Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турфірмы Магілёўшчыны могуць стаць банкрутамі


Зьмяншэньне колькасьці аўтобусных рэйсаў у Расею і Ўкраіну, а таксама замоваў на экскурсійныя выправы па Беларусі — гэта праблемы, зь якімі ўжо сутыкнуліся прыватныя турыстычныя фірмы Магілёўшчыны.


Супрацоўнікі некаторых зь іх заяўляюць пра небясьпеку банкруцтва, калі цягам году сытуацыя на рынку турыстычных паслугаў у рэгіёне застанецца гэткай жа крытычнай.

Пра зьмяншэньне больш чым у два разы пасажырапатоку ў маскоўскім напрамку Свабодзе паведамілі ў адной з бабруйскіх турыстычных фірмаў.

“Мы ў дзень пяць, шэсьць год запар адпраўлялі дзесяць аўтобусаў. Цяпер жа адправілі толькі чатыры. Гэта зьвязана з тым, што ў той жа Маскве прыпыненыя працы на шмат якіх будаўнічых аб’ектах. У нас жа шмат людзей выяжджае на працу туды. Пасажырапаток упаў менавіта з гэтай прычыны”, — зазначае супрацоўніца бабруйскай турыстычнай фірмы Тацяна.

З падобнымі праблемамі сутыкаюцца й магілёўскія турыстычныя фірмы. Пра сытуацыю на рынку турыстычных паслугаў абласнога цэнтру апавяла супрацоўніца адной зь мясцовых турфірмаў Аксана.

“Менш стала насельніцтва карыстацца турыстычным абслугоўваньнем. Менш стала езьдзіць адпачываць у параўнаньні зь мінулым годам. Што тычыцца па Беларусі — колькасьць экскурсіяў зьменшылася. Колькасьць паездак у напрамках Хмяльніцкага і Масквы таксама зьменшылася. Колькасьць замежных выездаў на адпачынак у Турцыю і Егіпет зьменшылася”.

Калі такая сытуацыя застанецца цягам году, зазначае спадарыня Аксана, то фірму чакае банкруцтва.

Больш аптымістычна глядзяць на сытуацыю ў магілёўскім дзяржаўным турыстычным бюро “Магілёўаблтурыст”. Гаворыць адна з мэнэджарак:

Больш крызіс пакуль у галовах.
“Людзі пакуль у паўзе. Яны хочуць траціць грошы, бо ня ведаюць, што будзе заўтра. Больш крызіс пакуль у галовах. Тыя людзі, якія плянавалі ў нас ляцець, — сталыя кліенты, яны й ляцяць. Адзінае, што цэны крыху меншыя сталі. На нас крызіс на сёньняшні дзень ніяк не адбіўся. Можа, мы ягоныя водгукі адчуем у траўні, чэрвені”.

Зьмяншэньня коштаў, аднак не адзначаюць у турыстычных фірмах. Гаворыць супрацоўніца бабруйскай фірмы спадарыня Тацяна:

“Мы ня дужа адчулі, што цэны ўпалі. Мы цяпер вядзем перамовы з той жа Ўкраінай на летні пэрыяд па цэнавай палітыцы. Неўзабаве нам Румынія прышле, дашлюць нам цэны па Баўгарыі. Я не магу сказаць, што нехта ў сувязі з крызісам хоча зьмяншаць цэны на тое ж жытло, харчаваньне”.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, шэсьць дзяржаўных і дваццаць прыватных турыстычных арганізацыяў абласнога цэнтру летась аказалі паслугаў на суму прыкладна ў дзесяць мільярдаў рублёў. Чыноўнікі заяўляюць, што чакаюць у 2009 годзе павялічэньня аб’ёмаў турыстычных паслугаў на сорак працэнтаў. У афіцыйных паведамленьнях, аднак, ня згадваецца ўплыў сусьветнага крызісу на турыстычную галіну.
XS
SM
MD
LG