Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд Цэнтральнага раёну Гомеля аштрафаваў на 525 тысячаў рублёў удзельнікаў акцыі ў падтрымку роднай мовы.


Судзьдзя Алена Цалкова прызнала жыхара Гомеля Андрэя Папова ўдзельнікам несанкцыянаванага мерапрыемства.

4 сакавіка Папоў прызнаў, што ўдзельнічаў у акцыі. Паводле словаў хлопца, ён быў упэўнены, акцыя адбываецца паводле закону. “Я пераканаўся ў сваіх здагадках, што акцыя не супярэчыць закону, калі да нас падышоў міліцыянт і папярэдзіў, каб не рабілі супрацьзаконных дзеяньняў. Але мы-та нічога не зьдзяйсьнялі”, - цытуе БелаПАН словы Папова.

Раней суд пакараў чатырох ўдзельнікі акцыі ў абарону беларускай мовы.

21 лютага ў Міжнародны дзень роднай мовы маладзёны ішлі па вуліцы Савецкай, каб ускласьці кветкі да помніка Кірылу Тураўскаму. Апрача гвазьдзікоў у руках яны трымалі лісткі паперы з надпісамі “Родная мова” са штампам па-расейску: “Запрещено”. Раты ва ўдзельнікаў акцыі былі завязаныя чырвона-зялёнымі стужкамі.

Міліцыянты затрымалі маладзёнаў і адвезьлі ў Цэнтральны РАУС, дзе трымалі іх амаль 6 гадзінаў. На ўсіх складзены адміністрацыйныя пратаколы за “парушэньне правілаў правядзеньня вулічных акцый” паводле ч.1, артыкула 23.34 КаАП.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG