Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч: “Дапамагаючы краіне, нельга дапамагаць рэжыму”


Мікола Статкевіч
Мікола Статкевіч

Каардынатар Эўрапейскай кааліцыі Мікола Статкевіч заявіў, што рашэньне аб далучэньні Беларусі да праграмы “Ўсходняга партнэрства” мае плюсы і мінусы.


“Самы вялікі плюс, які перавышае ўсе мінусы, — што Беларусь пачала працэс нават свайго інстытуцыйнага вяртаньня ў Эўропу. Няважна, што гэты працэс пачаты пры сёньняшняй уладзе. Але пры першай жа дэмакратычнай уладзе Беларусь атрымае добрыя шансы вельмі хутка стаць сябрам Эўразьвязу. Бо выкананьне патрабаваньняў “Усходняга партнэрства”, па сутнасьці, робіць гэтую мэту вельмі блізка дасягальнай.

Другі плюс, што ўлада будзе цяпер усё ж азірацца на гэтае партнэрства. І пашырэньне рэпрэсій ня будзе працягвацца. Безумоўна, улада будзе імкнуцца прытрымоўвацца пэўнага ўзроўню рэпрэсій, каб запалохваць грамадзтва.

Трэці плюс, што Беларусь атрымоўвае большыя магчымасьці для манэўраў у стасунках з Расеяй, якая ніяк ня можа зьмірыцца са стратай сваёй імпэрыі.

Ёсьць і мінусы. Першы і галоўны — што дэмакратычныя актывісты, якія сваё змаганьне грунтавалі на ідэалах свабоды, эўрапейскіх ідэалах, адчуваюць сябе падманутымі гэтымі гульнямі эўрачыноўнікаў, якія сустракаюцца з прадстаўнікамі беларускага рэжыму.

Другі істотны мінус — што гэтая праграма дае беларускім уладам магчымасьць атрымоўваць вельмі істотнае фінансаваньне. І гэтыя грошы невядома куды пойдуць. У нас жа няма дэмакратычнага парлямэнту, які б кантраляваў выдаткоўваньне грошай. І мы ня ведаем, ці пойдуць грошы на падтрыманьне гэтай безнадзейнай савецкай эканомікі, ці на кармленьне АМОНу і спэцслужбаў, ці будуць схаваныя ў Вэнэсуэле ў якасьці спадчыны для сына...

Гэта станоўчая гістарычная падзея для беларускага народу, але павінны выконвацца дзьве ўмовы. Добра, што не ізалююць краіну, але трэба ізаляваць надалей людзей, якія арганізуюць рэпрэсіі ў гэтай краіне. Мне падаецца непажаданым запрашэньне спадара Лукашэнкі ў Прагу, дзе 7 траўня будзе падпісана гэтая дамова аб “Усходнім партнэрстве”. Дапамагаючы краіне, нельга дапамагаць рэжыму. Фінансава значная дапамога Беларусі магчымая толькі пры ўмове, што ў ёй будзе хаця б дэмакратычна абраны парлямэнт. Калі дзьве гэтыя ўмовы будуць выконвацца, то далучэньне Беларусі да гэтага партнэрства будзе мець цалкам станоўчы характар”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG