Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жалезьнічэнка ня хоча быць “дзедам”


Зьміцер Жалезьнічэнка

Зьміцер Жалезьнічэнка

Амаль 300 дзён служыць у транспартных войсках у Жлобіне былы студэнт-выдатнік Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Ф. Скарыны Зьміцер Жалезьнічэнка.


Гэта больш за палову абавязковага салдацкага тэрміну. Аднак так званым “дзедам”, як называюць у вайсковым асяродку салдат другога году службы, Жалезьнічэнка ня стаў і быць ім не зьбіраецца. Пра гэта ён сказаў гомельскім актывістам АДС, якія наведаліся да Зьмітра на мінулых выходных:

“Зараз у войску гэтыя традыцыі як бы адыходзяць у нябыт. Я ведаю, хлопцы іншым разам нешта такое абмяркоўваюць між сабою. Але я ў гэтых гульнях ня ўдзельнічаю. Мяне не запрашаюць, і я да іх не цягнуся. Як толькі ёсьць вольны час, я проста вушы затыкаю, бяру свае кніжкі й чытаю.

У параўнаньні зь першымі месяцамі стаўленьне да мяне ў нечым зьмянілася. Калі раней некаторыя, ня ўсе, канечне, ставіліся непаважліва, часам грэбліва: “А, ты, бэнээфавец” — накшталт такога. Зараз такой канкрэтнай непавагі ні ад каго не назіраю — ні ад афіцэраў, ні ад салдатаў. Здаецца, проста паважаюць”.

Паколькі Зьміцер на знак пратэсту за несправядлівае пакараньне штрафамі, адлічэньне з унівэрсытэту і тэрміновы прызыў на службу не прыняў вайсковай прысягі, яму вызначылі быць у распараджэньні камандзіра часткі. Не прызначылі нават кінамэханікам, як меркавалася раней:

“Хацелі, але не прызначылі. Паколькі я без прысягі, дык пасада мая такая: у падначаленьні камандзіра часткі. У нас тут пасады такія: сьлесар, мэханік —накшталт такога. Але выконваюць усе аднолькавую працу. Апошнія пару дзён прарвала цеплатрасу — адкопвалі цеплатрасу. Калі б ня гэта, дык падмяталі б нешта ці, можа, машыны якія праціралі б. Хапае працы!”

За працу й службу былому студэнту-выдатніку выплачваюць так званае грашовае забесьпячэньне, якое складае цяпер 22 тысячы беларускіх рублёў. Аднак з гэтай сумы вылічваюць 40 адсоткаў па пагашэньне штрафаў амаль на мільён рублёў:

“У мяне ёсьць два штрафы, дзьве запазычанасьці перад дзяржавай, апрача асноўнай канстытуцыйнай запазычанасьці, якую я ў войску адбываю. Гэта штрафы за канцэрт беларускіх бардаў, пасьля якога мне сказалі, што я займаюся незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьцю. І калі я нібыта аблаяў міліцыянта й спрабаваў ад яго ўцячы. Мяне вазілі ў Гомель да судовага выканаўцы, ён сказаў, што зь мяне будуць утрымлівацца грошы.

І ўтрымліваюць — 40 адсоткаў грашовага забесьпячэньня на гэтыя штрафы.

У мяне цалкам грашовае забесьпячэньне складае 22 тысячы рублёў на месяц. Адпаведна зь іх 9 тысячаў вылічваецца. Наша шчодрая радзіма і так салдатаў усім забясьпечвае — навошта ім яшчэ й грошы?!”

Зьміцер Жалезьнічэнка, дарэчы, накіраваў сёньня скаргу ў Камітэт правоў чалавека ААН. Ён аспрэчвае ў гэтай міжнароднай структуры судовыя пакараньні штрафамі й арыштам, а таксама паўторнае выключэньне з трэцяга курсу матэматычнага факультэту Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Звароты ў судовыя інстанцыі ўнутры краіны плёну не прынесьлі.

XS
SM
MD
LG