Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мар’яна Грузьдзіловіч зноў расчаравала “SOL Minsk”


Мар’яна Грузьдзіловіч

Мар’яна Грузьдзіловіч

У панядзелак гісторыя са звальненьнем выкладчыцы ангельскай мовы Мар’яны Грузьдзіловіч мела працяг. Кіраўніцтва камэрцыйнага адукацыйнага цэнтру “SOL Minsk” запрасіла яе на размову, даўшы зразумець, што магчымыя варыянты аднаўленьня на працы.

А 17-й гадзіне па запрашэньні кіраўніцтва Мар’яна Грузьдзіловіч зьявілася ў офісе кампаніі. Сустрэча адбылася ня толькі з дырэктаркай кампаніі “SOL Minsk” Вандай Дармаян, размова прайшла пры дзьвюх намесьніцах дырэктаркі.

Мар’яна Грузьдзіловіч: “У самым пачатку размовы дырэктаркай кампаніі было прызнана, што „так, мы прынялі гэты загад у аднабаковым парадку, ён памылковы“. То бок мяне звольнілі з парушэньнем працэдуры. Мне не было паказана ніякага загаду, што мяне аднавілі. Але мяне сталі настойліва прасіць напісаць пісьмова, што адбылося. Маўляў, вы ж прасілі аднавіць вас на працы, дык мы вырашылі зараз правесьці праверку”.

На якой падставе я буду пісаць тлумачэньні, калі я ўжо звольненая, я не супрацоўнік кампаніі?
Спадарыня Мар’яна падумала і адмовілася пісаць тлумачэньні, бо, на яе думку, іх маглі выкарыстаць супраць яе: маўляў, парушэньні былі, тлумачэньні ад выкладчыцы ёсьць, заслуханы другі бок — працэдура выкананая:

“На якой падставе я буду пісаць тлумачэньні, калі я ўжо звольненая, я не супрацоўнік кампаніі? Вы спачатку аднавіце мяне, той загад анулюйце, напішыце новы загад аб аднаўленьні. Я станаўлюся зноў супрацоўнікам, і тады я буду думаць, што рабіць далей. Яны былі вельмі расчараваныя, усе трое. Пытаньняў больш не было. Размова была скончана, і я пайшла”.

Дырэктар камэрцыйнага адукацыйнага цэнтру “SOL Minsk” Ванда Дармаян распавядаць, навошта кіраўніцтва запрашала ў панядзелак звольненую 5 дзён таму супрацоўніцу, адмовілася:

“Навошта вам пра гэта ведаць, нават калі мы яе і запрашалі? Можа, гэта мая прыватная сустрэча была зь ёй. Гэта ўнутраная наша справа, гэта працоўная дысцыпліна. Яна звольненая не па палітычных матывах, да палітыкі гэта звальненьне ня мае наагул ніякага дачыненьня. Дайце нам самім ва ўсім разабрацца. Ну навошта я буду гэта вам тлумачыць? Было шмат скаргаў, таму дайце нам магчымасьць самім разабрацца”.

Карэспандэнтка: “Але яна звольненая канчаткова?”

“Я пра гэта не зьбіраюся з вамі размаўляць. Я буду з Мар’янай Рыгораўнай з гэтай нагоды размаўляць, але ня з вамі”.

Калектыўную скаргу альбо шматлікія скаргі дзяцей і бацькоў, якія быццам бы паступілі на выкладчыцу, спадарыні Грузьдзіловіч так і не паказалі. Колькі іх было і ці былі наагул, акрамя адной быццам бы пакрыўджанай дзяўчынкі, так і не зразумела. Сама Мар’яна Грузьдзіловіч кажа, што пасьля сёньняшняй сустрэчы з кіраўніцтвам у яе няма ніякага жаданьня аднаўляцца ў гэтай кампаніі на працы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG