Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Новы час" уганараваны прэміяй


Аляксей Кароль, галоўны рэдактар газэты "Новы час"

Аляксей Кароль, галоўны рэдактар газэты "Новы час"

Беларускі тыднёвік «Новы час» атрымаў міжнародную прэмію імя нямецкага выдаўца Герда Буцэрыюса «Маладая прэса Ўсходняй Эўропы — 2009» Такое рашэньне прыняло міжнароднае журы, у якое ўвайшлі вядомыя заходнеэўрапейскія журналісты і грамадзкія дзеячы.

Варта дадаць, што сярод тых, хто вылучыў “Новы час” на прэмію, быў намесьнік міністра замежных спраў Нямеччыны Гернот Эрлер. Усяго журы разгледзела 46 прапаноў. У выніку ляўрэатамі былі названыя тры выданьні і чацьвёра журналістаў зь Беларусі, Расеі, Грузіі, Армэніі і Азэрбайджану.

Міжнародная прэмія будзе ўручаная 3 чэрвеня ў Нобэлеўскім інстытуце ў Осла.

Прэмія імя Герда Буцэрыюса “Маладая прэса Ўсходняй Эўропы” была заснаваная ў 1999 годзе нямецкім фондам “Zeit-Stiftung”. Заснавальнік гэтага фонду — Герд Буцэрыюс, вядомы выдавец, юрыст, палітык, які цягам усяго свайго жыцьця выступаў за свабоду слова.

У ранейшыя гады прэмію “Маладая прэса Ўсходняй Эўропы” атрымлівалі інфармацыйная кампанія БелаПАН, беларускія газэты “Віцебскі кур’ер”, “Белорусский рынок”, “Пагоня”, “Салідарнасьць” і іншыя незалежныя СМІ.
XS
SM
MD
LG