Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Салдат Жалезьнічэнка: “Вайсковыя рэфлексы не адпускаюць яшчэ”


Зьміцер Жалезьнічэнка зноў дома
Зьміцер Жалезьнічэнка зноў дома

Пасьля чатырнаццаці месяцаў службы ў войску, былы студэнт-выдатнік Зьміцер Жалезьнічэнка прыехаў у Гомель на пабыўку.


Зьміцер Жалезьнічэнка так і не прыняў прысягу. Яго за гэта залічылі ў так званую групу рызыкі і ў адпачынак выправілі ў апошнюю чаргу:

“У нас, у роце, шэсьць чалавек, якія прызываліся ў войска мінулай зімой. Так, я пайшоў апошнім зь іх. Ротны камандзір у мінулы чацьвер, 26 сакавіка, сказаў мне: “Пішы рапарт, чацьвёртага красавіка паедзеш у адпачынак”. Я зьбіраўся троху пазьней ехаць, праз пару тыдняў. Былі іншыя пляны. Але ротны сказаў, што ў яго такое даручэньне, каб я ехаў менавіта чацьвёртага красавіка, і тут нічога ня зьменіш. Ну і паехаў, трохі цяплей ужо стала”.
Зьміцер Жалезьнічэнка

З вакзалу Зьміцер выправіўся ў ваенкамат стаць на улік - і адразу дадому, дзе яго чакалі бацька, маці, малодшы брат.

Ала Фёдараўна, маці Зьміцера кажа, што хаця і ведала пра водпуск сына, але ледзь дачакалася. Першыя месяцы яна наогул кожныя выходныя езьдзіла ў транспартную частку ў Жлобін, дзе служыць Зьміцер:

“Я ужо, канечне, чакала - не магла дачакацца. На першым часе наогул кожны тыдзень езьдзіла да сына ў войска. Мяне цягнула туды неймаверна. Цяпер праз тыдзень езджу. Яму там таксама складана, іншым разам і пагутарыць няма зь кім. Я гэта ўсё выдатна разумею. Паеду, паразмаўляем - і яму, і мне весялей. Кніжак яму поўную сумку важу то туды, то назад. Пабудзеш, пагутарыш - і адразу спакайней”.

Сам Зьміцер, як толькі павітаўся з хатнімі, адразу ў ванну, каб прыняць душ і пераапрануцца ў цывільнае, адчуць перамены:

“Там, у войску, жывеш - кожны дзень з раніцы да вечара адное і тое ж. Сьвядомасьць прызвычаілася, яна супакойваецца, ня хоча думаць: як там, дома што? Сёньня, як дадому ехаў, і раней, калі думаў, што паеду, успрымалася усё неяк абсалютна нэўтральна. Можа, дзень-другі пажыву і неяк засвоюся, будуць нейкія эмоцыі. А пакуль - нейкі абарончы комплекс. Тыя вайсковыя рэфлексы уздзейнічаюць, не адпускаюць яшчэ”.

Стаўленьне камандзіраў да спадара Жалезьнічэнкі, як ён кажа, прынцыпова не зьмянілася. Яго імкнуцца не заўважаць і не чапаць. Некаторыя асьцерагаюцца. Апошні часам Жалезьнічэнка шмат чытаў, ліставаўся зь нядаўнімі палітычнымі прызыўнікамі - Вячоркам, Шылам, Хведаруком. І нават першы раз за чатырнаццаць месяцаў службы разабраў аўтамат:

“Апошнім часам меў магчымасьць сабою займацца, кніжкі чытаць. Быў навучальны перыяд, мяне асабліва не краналі. Напрыклад, на самападрыхтоўках. Зброі ў мяне сваёй няма. Зброю навучыўся чысьціць, нават сьмешна, літаральна тры дні таму - 1 красавіка. Была агнявая падрыхтоўка - паказалі, як разьбіраць аўтамат. Першы раз гэта зрабіў за чатырнаццаць месяцаў. Да гэтага не рабіў ні разу”.
У адпачынку Зьміцер Жалезьнічэнка будзе знаходзіцца да 13 красавіка.



Да прызыву ў войска спадар Жалезьнічэнка вучыўся на трэцім курсе матэматычнага факультэту Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Ф.Скарыны. Сярэдні бал у яго залікоўцы - 9,3 . Зьміцер - сябра БНФ, быў намесьнікам старшыні моладзевай культурніцкай суполкі “Талака”. Вёў актыўную грамадзкую працу сярод моладзі і студэнтаў. З надуманых абвінавачваньняў яго двойчы адлічвалі з унівэрсытэту.
25 студзеня 2008 году, пасьля другога адлічэньня, Зьміцера тэрмінова прызвалі ў войска. З яго, па сутнасьці, пачалася ізаляцыя праз войска маладых актывістаў апазыцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG