Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: судзяць актывіста Саюзу палякаў


Андрэй Пачобут

Андрэй Пачобут

Сёньня ў Ленінскім раённым судзе Горадні пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы Андрэя Пачобута, карэспандэнта польскай “Газэты Выборчай” у Беларусі і актывіста незарэгістраванага Саюзу палякаў на чале з Анжалікай Борыс.

Яго абвінавачваюць у актыўным удзеле ў несанкцыянаваным мітынгу 17 студзеня ў Горадні каля Дома польскага, у якім месьціцца праўладны Саюз палякаў.

СЛУХАЦЬ:


На другую палову дня ў Ленінскі раённы суд выклікалі Андрэя Пачобута і Ігара Банцара — прэсавага сакратара Саюзу палякаў на чале з Анжалікай Борыс. Першай разглядалася справа Андрэя Пачобута. Яму давялося чакаць зь іншымі журналістамі і калегамі па Саюзу палякаў у калідоры, міліцыянты ўсярэдзіну не пускалі. Потым Пачобута выклікалі да судзьдзі. Астатніх выгналі на вуліцу. За дзьвярыма суду стаялі дзевяць міліцыянтаў, адзін зь якіх здымаў людзей на відэакамэру.

Анджэй Пісальнік (зьлева) і Ігар Банцар
Ігар Банцар патлумачыў сытуацыю:

“Пачобут заявіў хадайніцтва, каб на працэс былі дапушчаны журналісты, у тым ліку польскіх сродкаў масавай інфармацыі. Судзьдзя адказала: працэс адкрыты, яны могуць прысутнічаць, але ад мяне нічога не залежыць. Маўляў, міліцыянты, ахова самі вырашаюць, каго ўпускаць, а каго — не. Тады Пачобут удакладніў: дык вы маё хадайніцтва прымаеце ці не? Яна адказала: не”.

Журналіст польскай газэты “Жэч Посполіта” Анджэй Пісальнік, журналістка Інэса Тодрык і Анжаліка Арэхва, — усе яны сябры Саюзу палякаў, — запатрабавалі судовую кнігу скаргаў.

Пісальнік: “Я напісаў скаргу на ахову суду Ленінскага раёну. Я запатрабаваў, каб пакаралі міліцыянтаў, якія ахоўваюць будынак суду, таму што яны парушылі мае грамадзянскія правы. Далей я напісаў, што зьяўляюся журналістам СМІ, акрэдытаванага пры МЗС Беларусі, і я выконваў службовыя абавязкі. Тое, што мяне не ўпусьцілі на адкрыты працэс, тым самым парушылі правы як журналіста. Я спадзяюся, што будзе нейкае рэагаваньне на маю скаргу”.

На ганку Ленінскага суду чакалі некалькі дзесяткаў сябраў Саюзу палякаў
Каля сарака чалавек, у тым ліку журналісты Польскага тэлебачаньня, мусілі чакаць на ганку суду дзьве з паловай гадзіны. Потым выйшаў адвакат, а затым Анжаліка Борыс, якая ў судзе выступае як сьведка Андрэя Пачобута. Яна патлумачыла, што ён заявіў хадайніцтва, каб на працэс выклікалі ў якасьці сьведкаў міліцыянтаў, а таксама кіраўніка праўладнага Саюзу палякаў Юзафа Лучніка, таму разгляд справы Пачобута ў першы дзень ня скончыцца. Пачуўшы гэта, актывісты Саюзу палякаў, якія чакалі каля судовага будынку, пачалі разыходзіцца. Разгляд справы Ігара Банцара адбудзецца наступнымі днямі.



Нагадаем, што 17 студзеня каля будынку праўладнага Саюзу палякаў сабралася прыблізна 150 чалавек — паплечнікаў Анжалікі Борыс. Людзі выказвалі абурэньне тым, што іх не пускаюць у “Дом палякаў”, збудаваны на грошы польскага ўраду. Акцыя працягвалася прыблізна паўтары гадзіны. Толькі напачатку сакавіка міліцыянты склалі пратакол за гэтую акцыю на трох актывістаў Саюзу палякаў — на Андрэя Пачобута, на Ігара Банцара і на Мечыслава Яскевіча. Апошні зь іх позву ў суд яшчэ не атрымліваў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG