Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дударскі клюб” адкрыўся ў Менску


Севярын Квяткоўскі, Менск Аўтары ідэі – дудары Тодар Кашкурэвіч, Юрась Панкевіч, Зьміцер Сасноўскі і Дзяніс Сухі. Вечарыны клюбу маюць адбывацца раз на два тыдні ў Менскім клюбе “катакомбы”. Апроч прэзэнтацыі ўласна беларускай дуды, арганізатары плянуюць знаёміць публіку з публіку з іншаземнымі дударскімі традыцыямі: швэдзкай, латвійскай, шатляндзкай, галісійскай ды іншымі. Адкрыцьцё “дударскага клюбу” наведаў патрыярх дударскай справы Беларусі Ўладзімер Пузыня: чалавек, які ў 1980-х адрадзіў інструмэнт у краіне.

Лідэр гурту “Стары Ольса”, прафэсійны дудар Зьміцер Сасноўскі адзначыў, што 28 лістапада ў клюбе “Катакомбы” ўпершыню сабраліся старэйшыя майстры дударскага руху:

“Гэта Тодар Кашкурэвіч, Алесь Лось, Віктар Кульпін і найстарэйшы наш майстар Уладзімер Пузыня. Зараз мы першы раз іх садзім за адзін стол”.

Тодар Кашкурэвіч чакаў адкрыцьця клюбу не адзін год:

“Сёньня нарэшце адкрываецца “Дударскі клюб”, ідэя якога ўзьнікла яшчэ гадоў 15 таму. Але дзеля розных акалічнасьцяў не змагла рэалізавацца. І вось цяпер нарадзілася вельмі шмат маладзейшых дудароў. Дзякуючы іхным ініцыятывам і намаганьням сёньня маем шчасьце адкрыць першы дударскі клюб у Беларусі”.

На пачатку 1980-х Уладзімер Пузыня быў першым і адзіным, хто аднавіў беларускі варыянт дуды, вядомай у іншых краінах у розных канструкцыях і пад рознымі назвамі. Традыцыя беларускага дударства была перапыненая перад Другой усясьветнай вайной, калі афіцыйным інструмэнтам БССР абралі цымбалы. Па сьлядох Уладзімера Пузыні ў канцы 1980-х пайшлі Алесь Лось і Тодар Кашкурэвіч. 28 лістапада ў імпрэзе бралі ўдзел дзясятак маладых выканаўцаў, а клюб быў запоўнены цалкам. Уладзімер Пузыня:

“Я шчасьлівы, што да жыў да гэтага часу, калі прагучалі нашыя дудары. Дудары – гэта цудоўны наш сымбаль. Сымбаль волі, сымбаль моцы, сымбаль любові да радзімы. Я вельмі задаволены, што прыстунічаю на адкрыцьці “Дударскага клюбу”.

Карэспандэнт: “Вы будзеце сёньня граць?”

Пузыня: “Не, я зараз хварэю. Я ж пасьля дзьвюх апэрацый. Ледзь-ледзь даехаў. Але ж ехаў з радасьцю”.

Наведнік пра дуду: “Незвычайная, выбітная, найбольш тутэйшая, старажытная, архаічная, найбольш характэрная… Калі б гэтая музыка гучала па радыё, па тэлевізіі, мяркую, што і краіна па-іншаму выглядала б, ды ішла іншым жыцьцём”.

Адкрыцьцё “Дударскага клюбу” ў “Катакомбах” скончылася джэм-сэйшанам маладых выканаўцаў і майстроў.
XS
SM
MD
LG