Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заклікаў да “захопу” замежных рынкаў


Аляксандар Лукашэнка працягвае інспэктаваць беларускія прадпрыемствы. На мінулым тыдні, наведваючы вытворчае аб’яднаньне “Лідсельмаш”, кіраўнік краіны папярэдзіў: у першую чаргу ён будзе знаёміцца з досьведам пасьпяховых суб’ектаў гаспадараньня, на якіх падчас крызісу маюць арыентавацца іншыя, а ўжо потым зоймецца эканамічнымі аўтсайдэрамі. Сёньня ў шэраг узорных трапіла магілёўскае акцыянэрнае таварыства для вырабу малочных прадуктаў “Бабушкіна крынка”, на мадэрнізацыю якога Лукашэнка загадаў выдаткаваць больш за 3,5 мільярды рублёў.

Наведваючы магілёўскі малочны камбінат, Аляксандар Лукашэнка пачаў з тых жа заяваў, што і тыдзень таму ў Лідзе. На яго перакананьне, трэба шукаць спосабы скарачэньня выдаткаў, каб зьніжаць сабекошт прадукцыі. Пры гэтым падкрэсьліў: цэны закупу на сельгаспрадукцыю падвышацца ня будуць. І папярэдзіў міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня Шапіру: “У цябе зь перапрацоўшчыкамі 4 месяцы, каб выйсьці на рэнтабэльную працу”.

“Наконт закупных коштаў мы павінны даць зразумелы сыгнал нашым вытворцам — старшыням калгасаў, дырэктарам саўгасаў, фэрмэрам. Пра закупныя кошты трэба забыцца ўвогуле. Вось якія яны ёсьць, вышэйшымі ўжо быць ня могуць. Ніхто сёньня ня мае права патрабаваць вышэйшых закупных коштаў на малако, мяса, сельгаспрадукцыю. Трэба шукаць, калі ты нерэнтабэльны, скарачэньня выдаткаў, сабекошту прадукцыі ў сябе. Патаньнелі нафтапрадукты, вуглевадародная сыравіна, патаньнелі ўгнаеньні, патаньнела ўсё. І нават калі б не патаньнелі, у нас застаецца мора безгаспадарнасьці і арганізацыйных пытаньняў, дзе можна скарачаць сабекошт. Таму з закупнымі коштамі напярэдадні пасяўной — кропка”.

Таксама Лукашэнка адзначыў: да пытаньня прыватызацыі прадпрыемстваў перапрацоўчай галіны трэба ставіцца вельмі “асьцярожна”: маўляў, перапрацоўка малака і мяса — стратэгічныя галіны, якія могуць пачакаць. Ён нагадаў, што за апошнія гады ў мадэрнізацыю галіны ўкладзена больш за мільярд даляраў, таму неабачліва было б аддаць канкурэнтаздольныя прадпрыемствы нейкаму “дзядзьку”.

На тле зьмяншэньня сабекошту прадукцыі Лукашэнка заклікаў вытворцаў да “захопу” замежных рынкаў. У прыватнасьці, для працаўнікоў “Бабушкіной крынкі” сярод асабліва важных кірункаў ён назваў Іран, Вэнэсуэлу, краіны Паўночнай Афрыкі.

Цяпер асноўная маса магілёўскай прадукцыі ідзе ў Расею, аднак у зьвязку з крызісам “малочныя рэкі” істотна мялеюць. Як заявіў напярэдадні ў справаздачы Аляксандру Лукашэнку прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі, найважнейшая задача — вырашэньне праблемы неплацяжоў з Расеяй, асноўным гандлёвым партнэрам. Разам з тым, як паказвае досьвед, расейскі ўрад усё больш заклапочаны палітыкай імпартазамяшчэньня, у якой замежным вытворцам месца застаецца ўсё меней.

Эканаміст Сяргей Чалы, які ў сярэдзіне 1990-х працаваў у аналітычным дэпартамэнце адміністрацыі прэзыдэнта, зазначае: фактычна ад пачатку 1990-х Беларусь актыўна паразытавала на Расеі. Узамен на абяцаньне стратэгічнага сяброўства кіраўніцтва краіны атрымлівала за бесцань матэрыяльныя і сыравінныя рэсурсы, на грунце чаго ўзьнік міт пра “беларускі эканамічны цуд”. Аднак насамрэч ніякіх структурных рэформаў за гэты час не праведзена, што не дае падставаў казаць пра канкурэнтаздольнасьць беларускай прадукцыі ў сьвеце:

“У чым асноўная праблема беларускай эканомікі? Па сутнасьці, у нас засталася нерэфармаваная савецкая мадэль. Структурны дэфіцыт плацёжнага балянсу зьвязаны з тым, што мы традыцыйна заўсёды больш спажывалі, чым зараблялі, то бок экспартавалі. І гэтая праблема не вырашаецца без структурных рэформаў. У нас атрымалася парадаксальная сытуацыя: чым большы ў нас быў валавы ўнутраны прадукт (ВУП), чым хутчэй мы расьлі, тым большай у нас была гэтая дзірка. Да таго часу, пакуль гэтая дзірка фінансавалася альбо за кошт крэдытаў, альбо павелічэньнем зьнешняй запазычанасьці, усё было нармальна. То бок пакуль былі краіны, якія жадалі нас фінансаваць — у прыватнасьці, Расея, якая, па розных ацэнках, да пятай часткі нашага ВУП спансіравала, — было добра. Як толькі гэта скончылася, уся наша мадэль, якая ў такім выглядзе існавала апошнія гадоў 10, аказалася нежыцьцяздольнай у такім выглядзе без структурных рэформаў”.

У Магілёве Аляксандар Лукашэнка зрабіў і шэраг палітычных заяваў. У прыватнасьці, зазначыў, што не дапусьціць у краіне “тэрору”. Камэнтуючы затрыманьне ваўкавыскіх прадпрымальнікаў, якіх падазраюць у вырабе выбуховых прыстасаваньняў, ён сказаў, што ўлады будуць жорстка спыняць праявы экстрэмісцкай дзейнасьці. Апроч таго, Лукашэнка папярэдзіў, што спробы скіраваць перамовы з Захадам у рэчышча ягоных унутраных апанэнтаў беспэрспэктыўныя. Таксама Лукашэнка скрытыкаваў вядучыя краіны сьвету за пратэкцыянізм адносна сваіх вытворцаў, тым часам як маладыя краіны сутыкаюцца са шматлікімі праблемамі ў выхадзе на замежныя рынкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG