Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мне далі палітычны штраф”


Суд Цэнтральнага раёну Гомелю

Суд Цэнтральнага раёну Гомелю

Сёньня судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Марына Дамненка пакарала штрафамі ў памеры 20 базавых велічыняў сяброў Беларускай асацыяцыі журналістаў Зьмітра Кармазіна й Алега Ражкова. Іх абвясьцілі вінаватымі ў “парушэньні правілаў правядзеньня вулічных акцый”, хоць абодва толькі зьбіралі інфармацыю пра тое, чаму маладыя гамельчукі выйшлі абараняць родную мову.

Гаворыць пакараны штрафам сябра БАЖ спадар Кармазін:

“Я — журналіст. Я маю права займацца сваёй прафэсійнай дзейнасьцю. Я наагул не разумею, за што мяне засудзілі. Я магу думаць, што міліцыянты ня ведаюць закону аб СМІ, але ж суд яго ведаць павінен.

Мне далі палітычны штраф. Я журналіст, я ў гэтай акцыі ня ўдзельнічаў.

У мяне было пасьведчаньне БАЖ. Калі мяне міліцыянты затрымалі, яны тым самым абмежавалі мае правы. А суд на дадатак за гэта мяне яшчэ й пакараў“.

На замову адваката й абвінавачаных судзьдзя Дамненка адхіліла ўсе хадайніцтвы, каб выклікаць на паседжаньне міліцыянтаў, іншых сьведкаў, каб спраўдзіць абвінаваўчыя пратаколы супраць журналістаў і дакладна высьветліць, чым тыя насамрэч займаліся.

Алег Ражкоў таксама абураны штрафам. У акцыі ён удзелу ня браў, а толькі здымаў яе на відэакамэру:

“Гэта зусім несправядліва. Судзьдзя не паглыблялася ў разбор. Я ажыцьцяўляў сваю прафэсійную дзейнасьць, але на гэта судзьдзя не зьвярнула ніякай увагі. І мяне аштрафавалі на 700 тысяч рублёў!”

Таксама сёньня Гомельская абласная пракуратура вынесла папярэджаньне сябру БАЖ Тацьцяне Бублікавай за дзеяньні, як сказана, “на карысьць тэлекампаніі БелСАТ, якая ажыцьцяўляе вяшчаньне на Беларусь з тэрыторыі Польшчы”.



21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, у Гомелі адбылася вулічная акцыя ў абарону роднай мовы. Журналістаў Кармазіна й Рыжкова падманам затрымаў капітан міліцыі Сяргей Алейнік, калі яны былі далёка ад удзельнікаў акцыі.

Міліцыянт заявіў, што яны нібыта падобныя да двух нападнікаў, якія зьбілі чалавека. Аднак у пастарунку ніякага апазнаньня не было. На журналістаў склалі пратаколы за “парушэньне правілаў правядзеньня вулічных акцый”, якія й даслалі ў суд.

Напярэдадні ў тым жа Цэнтральным судзе Гомеля за флэш-моб у абарону беларускай мовы, які ладзіўся ў міжнародны Дзень роднай мовы, аднаго з удзельнікаў арыштавалі на 7 сутак, а трох іншых пакаралі буйнымі штрафамі — ад 700 тысяч да 1 мільёну 750 тысяч рублёў.
XS
SM
MD
LG