Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арышт і штрафы за родную мову


Суд Цэнтральнага раёну Гомелю.
Суд Цэнтральнага раёну Гомелю.
Сёньня ў судзе Цэнтральнага раёну Гомеля разглядалі справы чатырох удзельнікаў акцыі ў абарону беларускай мовы, праведзенай 21 лютага — у Міжнародны дзень роднай мовы. Аднаго арыштавалі, на траіх наклалі буйныя штрафы.

Кастуся Жукоўскага, каардынатара стваранай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”, судзьдзя Марына Дамненка пакарала арыштам на 7 сутак. Капітан міліцыі Шукель, выкліканы на паседжаньне з Цэнтральнага райаддзелу міліцыі, літаральна выштурхнуў спадара Жукоўскага з будынку суду, каб везьці ў ізалятар адбываць суткі.

Арыштаваны толькі й здолеў выгукнуць, што з выракам ня згодны:

“Гэта ёсьць ганьба, ганьба за беларускую мову. Але мы ўсё роўна пераможам!”

Кастусь ды іншыя маладыя гамельчукі ў дзень роднай мовы ішлі па вуліцы Савецкай, каб ускласьці кветкі да помніка праваслаўнаму асьветніку Кірылу Тураўскаму. Апрача гвазьдзікоў, у руках яны трымалі аркушы паперы, памерам 20 на 30 сантымэтраў, з надпісамі “Родная мова” й сінім штампам па-расейску: “Запрещено”. Раты ў маладзёнаў былі завязаныя чырвона-зялёнымі стужкамі.

Па дарозе да помніка міліцыянты з роты хуткага рэагаваньня палку патрульна-паставой службы абласной міліцыі, апранутыя ў чорныя цывільныя курткі, схапілі сямёх удзельнікаў акцыі й завезьлі ў Цэнтральны РАУС. Да іх далучылі й дваіх журналістаў. У пастарунку трымалі каго чатыры, а каго амаль шэсьць гадзінаў. На ўсіх склалі адміністрацыйныя пратаколы за “парушэньне правілаў правядзеньня вулічных акцый”, якія й накіравалі ў суд.

Аштрафаваная на 1 мільён 750 тысяч рублёў мастак-дызайнэр Марыся Тульжанкова так пракамэнтавала затрыманьні й прысуды:

Мы як грамадзяне мелі права на сваё слова, на ўскладаньне кветак. Пакуль жа яшчэ не было забароны на ўскладаньне кветак.
“Гэта незаконна, абсалютна незаконна. Гэта — суд над роднай мовай! Рэальна мы як грамадзяне мелі права на сваё слова, на ўскладаньне кветак. Пакуль жа яшчэ не было забароны на ўскладаньне кветак. Тое, што нас затрымалі незаконна, не назвалі сябе, зацягнулі ў аўтобус — гэта парушэньне нашых правоў. Гэта ўвогуле гвалт”.

Што ў Гомелі існуюць вялікія праблемы зь беларускай мовай, паказаў ня толькі суботні флэш-моб, але й сёньняшнія судовыя разборы. Судзьдзі беларускай мовы ня ведаюць. Марына Дамненка наагул адхіліла патрабаваньне спадарыні Тульжанковай весьці разбор на беларускай мове, спасылаючыся на тое, што ў мінулым годзе тая пісала скаргу на рашэньне суду па-расейску. І калі дзяўчына ўвогуле адмовілася адказваць на пытаньні, судзьдзя абвясьціла перапынак, каб выклікаць з унівэрсытэту ў суд перакладчыка з расейскай мовы на беларускую.

Прадстаўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту Алесь Яўсеенка, які прысутнічаў на разглядзе адміністрацыйных спраў за акцыю ў абарону роднай мовы, лічыць, што моладзь трапна абазначыла праблему:

Беларуская мова — дзяржаўная. Як жа можна адмаўляць у хадайніцтве весьці разбор на дзяржаўнай мове?!
“Рашэньні суду паказваюць рэпрэсіўны характар прымяненьня заканадаўства. Улады не перабудоўваюцца, нягледзячы на дэклярацыі прэзыдэнта. Праблемы існуюць і з мовай. У нашым паўмільённым горадзе няма ніводнай беларускамоўнай школы. Ёсьць адна гімназія № 36 імя Івана Мележа, але й там толькі палова клясаў беларускія.

Самымі судамі не выконваецца закон аб мовах. Беларуская мова — дзяржаўная. Як жа можна адмаўляць у хадайніцтве весьці разбор на дзяржаўнай мове?!“

Марына Дамненка пакарала таксама штрафам на 1 мільён 750 тысяч рублёў удзельніка акцыі Васіля Такарэнку. Судзьдзя Алена Цалкова аштрафавала на 700 тысяч рублёў студэнта Алеся Вярцейку, які выпадкова далучыўся да акцыі.

Разгляд адміністрацыйных спраў у дачыненьні да сяброў БАЖ Зьмітра Кармазіна й Алега Рыжкова перанесены на заўтра — яны запатрабавалі адваката.

Астатнія ўдзельнікі акцыі ў абарону роднай мовы чакаюць позваў у суд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG