А на заключны канцэрт прыедзе музыка са славутага сярэднявечнага гурту з Даніі. Гурт называецца “GNY”, а музыку завуць Рунэ — ён будзе граць “джэм-сэйшн”, паколькі яны сябруюць з “Келіхам кола”.

У фэстывалі будзе прадстаўлена дударская музыка ўсіх накірункаў — ад традыцыйнага фальклёру да фолк-мадэрну.

Арганізацыйную падтрымку фэсту аказваюць агенцтва “БМА-group”, страўня “Камяніца”, грамадзкая культурніцкая кампанія “Будзьма!”, Польскі інстытут у Менску, кампанія “БелПІ” й “Adidas”.
XS
SM
MD
LG