Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праблемы з візамі разьвіваюць нацыянальны турызм


15-я міжнародная выстава “Турбізнэс-2008” у Менску адкрывае зімовы турыстычны сэзон.

У форуме возьмуць удзел каля 130 кампаній з 15 краін сьвету. На думку прадстаўнікоў нацыянальнага турызму, з-за праблем з Шэнгенскімі візамі вельмі павялічылася колькасьць ахвотнікаў адпачываць у межах краіны.

“Турбізнэс-2008” чакае наведнікаў да 8 лістапада на Янкі Купалы, 27 у Менску. У дзень адкрыцьця – людзей процьма. Сярод супрацоўнікаў турызму, якія прыехалі па інфармацыю і новыя кантакты, з цяжкасьцю знайшла звычайную наведніцу, патэнцыйную турыстку:

Спадарыня: “Спадзяюся, нейкія зьніжкі будуць на выставе”.

Карэспандэнтка: “А што цікавіць найперш”?

Спадарыня: “Азія... Тайлянд. Тое, што цяпер вельмі рэклямуецца, - вылеты зь Менску па коштах як вылеты з Масквы. Спраўдзіць інфармацыю пра атэлях таксама хацелася б. Ну, і зьніжкі, на якія спадзяюся... І ўсё”!

Тым часам, шмат якія агенцыі мяняюць прыярытэты дзейнасьці. Вось уражаньні агенткі ў турызме зь Віцебску:

“Цяпер вельмі вырасла цікавасьць да турызму ў Беларусі, вельмі шмат замоў – прынамсі ў нашай агенцыі – на экскурсіі, на адпачынак тут. І меней зьвяртаюць увагі на Турцыю і Эгіпет.

Карэспандэнтка: “А як на Ваш погляд, з чым гэта зьвязана?”

“Ну, найперш гэта праблемы з візамі – цяжка атрымаць Шэнген. І вельмі падвысіліся кошты – людзі калі дазнаюцца кошты на Турцыю, Эгіпет, адмаўляюцца і большая цікавасьць адпаведна да беларускіх месцаў”.

А беларускія месцы запоўненыя расейцамі, апавядае супрацоўніца Лепельскага ваеннага санаторыі ўзброеных сілаў. Амаль год санатор - на самаакупляльнасьці:

Больш значна расіянаў, натуральна. Таму што яны думаюць пра адпачынак загадзя, плянуюць
“Больш значна расіянаў, натуральна. Таму што яны думаюць пра адпачынак загадзя, плянуюць. Наш беларус прачынаецца сёньня, а прыехаць адпачываць хоча заўтра. А пуцёўкі тым часам узімку на лета ўсе прададзены. У нас самы танны нумар на аднаго – 44 тысячы ў суткі, гэта пражываньне, харчаваньне, лячэньне. Мы шукалі гатэль у Менску, - дык 150-180 тысячаў сярэдні кошт на суткі, проста пажыць. А тут табе і жывеш, і харчуесься па адмысловым заказным мэню, і лечысься”...

Апроч коштаў, расейцаў і якасьць – здавальняе:

“Расейцы прыяжджаюць з задавальненьнем і заўсёды задаволеныя застаюцца. Як правіла, незадаволенасьць выказваюць тым ці іншым нашы беларускія кліенты”...

Беларускіх кліентаў фонду “Стары замак”, які прасоўвае цікавосткі Беларусі сярэднявечнай, штомесяц большае, распавядае супрацоўнік фонду Яўген:

“За савецкімі часамі больш рабілася стаўка на нейкую ваенную гісторыю і ўсё з ёй зьвязанае. А гісторыя беларускага Сярэднявечча неяк цяпер у заняпадзе трохі, так што мы маем на мэце менавіта гэта неяк прасоўваць і адраджаць, - гісторыю Беларусі, гісторыя Сярэднявечча, шляхецкія гісторыі, міты, паданьні”...

Апроч традыцыйных аўтавандровак па гістарычных месцах Беларусі, фонд прапаноўвае анімацыйныя шоў. Прыкладам у старажытнай шляхецкай сядзібе Бенюны гасьцей чакаюць майстар-клясы па сярэднявечным танцам, рыцарскія двубоі, стрэлы з баявых лукаў, а таксама відовішча штурму замка.

Зусім інакш выглядаюць прапановы Нацыянальнай агенцыі па турызму. На рэклямных буклетах - гэткія назвы: “Познай Брестчину”, “Полесские узоры”, “Места, воспетые Адамом Мицкевичем”... Але на адсутнасьць попыту агенцыя не скардзіцца:

Карэспандэнтка: “У Вас ёсьць пэўныя пляны, якія вы мусіце выканаць”?

“Натуральна, ёсьць Даводзіцца графік, паводле якога штогод аб’ёмы турыстычных паслуг павялічваюцца”.

Карэспандэнтка: “Дык плян выконваецца”?

“А ў нас няма іншага выйсьця, мы абавязаны яго выканаць”.
XS
SM
MD
LG