Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Усе гэтыя гады ён ўпарта глядзеў толькі на Ўсход”


У “Званках на Свабоду” слухачы камэнтуюць заявы Аляксандра Лукашэнкі, што “трэба перастаць поўзаць па расейскіх кабінэтах”. Аўтары тэлефанаваньняў таксама спрачаюцца, ці трэба запрашаць Лукашэнку на сустрэчу кіраўнікоў краінаў Эўразьвязу ў Прагу. Юрыст Беларускага Хэльсынскага камітэту Зьміцер Маркушэўскі адказвае на пытаньне, што рабіць, калі начальства ня плаціць належны заробак.

СЛУХАЦЬ:


Пачнем праграму з водгукаў слухачоў на заявы Аляксандра Лукашэнкі пра беларуска-расейскія дачыненьні. Кіраўнік краіны, у прыватнасьці, заявіў, што (цытую) “трэба перастаць поўзаць па расейскіх кабінэтах і на каленях перад імі стаяць”. І далей: “ня хочуць яны працаваць зь Беларусьсю — ну й ладна. Нас жыцьцё ўжо прымушае лезьці на іншыя рынкі”. Гэтыя выказваньні прагучалі 7 красавіка.

Спадарыня: “Прыніжацца нельга было першапачаткова, поўзаць на каленях перад расейскай уладай. Беларускі народ не дараваў. Гульня Лукашэнкі ў пагоні за двума зайцамі набліжаецца да канца. Расейская ўлада на Лукашэнку ўзмацніла ціск. Чарга за Эўразьвязам — узяць яе ў прыклад. З кута, у які, гуляючыся, сябе загнаў, Лукашэнка выскачыць ужо ня зможа. Пастка захлопнецца. У яго застанецца толькі два варыянты — выканаць большасьць асноўных пунктаў з 12, прапанаваных Эўразьвязам, ці працягваць поўзаць перад расейскай уладай”.

Спадар: “Пасьля таго, як Расея адмовіла нам у крэдыце, таму што ў іх сваіх праблем вышэй за галаву, наш правадыр не на жарт раззлаваўся і заявіў, што досыць поўзаць на карачках па маскоўскіх кабінэтах. Нарэшце Рыгоравіч пачынае бачыць. А рабіць трэба гэта было нашмат раней, Аляксандар Рыгоравіч. Усе гэтыя гады вы ўпарта глядзелі толькі на Ўсход, зусім забыўшыся, што існуе яшчэ і Захад. Туды таксама трэба было глядзець. Да чаго прывяла ваша блізарукая палітыка, ужо бачна. Зараз вы маеце тое, што маеце. Усё гэта лішні раз паказвае, наколькі небясьпечная аднабаковая арыентацыя як у палітыцы, так і ў эканоміцы”.

На 7 траўня ў Празе заплянаваная сустрэча кіраўнікоў краінаў Эўразьвязу. Пакуль канчаткова ня ясна, ці запросяць туды Аляксадра Лукашэнку і ці паедзе ён.

Спадар: “Зараз радыёслухачы Радыё Свабода дыскутуюць, запрашаць Лукашэнку ў Прагу ці не, запрашаць аднаго, ці разам з апазыцыяй, ці адну апазыцыю. Вядома, у кожным разе апазыцыю трэба прадстаўляць у Празе, але толькі ў тым выпадку, калі яна раўнацэнная ўладзе. Возьмем ва Ўкраіне, дзе Януковіч і Цімашэнка (супраціўныя бакі) могуць выставіць 100 тысяч адзін супраць аднаго. Ці хаця б Малдова, дзе апазыцыя набрала 30 адсоткаў. А што беларуская апазыцыя? Ужо многія гады Лябедзька выводзіць на ланцуг неабыякавых людзей 100—200 чалавек, БНФ на прыступкі Акадэміі навук прыводзіць 1,5, максымум 2 тысячы. Па-мойму, гэта розныя вагавыя катэгорыі. Тут калі і запросяць і Лукашэнку, і апазыцыю, то Лукашэнку ня варта ехаць — прыніжаць сябе, таму што беларуская апазыцыя практычна нікога не прадстаўляе”.

Аўтару гэтага тэлефанаваньня адказвае іншы слухач:

Віктар: “Наконт выступу слухача — параўнаньне апазыцыі і прыхільнікаў Лукашэнкі. Хачу сказаць, што няхай паспрабуе Лукашэнка сабраць хоць пяць тысяч з умовай, што іх могуць звольніць з працы, затрымаць у пастарунак, зьбіць, пасадзіць. Ды што казаць пра мітынг? Няхай Лукашэнка сядзе за круглы стол і паразмаўляе хаця б з прадстаўніком моладзі. Слабо Лукашэнку?”

Сёньня мы атрымалі такое тэлефанаваньне:

Спадар: “Мая мама працуе дворнікам. Тры гады таму яна пасварылася з начальнікам, і з тае пары перастаў заробак расьці, а быў заробак 300 тысяч. І ўжо тры гады ён не павышаецца. Дапамажыце разабрацца”.

Тлумачыць юрыст праваабарончай арганізацыі “Беларускі Хэльсынскі камітэт” Зьміцер Маркушэўскі:

“Памер заробку залежыць не ад рашэньня начальства, а вызначаецца паводле тарыфнай сеткі. Калі, на погляд маці, заробак незаконна заніжаны, натуральна, варта паскардзіцца. Паскардзіцца можна і ў суд. Такая скарга будзе бясплатная, як працоўная спрэчка ў судзе”.

Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG