Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самакірававаньне паспрыяе адолець крызіс


Каардынацыйная рада Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Гомельскай вобласьці накіравала зварот у аблвыканкам і абласны Савет дэпутатаў. Дэмакратычныя актывісты, не чакаючы пакуль улады зьвернуцца да іх самі, прапануюць скарыстаць патэнцыял грамадзянскай супольнасьці дзеля вырашэньня сацыяльна-эканамічных праблем рэгіёну, зьмяншэньня наступстваў крызісу.


Вось што гаворыць сябра рады АДС, кіраўнік абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў:

“Мы накіроўваем у аблвыканкам і абласны Савет зварот, у якім прапануем перагледзець стасункі, якія ўсталяваліся цяпер паміж выканаўчай уладай і органамі мясцовага самакіраваньня. Насамрэч самакіраваньне на сёньняшні дзень у нас адсутнічае. Без падвышэньня ролі Саветаў, без разьвіцьця самакіраваньня немагчымы рух наперад, немагчыма пераадолець цяперашнія крызісныя зьявы”.

Актывісты прапануюць стварыць антыкрызісны камітэт, перагледзяць мясцовыя бюджэты з мэтай скарачэньня выдаткаў на ўтрыманьне шматлікіх ідэалягічных структур. І ня толькі: Васіль Палякоў працягвае.

“У цяперашніх умовах неабходна скараціць выдаткі на сацыяльныя аб’екты, якія ня маюць першачарговага значэньня. Гэта лядовыя палацы, расходы на ўсялякія “дажынкі”, розныя карнавалы, “базары” і так далей. Сродкі трэба накіроўваць на стварэньне новых працоўных месцаў з тым, каб у крызісных умовах людзі не заставаліся бяз працы”.

А палітык і грамадзкі актывіст са Жлобіну Марат Афанасьеў прапануе мясцовым уладам распрацаваць праграму энэргазьберажэньня:

“Я прапанаваў сабраць спэцыялістаў і распрацаваць раённую праграму энэргазьберажэньня. Цяпер у горадзе шмат карыстальнікаў, у якіх пытаньнямі энэргазьберажэньня практычна ніхто не займаецца. Калі нават прайсьціся ўздоўж гарадзкіх цеплатрасаў, бачна, што губляецца ня тры-чатыры ці дзесяць адсоткаў цеплаэнэргіі. Навідавоку 30 ці нават усе 40 адсоткаў стратаў цеплавой энэргіі”.

Дарэчы, жлобінскія ўлады пакуль ніяк не адрэагавалі на прапанову актывіста. Што да звароту абласной каардынацыйнай рады АДС, то рэакцыі мясцовых уладаў падпісанты зь ліку паўтара дзесяткаў буйнейшых палітычных і грамадзкіх структур рэгіёну наважаны чакаць цягам месяца.

XS
SM
MD
LG