Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Я са сваёй пэнсіі не магу купіць ні абутак, ні адзеньне”


Магчымае запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі ў Прагу, эканамічны крызіс у Беларусі, звальненьне з працы настаўніцы Мар’яны Грузьдзіловіч, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


Магчымае запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі на саміт “Усходняга партнэрства” ў Прагу — адна з тэмаў абмеркаваньня слухачоў:

Салігорск: “Да пытаньня запрашэньня Лукашэнкі на саміт у Прагу. Я лічу, што яго нельга туды запрашаць, таму што ён усяляк выказваўся ў дачыненьні да Эўразьвязу і Брусэлю. І на сёньняшні дзень, калі яго туды запрасіць, то ён зноў пачне там і пра “дохлыя мухі”, і “вашывыя блохі”. Ці ж можна такога бескантрольнага прэзыдэнта запрашаць на саміты? Ён ня можа сябе паводзіць прыстойна, як гэта ўласьціва талковаму і сьвядомаму чалавеку”.

Пэнсіянэр: “У беларускіх СМІ падкрэсьліваецца, што Расея будзе прадстаўляць інтарэсы Беларусі ў Лёндане. Ці разумеюць у Брусэлі, што Лукашэнка ў Празе — гэта казачок Мядзьведзева?”

Бялькевіч, Салігорск: “Я падтрымліваю цётку Ганну з Маладэчна. Лукашэнку трэба пусьціць у Прагу. Там ён без паперак раскажа пра аграгарадкі, дзякуючы якім у нас самыя дарагія прадукты. Раскажа пра вырашальную ролю лініі Сталіна ў Другой сусьветнай вайне, раскажа пра рэфарматарскія здольнасьці Гітлера, раскажа пра шпацыры Скарыны па Неўскім праспэкце, раскажа пра загадкавую сьмерць Карпенкі, а таксама пакажа тое месца, куды зьбеглі Захаранка, Ганчарык, Красоўскі і Завадзкі”.

У працяг тэмы — камэнтары да выказваньня слухачкі “Свабоды”:

Ліда, Менск: “Хачу адказаць на званок цёткі Ганны з Маладэчна, якая і абута, і апранута, і так любіць Лукашэнку. У адрозьненьне ад вас, цётка Ганна, я са сваёй пэнсіі не магу купіць ні абутак, ні адзеньне, а нашу тое, што куплена 20 гадоў таму. І вось цяпер яшчэ, каб памыцца ў лазьні, бо дома такой магчымасьці няма, у мяне, інваліда 2 групы, адабралі льготу. Але я не за гэта не люблю Лукашэнку, а за яго нянавісьць да ўсяго беларускага і за тыя брыдкія словы, якія ён сабе дазваляе выказваць на адрас беларускай апазыцыі. Ён гэтым ганьбіць і сябе, і мяне, і ўсю краіну”.

Спадар: “Пачуў званок слухачкі, якая назвалася цёткай Ганнай, і хочацца ў яе запытаць: хто вам даў права, як раней казалі, ад імя і па даручэньні ўсяго народа выказваць правадыру любоў? Добра, калі вы так яго ўжо любіце, то гэта вашая асабістая справа. Пры чым тут увесь народ? І яшчэ пытаньне: зь якой нагоды вы называеце ўсіх, хто думае па-іншаму, ворагамі народа? Усё гэта надта ўжо сталіншчынай аддае. Тады так і было, ледзь ня так што сказаў ці зрабіў — і ўсё, ты ўжо вораг народа з усімі наступствамі. Дык што, можа, вы хочаце, каб у нас усё вярнулася да тых часоў?”

Працягваем праграму яшчэ адным выказваньнем:

Спадар: “Паслухаў па Радыё Свабода выступ спадарыні Грузьдзіловіч, выкладчыцы адукацыйнага цэнтру, і хачу вам сказаць, які гэта адукаваны і прыстойна выхаваны чалавек. Такі чалавек, такі выкладчык ня мог абразіць вучня, тым больш, што яна ведае, што гэта не звычайная школа і чые там дзеці выхоўваюцца. І перад вачыма ўстае постаць чалавека — палкоўніка, які бессаромна, перад тэлевізіяй біў нагамі прафэсара, выдатнага чалавека Казуліна. І гэта ўсё валадарства смакавала гэта. Зрабіце высновы, шаноўнае спадарства, хто вамі кіруе, якая ваша будучыня і вашых дзяцей, калі яны нагамі б’юць тых, хто вучыць іхных дзяцей, дае ім адукацыю. Гэта найлепшыя выкладчыкі, ня тыя, што ў асноўным у школах баяцца рот раскрыць і паўстаць за будучыню ня толькі дзетак, але і сваю. А іх нямала — такіх выкладчыкаў, звыш 120 тысяч. Вось такі голас быў бы пачуты, і безуладзьдзе ня мела б месца ў краіне”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG