Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валянцін Сукала: “Маю адстаўку вырашыць прэзыдэнт”


Валянцін Сукала
Валянцін Сукала

Старшыню Вярхоўнага суду Валянціна Сукалу распыталі пра магчымасьць адстаўкі, пра стаўленьне да просьбаў Аляксандра Лукашэнкі адносна гучных судовых спраў і пра судзьдзяў, замешаных у карупцыі.


У Беларусі болей за 68 тысяч чалавек летась былі асуджаныя паводле Крымінальнага кодэксу, і толькі 191 асобу суды апраўдалі. Пры гэтым старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала заявіў пра зьніжэньне колькасьці асуджаных у параўнаньні з пазалеташнімі паказчыкамі. А вось апраўданых, паводле словаў спадара Сукалы, стала на 20% болей.

Старшыню Вярхоўнага суду найперш распыталі пра гучныя справы. Ад Радыё Свабода прагучала пытаньне адносна просьбы Аляксандра Лукашэнкі, якая тычылася гэтак званай пухавіцкай справы. Гаворка пра самасуд, учынены трыма сялянамі вёскі Пухавічы Жыткавіцкага раёну над земляком, якога падазравалі ў падпалах. 6 лютага на нарадзе ў пытаньнях барацьбы са злачыннасьцю Аляксандар Лукашэнка папрасіў судзьдзяў “уважліва паставіцца, падтрымаць гэтых людзей”, — так ён сказаў пра абвінавачаных. Ці ня ёсьць гэта ціскам на сьледзтва і суд? — было пытаньне Валянціну Сукалу.

В.Сукала: “Мы ня думаем, што тут ёсьць нейкі ціск. Гэта наша задача ў кожным выпадку — аб’ектыўна і справядліва разгледзець прававую сытуацыю”.

Карэспандэнт: “Лукашэнка дакладна сказаў: “Нельга іх садзіць”. Вы лічыце, гэта на адрас сьледзтва ці ўсё ж суду?”

В.Сукала: “Мяркую, гэтая просьба кіраўніка дзяржавы будзе разглядацца і ацэньвацца судом. Ня бачу тут нічога, што можна разглядаць як ціск на суд. Такія просьбы мы атрымліваем штодня і вусна, і пісьмова, і на прыёмах. Звычайна людзі зьвяртаюцца менавіта з такімі просьбамі”.

Нагадаю, абвінавачаных у забойстве падпальніка жыхароў вёскі Пухавічы днямі выпусьцілі з ізалятара. Да суду яны будуць знаходзіцца пад хатнім арыштам.

Таксама ў Валянціна Сукалы спыталіся пра судзьдзяў, якія замяшаныя ў карупцыйным скандале вакол кватэры былога пракурора Менскай вобласьці Міхаіла Сьнегіра. Адна з судзьдзяў, Алена Ільіна, звольненая зь Ленінскага суду Менску. Валер Есьман і Тацяна Паўлічук працягваюць судзіць. Валянцін Сукала паведаміў, што іх лёс вырашыцца ў выніку расьсьледаваньня справы Сьнегіра, якое яшчэ ня скончылася.

Адно з пытаньняў тычылася справы амэрыканца Эмануіла Зэльцэра, асуджанага на 3 гады за камэрцыйны шпіянаж. “Чаму ў Менскім гарадзкім судзе адвакату Зэльцэра не даюць копію прысуду, безь якой немагчыма абскардзіць прысуд у міжнародным судзе?” У адказ на гэтае пытаньне Валянцін Сукала сказаў:

“У вас недакладныя зьвесткі. Усё, што належыць, адвакату далі, у тым ліку копію прысуду”.

Вось як пракамэнтаваў гэта адвакат Зэльцэра Зьміцер Гарачка:

Зьміцер Гарачка
“Сукала падмяняе паняцьці. Нам выдалі выпіску, але выпіска — гэта не прысуд, гэта зусім розныя рэчы.”

У старшыні Вярхоўнага суду спыталіся, ці не зьбіраецца ён у адстаўку ў сувязі з пэнсійным узростам. “Пытаньні прызначэньня і адстаўкі старшыні Вярхоўнага суду вырашае прэзыдэнт”, — адказаў Валянцін Сукала.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG