Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Г.Бураўкін: “У Тараса быў высокі чалавечы аўтарытэт”


Валянцін Тарас

Валянцін Тарас

Пра паэта, празаіка, публіцыста і перакладчыка Валянціна Тараса, які памёр у пятніцу, гаворыць яго сябра паэт Генадзь Бураўкін.

Многія дзесяцігодзьдзі жыло адчуваньне, што сярод людзей, якія цябе разумеюць, зь якімі лёгка разам за прынцыпы ваяваць, абавязкова ёсьць Валянцін Тарас.
Адчуваньне таго, што ён побач, што ён твой сябра, у мяне было яшчэ з даўніх унівэрсытэцкіх часоў. Валянцін, праўда, быў на некалькі курсаў старэйшы, але і ў яго ўжо былі літаратурныя зацікаўленьні, і ў нас – у мяне, у Рыгора Барадуліна... І з таго часу Валянцін Тарас для нас калега, а пасьля й сябра.

Асабліва блізка мы зь ім сышліся ў апошнія дзесяцігодзьдзі – тады, калі пачаліся працэсы дэмакратызацыі, калі пачалася сапраўдная барацьба за незалежнасьць Беларусі, за прынцыпы нацыянальнага адраджэньня. Валянцін тады аказаўся яшчэ больш блізкі да нас і да мяне.

Быкаў пісаў праўду пра франтавую вайну, а Валянцін – пра партызанскую

Я высока заўсёды цаніў яго літаратурны талент, цаніў вершы яго, якія ён даўно пісаў. А потым для мяне нечакана трохі ён пачаў пісаць прозу, і проза была вельмі цікавая, праўдзівая, партызанская, бо Валянцін яшчэ, акрамя таго, што ён быў цікавы, таленавіты пісьменьнік, быў яшчэ вельмі цікавы чалавек. Ён хлапчуком пайшоў у партызаны і (ён пра гэта амаль ніколі не гаварыў) быў адзін з тых, хто заслужана насіў мэдаль партызана Вялікай Айчыннай вайны.

Ягоныя партызанскія апавяданьні (іх друкаваў часопіс “Юность”, які ў той час меў шмат мільёнаў чытачоў) вельмі праўдзівыя, вельмі цікавыя. Дарэчы, якраз пасьля тых публікацый яны асабліва блізка сышліся з Васілём Быкавым, які пісаў праўду пра франтавую вайну, а Валянцін пісаў праўду пра партызанскую вайну.

Ён быў, акрамя ўсяго іншага, вельмі добрым перакладчыкам беларускай перш за ўсё паэзіі. Я магу засьведчыць, што адны з найлепшых перакладаў маіх вершаў на рускую мову – гэта пераклады Валянціна. Бо ў нас была, відаць, сугучнасьць і душ нашых, і лірыкі нашай. Я ўжо не кажу пра тое, што ягоны пераклад Маркеса “Восень патрыярха” – гэта была зьява ня толькі беларускага духоўнага жыцьця, а зьява ўсесаюзная, калі часопіс “Нёман” з гэтым перакладам шукалі і зачытвалі да дзірак.

Ягоная пазыцыя была пацьверджаная ўсім ягоным жыцьцём

Але, акрамя аўтарытэту літаратурнага, у Валянціна быў высокі аўтарытэт чалавечы. Ён быў чалавекам прынцыповым, ён не баяўся адстойваць свае пазыцыі, рабіў гэта горача, часам можа залішне горача, але заўсёды сумленна і заўсёды доказна, чаго ў наш бурны той час перамен, можа быць, таму-сяму не хапала. А ў Валянціна гэтая пазыцыя была ня проста заяўленая – яна была пацьверджаная ўсім ягоным жыцьцём, усёй ягонай творчасьцю, усёй ягонай дзейнасьцю.

Зусім нядаўна мы зь ім былі ў хаце Алеся Адамовіча з Адамовічавымі жонкай, з дачкой, бо ў той дзень споўнілася 15 гадоў з дня сьмерці Алеся Адамовіча. Мы зь ім сядзелі, успаміналі Алеся, і, хаця быў ён ужо, відавочна, слабы, але ён быў аптымістам, ён успамінаў сваіх сяброў: і Алеся Адамовіча, і Васіля Быкава, і Навума Кісьліка, і Рыгора Бярозкіна, і Аляксандра Дракахруста, – і ня верылася, што тыя ўспаміны горкія, што яны былі быццам нейкім падыходам да разьвітаньня.

Заўсёды я знаў, што побач стаіць Валянцін

Мне вельмі сёньня ўдарыла па сэрцы, па душы гэтая навіна страшная, што Валянціна няма. Гэта горка, бо ён быў вельмі прыкметнай фігурай у нашым Саюзе беларускіх пісьменьнікаў, у нашым ПЭН-цэнтры. На яго азіраліся маладзейшыя, да яго ацэнак, да яго парад прыслухоўваліся... Мне горка: заўсёды я знаў, што побач стаіць Валянцін, і калі што будзе цяжка, ён абавязкова дапаможа, а цяпер, аказваецца, я азірнуся, а яго няма, няма ягонага цёплага, надзейнага пляча.

Хоць, праўда, ён усё роўна будзе: будзе тымі кнігамі сваімі, якія пасьля яго засталіся, тым сваім жыцьцём сумленным, мужным, чыстым, цалкам аддадзеным Беларусі. Ён бясспрэчна будзе з роднай Беларусьсю, ён бясспрэчна будзе з намі, але шкада, што ён ужо не напіша ні новых старонак на сваёй “Высьпе ўспамінаў”, ні новых перакладаў ня зробіць, ужо ня прыйдзе на нашыя сходы і ня ўстане ў час самых гарачых спрэчак і ня скажа спакойна, пераканана тое, што ён вынес за ўсё сваё жыцьцё, што ён зафіксаваў у сваіх вершах, у сваіх апавяданьнях, у сваіх крытычных артыкулах, у сваёй вельмі яркай, глыбокай беларускай патрыятычнай публіцыстыцы. Шкада, што сярод такіх патрэбных людзей Валянціна ўжо ня будзе, што будзе ён толькі ў нашых успамінах і будзе ў сваіх кнігах, а як жывога, як цёплага, як дарагога сябра яго ўжо з намі больш ня будзе.
XS
SM
MD
LG