Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Што бяруць пад кантроль прафсаюзы -- крызіс альбо незадаволеных рабочых?


Кіраўніцтва віцебскай абласной структуры Фэдэрацыі прафасаюзаў Беларускай заявіла, што будзе праводзіць маніторынг сытуацый, зьвязаных з сусьветным фінансавым крызісам, каб бараніць работнікаў ад скарачэньняў ды іншых праблем. Але працаўнікам прадпрыемстваў, дзе наступствы крызісу ўжо адчувальныя, пра гэта нічога не вядома.


Рашэньне пра сацыяльна-эканамічны маніторынг на прадпрыемствах і ў арганізацыях вобласьці стала вынікам круглага стала “Выклікі сусьветнага фінансава-эканамічнага крызісу: аб’яднаем намаганьні”, які днямі правялі ў Віцебску. Для гэтага ў абласным аб”яднаньні прафсаюзаў стварылі рабочую групу, якая мусіць зьбіраць інфармацыю пра затрымку заробкаў, невыкананьне працоўных дамоваў або адмову ў сацыяльных гарантыях.

Аднак рашэньне абласнога кіраўніцтва да саміх працаўнікоў мясцовыя суполкі не давялі. На думку Васіля Леўчанкава, старшыні Незалежнага прафсаюзу прадпрыемства “Лёс”, якое месьціцца ў мястэчку Барань Аршанскага раёну, такія ініцыятывы мусяць шырока абмяркоўвацца на сходах працоўнага калектыву, але на заводзе нічога падобнага не было:

я лічу, што нарадзілася яна недзе ў ідэалягічным аддзеле аблвыканкаму і без усялякіх прафсаюзаў: каб пераканаць людзей ды ўвесь сьвет, што Беларусь і крызіс – рэчы несумяшчальныя
“На нашым прадпрыемстве нічога пра гэтую ініцыятыву не вядома. І я лічу, што нарадзілася яна недзе ў ідэалягічным аддзеле аблвыканкаму і без усялякіх прафсаюзаў: каб пераканаць людзей ды ўвесь сьвет, што Беларусь і крызіс – рэчы несумяшчальныя. А ў нас на прадпрыемстве якраз цяпер абмежавалі выкарыстаньне электрычнасьці і ацяпленьня, бо няма чым заплаціць”.

Паводле Васіля Леўчанкава, гэтыя факты якраз падыходзяць для фіксаваньня рабочай групай дзяржаўнага прафсаюзу. Але ён нібыта не заўважае ўскладненьня сытуацыі на прадпрыемстве. З сёньняшняга дня сябры суполкі прафсаюзу Незалежнага зьбіраюцца праводзіць апытаньне працаўнікоў, і калі людзі не пабаяцца змагацца за якасныя ўмовы працы, будзе складзены калектыўны ліст да адміністрацыі заводу.

Пра некаторыя факты, якія мусіла б узяць на заметку група маніторынгу фэдэрацыі прафсаюзаў, распавялі і работнікі полацкага прадпрыемства “Шкловалакно”. Там адміністрацыя шырока практыкуе адпачынак за ўласны кошт, бо склады заводу перапоўненыя. Але пра тое, што афіцыйны прафсаюз ўзяўся адсочваць такія выпадкі, прычым у маштабах усяе вобласьці, тут ня ведаюць таксама.

Намесьнік старшыні суполкі Свабоднага прафсаюзу полацкага прадпрыемства “Шкловалакно” Мікола Шарах лічыць, што афіцыйнае рашэньне пра маніторынг – гэта фікцыя, і праўладны прафсаюз усяго толькі перастрахоўваецца на той выпадак, калі цяперашняе ціхае незадавальненьне ў працоўных калектывах раптам перарасьце ў сапраўдныя страйкі ды іншыя пратэстныя акцыі, як гэта было ў 90-я гады:

“Афіцыйныя прафсаюзы заўжды балі на баку ўлады. І, абпаліўшыся на страйкавым руху, калі былі пачыналі стварацца незалежныя прафсаюзы, яны ўлічылі той досьвед. І цяпер працуюць на апярэджаньне -- вывучаюць стан сацыяльнай напружанасьці на прадпрыемствах, каб прымаць прэвэнтыўныя меры”
.
Згодна з інфармацыяй, якую распаўсюдзілі дзяржаўныя віцебскія СМІ, цытуючы старшыню абласной структуры ФПБ Уладзімера Фурсава, мэтай маніторынгу сапраўды мусіць стаць папярэджаньне магчымых канфліктных сытуацый у працоўных калектывах. Але не шляхам выкрываньня нейкіх наяўных парушэньняў у дачыненьні да шараговых работнікаў, а найперш за кошт ідэалягічнай працы. Так, усім мясцовым прафсаюзным структурам рэкамэндавана актывізаваць інфармацыйную работу ў працоўных калектывах -- па меры магчымасьцяў супакойваць працаўнікоў і не дапускаць адкрытых праяваў пратэсту.
XS
SM
MD
LG