Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Борыс: “Каб людзі маглі свабодна называцца палякамі”


Анжаліка Борыс

Анжаліка Борыс

Старшынёй Саюзу палякаў Беларусі паўторна абрана Анжаліка Борыс. Зьезд аб’яднаньня, якое не прызнаецца беларускімі ўладамі, адбыўся ў Горадні 15 сакавіка. Дэлегаты зьезду прынялі зварот да Аляксандра Лукашэнкі з прапановай наладзіць дыялёг паміж аб’яднаньнем і дзяржаўнымі структурамі, які павінен спрыяць афіцыйнай рэгістрацыі СПБ. Ці азначае гэта, што канфлікт вакол польскай меншасьці ў Беларусі разьвязаны? І як гэта будзе ўплываць на дыялёг паміж Эўропай і Беларусьсю? На пытаньні адказвае Анжаліка Борыс.

Карэспандэнт: Зьезд адбыўся. Ці азначае гэта, што сытуацыя вакол польскай меншасьці ў Беларусі ўрэгуляваная?

Борыс: “Зьезд адбыўся, і гэта найперш умацавала існаваньне арганізацыі. Бо было многа перашкодаў, але не зважаючы на гэта, дэлегаты зьявіліся і падтрымалі той кірунак, у якім мы працавалі ўсе гэтыя чатыры гады. Мы зьвярнуліся са зваротам да прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што мы ляяльныя грамадзяне Рэспублікі Беларусь. І нам залежыць на нармальным існаваньні. Як да гэтага паставяцца ўлады, мы, канечне, нея ведаем. І мы будзем працягваць тую саму лінію, якая была, будзем працягваць культурна-асьветніцкую дзейнасьць, і нам залежыць, канечне, на дыялёгу з уладамі”.

Карэспандэнт: Дыялёг з уладамі – якія пытаньні вы зьбіраецеся абмяркоўваць?

Борыс: “Галоўнае пытаньне – гэта легалізацыя арганізацыі. Калі пачнецца дыялёг, тады будуць і пытаньні, і кампрамісы. Пакуль яго няма. Я хацела б падзякаваць Аляксандру Мілінкевічу, які падтрымаў нас, браў удзел у зьезьдзе. І гэта як бы пацьвярджае, што мы грамадзяне Рэспублікі Беларусь, і што няма ніякай розьніцы паміж палякамі і беларусамі – нам усім залежыць на нармальным існаваньні нашай краіны, на яе незалежнасьці і дабрабыце”.

Карэспандэнт: Вы сказалі, што гатовыя да нейкіх кампрамісаў з уладамі...

Борыс: “Я скажу пра гэта, калі пачнецца дыялёг. Цяпер ня можна гаварыць пра нешта, пакуль гэтага дыялёгу няма”.

Карэспандэнт: Як вы далей бачыце вашы дачыненьні са створаным уладамі “Саюзам палякаў” пад кіраўніцтвам Юзафа Лучніка?

Борыс: “Канечне, існуе Юзаф Лучнік і існуюць палякі – і толькі. І вось яны сёньня выказалі свой пункт гледжаньня. Яны падтрымалі мяне, як старшыню Саюзу палякаў. І тым самым выказалі свой пункт гледжаньня”.

Карэспандэнт: Вядома, што ваш зьезд стаў адной з важных тэмаў у дачыненьнях паміж Варшавай і афіцыйным Менскам. У мэдыях пісалі і пра ўльтыматум афіцыйнаму Менску з боку Польшчы, і вінавацілі Варшаву ў немаральным гандлі з афіцыйным Менскам...

Борыс: “Мне залежыць на саюзе палякаў, як незалежнай, аўтэнтычнай арганізацыі. Я буду бараніць сяброў нашай арганізацыі. І наша сіла ў тым, што гэта аўтэнтычная арганізацыя, у якой прымаюць рашэньні самі людзі. Ні Менск, ні Варшава ня можа нам дапамагчы, калі б не было гэтых людзей. І ніводныя ультыматумы не дапамаглі б. Людзі – гэта падстава існаваньня грамадзкай арганізацыі. Мая мэта – каб гэтая арганізацыя існавала нармальна. Я для гэтага буду ўсё рабіць, не зважаючы ні на Менск, ні на Варшаву”.

Карэспандэнт: Ці азначае гэта, што цяпер, да прыкладу, польскі бок будзе спрыяць, каб на саміт Эўразьвязу ў Прагу быў запрошаны Аляксандар Лукашэнка, альбо Варшава будзе падтрымліваць скасаваньне санкцый?

Борыс: “Гэта вялікая палітыка. Мяне цікавіць Саюз палякаў на Беларусі. А не вялікая і глябальная палітыка. Будуць запрашаць Лукашэнку ці не – мяне гэта насамрэч не цікавіць. Мяне цікавіць, каб людзі маглі сябе свабодна называць палякамі, нармальна існаваць. Мне, як грамадзянцы Рэспублікі Беларусь, залежыць, каб паміж Беларусьсю і Эўропай, паміж Беларусьсю і Польшчай былі як найлепшыя стасункі. І нам ніхто не дапаможа, калі мы самі сабе не дапаможам. Калі б гэтая арганізацыя была штучнай, сёньня не адбыўся зьезд, то напэўна нам не дапамаглі б ні Варшава, ні Менск”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG