Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычны крызіс у Тайляндзе блізіцца да свайго заканчэньня. Супрацьстаяньне апазыцыі і ўладаў разьвязваецца на карысьць апанэнтаў улады, якія больш за тыдзень блякавалі найбуйнейшыя лётнішчы краіны. Вырашэньне канфліктнай сытуацыі вітаюць і сотні тысяч турыстаў, якія сталіся закладнікамі палітычнай спрэчкі.


Экспэрты спадзяюцца, што заблякаваныя ў аэрапортах замежнікі, у тым ліку і беларусы, нарэшце змогуць адляцець з Тайлянду. Тым часам беларусаў, якія адмаўляюцца ад тураў у гэтую краіну, зусім мала, а 1 сьнежня чарговы самалёт выправіўся зь Менску ў мяцежны Бангкок. Чаму людзі ігнаруюць небясьпечную сытуацыю?

Паводле Міністэрства турызму Тайлянду, больш за 300 тысяч авіяпасажыраў дагэтуль ня могуць пакінуць краіну ў зьвязку з блякаваньнем галоўных аэрапортаў Бангкоку. Гэтаксама некалькі дзясяткаў тысяч тайцаў ня маюць магчымасьці трапіць дадому з-за мяжы. Аднак па заканчэньні ўрадавага крызісу аналітыкі спадзяюцца, што крытычная сытуацыя разьвяжацца. Пра гэта кажа і кіраўнік Беларускага саюзу турыстычных арганізацый Валянцін Цэхмэйстар. Толькі 1 сьнежня дачакаліся магчымасьці вярнуцца назад больш за паўсотні турыстаў зь Беларусі, і ўчора ж на адпачынак у гэтую краіну выправілася новая партыя адпускнікоў:

“Літаральна ў пятніцу мы сустракаліся з рэгіянальным прадстаўніком тайляндзкай адміністрацыі па турызьме, які прыяжджаў у Кіеў, а потым заяжджаў да нас у Менск. Якраз гэтыя моманты (у кантэксьце вашага пытаньня) таксама закраналіся. Выказваліся станоўчыя прагнозы, і мы ўсе вельмі спадзяёмся на аздараўленьне сытуацыі ў рэгіёне”.

Карэспандэнт: “Чаму на ваш погляд, беларусы досыць легкадумна ўспрымаюць прыродныя, тэхнагенныя небясьпекі?”
Для славянскага турыста гэта ўвогуле не пытаньне — наведаць рызыкоўнае месца

“Чалавек так зладжаны, што яго мала пужаюць экстрэмальныя ўмовы. Нават тая ж сытуацыя ў 2003 годзе, зьвязаная з затапленьнем у рэгіёне, у Паўднёва-Ўсходняй Азіі. Ну і што? Празь некаторы час прыбралі наступствы стыхійнага няшчасьця — і ўсё. То бок чалавек схільны ўсё вельмі хутка забываць. А для славянскага турыста гэта ўвогуле не пытаньне — наведаць рызыкоўнае месца. Напужаць вельмі складана і цяжка. І асабліва калі ён ужо набыў пуцёўку — то абавязкова паляціць. Зусім рэдка хто адмаўляецца”.

Паводле зьвестак Беларускага саюзу турыстычных арганізацый, у разгар палітычнага крызісу ў Тайляндзе ад набытых пуцёвак адмовіліся паўтара дзясятка грамадзянаў Беларусі, астатнія ж — а гэта больш за сотню чалавек — вырашылі не карэктаваць свае пляны. І гэта тычыцца толькі тых, хто ляціць празь Менск. Аднак па інэрцыі багата турыстаў карыстаюцца паслугамі расейскіх і ўкраінскіх турфірмаў і ў выязную статыстыку папросту не трапляюць.

Аляксандар, менскі прадпрымальнік, у Тайлянд пры канцы году езьдзіць амаль кожны год. Кажа, што заўзятых аматараў такога адпачынку вельмі шмат, таму яны гатовыя ігнараваць і пэўныя нязручнасьці. Паводле словаў суразмоўцы, хто аднойчы пабываў у той экзотыцы, хоча вяртацца зноў і зноў. Аднак сам ён сёлета вырашыў устрымацца ад падарожжа:

“Шчыра кажучы, я ў шоку ад таго, што адбываецца. З ранейшых уражаньняў зусім ня думаў, што там можа ўзьнікнуць нейкая напружанасьць. Але калі стаўлю сябе ў сытуацыю, што трэба туды ехаць, дык ня столькі з-за боязі адмаўляюся, колькі ад нязручнасьцяў. Сядзець у аэрапорце суткамі — з адпачынкам нешта ня вельмі стасуецца. Вядома, я турыст, не карэнны жыхар, меркаваць аб’ектыўна не магу. Але ўвогуле сытуацыя, як мне падавалася, ня тое што бясьпечная, а проста суцэльная “расслабуха”. Мы абляцелі Тайлянд увесь. На поўначы былі, там крыху інакш, чым на поўдні, у Бангкоку. Але ўсюды такое замілаваньне, такая акрыленасьць! Абсалютнае пачуцьцё душэўнага камфорту. Прычым ня толькі ад прыроды, ад экзотыкі гэта складаецца, але і з-за людзей. Усе ўсьміхаюцца, усе зычлівыя, ветлівыя — і ў адносінах адзін да аднаго, і асабліва ў адносінах да турыстаў”.
Кошты пуцёвак засталіся практычна нязьменнымі

Нягледзячы на рэкамэндацыі МЗС Беларусі ўстрымацца ад наведваньня Тайлянду, у турыстычных фірмах па-ранейшаму канстатуюць устойлівы попыт на туры ў гэтую краіну. Да таго ж, як паведамілі ў адным зь менскіх турагенцтваў, нягледзячы на падзеі ў тайскіх аэрапортах, кошты пуцёвак засталіся практычна нязьменнымі, на асобныя кірункі зьніжкі складаюць максымум 10%. З улікам зьніжак адпачынак на двух чалавек у сярэднім каштуе 1600 даляраў. Перад Калядамі абяцаюць сэзоннае падвышэньне коштаў.

Паводле статыстыкі, штогод Тайлянд наведваюць звыш 10,5 мільёнаў турыстаў, у іх ліку — 100 тысяч расейцаў. А вось беларусы тайскі кірунак адкрылі зусім нядаўна. У апошнія гады туды скіроўваецца ня больш за тысячу турыстаў з Беларусі.

XS
SM
MD
LG