Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Слова “шопінг” трывала ўвайшло ў сучасную лексыку. Але апошнім часам рэклямных абвестак турыстычных агенцтваў пра шопінг-туры стала менш. Нехта вінаваціць у гэтым сусьветны эканамічны крызіс, нехта лічыць праблемай дарагоўлю візаў у суседнія эўразьвязаўскія краіны. Куды едуць беларусы на шопінг, каб зэканоміць?

Кажуць, у кожным жарце ёсьць доля жарту. Мая суразмоўца Натальля лічыць вельмі трапным гэткае азначэньне жаночага гардэробу: вешаць — няма куды, насіць — няма чаго. А з таго моманту, як у яе пашпарце скончыўся тэрмін шэнгенскай візы, якая дазваляла купляць абноўкі ў эўрапейскіх краінах, праблема гардэробу зрабілася надзвычай актуальнай. Магчымасьці шопінгу ў Беларусі і Эўропе — непараўнальныя, лічыць яна:

“Насамрэч, неверагодны выбар. Гэта — па-першае. Па-другое, там заўсёды ёсьць зьніжкі.

У нас жа, калі сюды нешта і прывозяць, то гэта нейкія старыя, ранейшыя калекцыі. І кошты…
Тое, што нашы гандляры называюць зьніжкамі, — гэта проста сьмешна.
Тое, што нашы гандляры называюць зьніжкамі, — гэта проста сьмешна. Калі ў тым жа “Orsay” ў Варшаве можна сукенку набыць за 15, 20, ну… 30 даляраў, то ў нас гэткіх коштаў нават на айчынную прадукцыю няма. Калі ня стала ў маім пашпарце візы, якая дазваляла апранацца ў Эўропе, зрабілася вельмі сумна. Ня ведаю, што й рабіць. Даходзіць да таго, што замаўляю сяброўкам, пішу памеры на паперцы…“

Праблема візаў не магла не паўплываць на палітыку прапановаў турыстычных агенцтваў. 60 эўра за аднаразовую візу — сума істотная. На Чаркізаўскі рынак у Маскве і на рынак ва ўкраінскім горадзе Хмяльніцкім беларускія турапэратары возяць ужо вельмі даўно. Аўдыторыя ў гэтых рынкаў розная, распавялі мне ў адным зь менскіх агенцтваў:

“На расейскія рынкі едуць гуртавікі, тыя, хто працуе на рынках. А калі размова пра шопінг для сябе, — гэта Ўкраіна”.

У Берасьці вельмі папулярныя паездкі ў Ковель і Луцк, сьведчыць спадарыня Тацяна. Едуць па набыткі для ўсёй сям’і:

У Берасьці, у адрозьненьне ад Менску, не распаўсюджана традыцыя рэчаў „б/у“. Сэканд-хэндаў тут няма…
“Практычна кожны другі, хіба што ня кожны першы. Вязуць усё для сябе — найперш вопратку. Для сябе і для дзяцей. Тут, у адрозьненьне ад Менску, не распаўсюджана традыцыя рэчаў „б/у“. Сэканд-хэндаў тут няма… Так што адтуль вязуць”.

Даволі распаўсюджаная мэта паездак на ўкраінскі рынак — вясельныя строі. Колішні жаніх Аляксандар разам са сваёй нявестай прааналізавалі прапановы беларускіх салёнаў пракату і рашуча падаліся па выгаду на Ўкраіну:

“На той момант пракат вясельных сукенак каштаваў ад 250 даляраў. Таму мы вырашылі ехаць у Хмяльніцкі, не зважаючы на 12-15 гадзін дарогі. І мелі рацыю. Там самыя дарагія сукенкі каштавалі 120. Набыткам засталіся задаволеныя цалкам”.

Нягледзячы на відавочныя выгады паездак “на закупы”, як кажуць у заходніх раёнах Беларусі, крызіс паўплываў на іх адчувальна. Беларусы сталі меней платаздольнымі, дзеляцца са мной назіраньнямі ў турагенцтве:

Падобна, што проста людзі ня маюць грошай.
“У мінулым годзе, пачынаючы ўжо са студзеня-лютага, вельмі шмат ішло аўтобусаў у Хмяльніцкі. Людзі загадзя запісваліся, папулярнасьць была вельмі высокай. А сёлета значна меней. Так што ўзьдзейнічае нешта. Ня ведаю, з крызісам гэта зьвязана ці не, але падобна, што проста людзі ня маюць грошай. Хоць туды ехаць вельмі і вельмі выгадна. Што тут ты адну рэч набудзеш — на тыя ж грошы там купіш тры”.

Тыя ж, хто лічыць, што крызіс крызісам, а жыцьцё працягваецца, шукаюць выйсьця. Адзін з варыянтаў, каб зэканоміць на коштах мэблі — паехаць, прыкладам, у маскоўскі гіпэрмаркет Ikea. Выбіраеш на інтэрнэт-сайце, што ты жадаеш, каб вочы па паліцах не разьбягаліся моцна, знаходіш перавозчыка, з аднаго боку, а з другога — яшчэ аднаго ахвотніка да той самай мэблі. Спадарожнік патрэбны, каб падзяліць выдаткі на паслугі перавозчыка (каля 300 даляраў). Ноч у дарозе — дзень у “Ікеі” — і назаўтра ты ў хаце з новай мэбляй, распавядае мянчанка Кацярына:

“Зэканомілі мы вельмі шмат. Мы набылі кухню за тысячу. Вельмі якасную, дыхтоўную кухню з сасны. У нас цэны на гэткія кухні пачынаюцца з чатырох тысяч. Толькі на гэтым набытку мы, лічы, што зэканомілі тры тысячы. Яшчэ вельмі шмат хатніх дробязяў, але там ужо я эканомію не падлічу”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG