Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ паўгода таму беларускія вытворцы харчаваньня лёгка знаходзілі спажыўцоў у Расеі. Ва ўмовах крызысу сітуацыя кардынальна зьмянілася.

Міністэрства статыстыкі Беларусі паведаміла, што нерэалізаваныя запасы сухога малака павялічыліся сёлета ажно ў 10 разоў. Спэцыялісты лічаць гэта адмоўным вынікам расейскай атэстацыі беларускіх малаказаводаў, а таксама павелічэньня мытнай пошліны на ўвоз прадукцыі з малака ў Расею.

Беларускія цэны нават для Масквы дарагія.
Да прыкладу, маскоўская кампанія “Продснаб”, якая забясьпечвае для сталіцы Расеі вялікія закупы сухога малака, адмаўляецца пакуль ад беларускага. Прычыну тлумачыць маскоўскі мэнэджэр Марына Ільіна:

“Ведаеце, што Беларусі трэба зрабіць? Першае: зьнізіць кошты, каб пастаўка была таньнейшая. Бо тое, што прапануюць — дорага. Гэтыя цэны не для Масквы. А другая ўмова — гэта якасьць. Іншы раз здараецца, што якасьць дрэнная”.

Расея ўвозіць прыкладна 64 тысячы тон сухога малака штогод. 70 працэнтаў ад гэтай колькасьці раней экспартавалася зь Беларусі. Цяпер жа Малочны саюз Расеі пераканаў урад Уладзімера Пуціна, што для прадукцыі зь Беларусі трэба ўвесьці абмежаваньні. Расейцы лічаць малочнікаў Беларусі сваімі канкурэнтамі.

Што будзе заўтра — прагназаваць цяжка.
У выніку — як сёньня паведамілі, напрыклад, з Клецкага масларобчага камбінату — тут утварыліся залежы сухога малака. Клецкі мэнэджэр Натальля вінаваціць расейскіх спажыўцоў:

“Вядома, апошнім часам было вельмі цяжка. Расея мала набывала. Але на дадзеным этапе — у пятніцу — мы прадалі на біржы і прадаём акрамя гэтага”.

Цікаўлюся ў суразмоўніцы, ці задавальняюць Клецкі масларобчы камбінат цэны на прададзенае сухое малако. Тая адказвае адмоўна:

“Па цане — не! Я б не сказала, што яна нас задавальняе”.

Абавязкі дырэктара Клецкага масларобчага камбінату выконвае цяпер Аляксандар Шчука. Ён кажа, што сухое малако на экспарт прадае толькі Беларуская ўнівэрсальная таварная біржа. Таму кошты для ўсіх пастаўшчыкоў — аднолькавыя. Меркаваньне дырэктара Аляксандра Шчукі:

“Хацелася б, каб кошты былі вышэйшыя. Але пакуль яны спыніліся. Спынілася трошкі падзеньне. А што будзе далей — прагназаваць сёньня цяжка…”

З племзаводу “Чырвоная зорка” Клецкага раёну паведамілі, што раённае кіраўніцтва загадала ім тэрмінова набыць 10 тон сухога малака вытворчасьці мясцовага масларобчага камбінату. Зь перапоўненага склада малако вярнулася на фэрмы. Ім тут адпойваюць маладняк.



У Беларусі, паводле дадзеных міністэрства сельскай гаспадаркі й харчаваньня, цягам году атрымліваюць 6,8 мільёна тон малака. Унутраныя патрэбы краіны ў гэтым прадукце — 3 мільёны тон. Астатняе краіна прапаноўвае Расеі, бо на сёньня ніводзін з 144 малаказаводаў, якія ёсьць у Беларусі, не вырабляе прадукцыю, адпаведную стандартам Эўразьвязу.
XS
SM
MD
LG