Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Карач

Дзесьці месяц таму да мяне ў дзьверы пазваніла міліцыя. Гэтым разам шукалі не мяне. Аказалася, што нехта выкінуў нованароджанае немаўля ў бак для сьмецьця ў двары майго дому, дзе яно замерзла да сьмерці на лютаўскім марозе. І міліцыя шукала жанчыну, якая выкінула сваё незаконнанароджанае дзіця…

Кароткая біяграфія

Вольга Карач нарадзілася ў Віцебску, скончыла школу з залатым мэдалём, узначальвала моладзевую арганізацыю “Сёмая грань”. Скончыла ВДУ імя Машэрава з чырвоным дыплёмам, паралельна ўзначальвала “Зубр”. Працавала ў школе выкладчыкам англійскай мовы. Была дэпутатам гарадзкога Савету 24-га скліканьня. Заснавальнік рэспубліканскай грамадзянскай кампаніі “Наш дом”. Старшыня арганізацыі АГП Віцебскай вобласьці. Замужам. Любіць італьянскія машыны, беларускую рыбалку і армянскую тутавую самагонку.
Прыкладна ў гэты ж час Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя абвясьціла сваю кампанію “Моцная сям’я — моцная Беларусь”.

На прэсавай канфэрэнцыі 2 лютага Павал Севярынец заявіў: “Хрысьціянскія дэмакраты ва ўсім сьвеце — гэта найпершыя ахоўнікі сям’і”.

Але мяне асобныя тэзы новай партыі прымушаюць прыгадаць не заходніх хрысьціянскіх дэмакратаў, а КПСС зь яе звычаем лезьці ў самую далікатную сфэру чалавечых адносінаў.

І калі Віталь Рымашэўскі заявіў на ўстаноўчым зьезьдзе партыі напрыканцы лютага, што БХД — не апазыцыйная партыя, ён цалкам меў рацыю.

Насамрэч у цяперашняй дзяржыдэалёгіі галоўнае — не “Лукашэнка назаўжды”. Галоўнае — што правільная мадэль паводзінаў заўсёды адна. А ўсё іншае — няправільнае, шкоднае, такое, што падлягае выкараненьню. Сьвет Аляксандра Лукашэнкі чорна-белы. Напрыклад, зараз правільная рэлігія — праваслаўе. Таму далоў каталіцкі крыж у Лельчыцах , а разам зь ім і ксяндза!

Але жах лукашызму ў тым, што ўлада заўтра можа і памяняцца, а вось прынцып дзяржаўнай ідэалёгіі — застацца. І заўтра новыя лукашэнкі, толькі пад іншымі прозьвішчамі, будуць гэтак жа зацята зносіць праваслаўныя крыжы і перасьледаваць праваслаўных сьвятароў. Для мяне неістотна, чые крыжы зносяць — істотна, што ў беларускім грамадзтве існуе падзел на “правільныя” і “няправільныя” крыжы.

1.Навошта я пішу блог

Гэта новая прастора для працы з насельніцтвам. Бо звычайныя каналы, празь якія палітык можа камунікаваць з насельніцтвам, — шматтыражныя газэты і тэлебачаньне — ужо занятыя іншым палітыкам. Да таго ж у блогу можна сказаць тое, што ніколі не надрукуюць у газэтах.

2. Што я больш за ўсё люблю ў блогах?

Хуткую зваротную сувязь. Не пасьпееш паставіць нейкі тэкст, як хтосьці ўжо адрэагаваў і напісаў камэнт. Адсутнасьць цэнзуры. Кожны блогер — сам сабе рэдактар.

3. Што я больш за ўсё не люблю ў блогах

Нянавісьць, нецярпімасьць і неталерантнасьць. Мат.

4. Пяць блогаў, якія я раю наведаць

paulyuk

Юры Дракахруст

pigbig

feduta

Аляксандар Класкоўскі

Новая партыя адпачатку абвясьціла змаганьне з правам людзей распараджацца сваім лёсам і сваім целам. Яна гаворыць: “Аборт — гэта забойства”. Гэта значыць, што “жанчына, якая робіць аборт, — забойца”.

Заўважце, БХД напала не на Лукашэнку — той можа па-мужчынску і здачы даць, — а на слабых безабаронных жанчын, якія прыніжаныя і расьціснутыя сваёй асабістай трагедыяй.

Адразу скажу: я асабіста ніколі ў жыцьці не рабіла аборт. Але я памятаю пра сотні тысяч, мільёны жанчын, якія пражылі жыцьцё ў Савецкім Саюзе, дзе прэзэрватывы трэба было шукаць днём з агнём і дзе хіба не адзіным спосабам кантраляваць сваю цяжарнасьць быў аборт. І гэта была апэрацыя “жыўцом”, без наркозу.

Калі Зьміцер Дашкевіч ці Аляксей Шэін наіўна мяркуюць, што жанчыны ідуць на аборт ад жаданьня атрымаць новую асалоду, то яны глыбока памыляюцца. Псыхалягічны стрэс, дэпрэсія, пачуцьцё віны — вось якая “спадчына” дастаецца кожнай жанчыне, якая ідзе на аборт.

І да чаго ж можа прывесьці рэалізацыя “высокамаральнай” тэзы, абвешчанай новай партыяй?

1. Да росквіту карупцыі і хабару сярод мэдыкаў. Чым больш забаронаў, тым даражэй каштуе іх абысьці.

2. Да рызыкі здароўем і жыцьцём жанчын, якія па зьбегу абставінаў усё ж рашыліся на аборт — незаконны і падпольны. Але гэта, відаць, не аргумэнт. Калі БХД прыраўноўвае аборты да забойстваў, то чаго шкадаваць гэтых жанчын, якія нагулялі дзіця па-за межамі “моцнай сям’і”? Такім ня месца ў той сьветлай будучыні, якую будуе БХД.

3. Да вось такіх вось выкінутых немаўлят, замерзлых у баку для сьмецьця, — ахвяраў сацыяльных забаронаў і табу.

Прыгадваецца герой старажытнага эпасу цар Пракруст. Ён пакутаваў ад недасканаласьці гэтага сьвету і гэтых людзей і знайшоў спосаб іх паляпшэньня: зрабіў ложак пад памер сябе, любімага. А з астатнімі паступаў проста: ці адсякаў лішняе, калі рост быў завялікі, ці выцягваў, калі замалы.

Тое, што Павал Севярынец разумее пад “прынцыпамі праўды, свабоды і справядлівасьці”, чамусьці да болю нагадвае прынцыпы старога пэрфэкцыяніста Пракруста. Ён таксама хацеў зрабіць сьвет лепшым і нават ведаў як.

Ужо не КПСС імем Маркса-Леніна-Сталіна, а БХД імем Боскім будзе рабіць выбар за нас. І паспрабуйце не паслухацца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG