Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Беларусі пачалі дзейнічаць новыя правілы знаходжаньня ў памежнай зоне. Зьменшаны таксама яе памеры.


Для гарадзенцаў істотна, што рэжым зоны скасаваны ў Парэччы — ля мяжы зь Літвой. Раней Парэчча заўжды было для гарадзенцаў месцам адпачынку, тут існуе вядомы санаторый, бутылюецца мінэральная вада, падобная да друскеніцкай, і самі Друскенікі зусім недалёка.

Раней трэба было атрымаць дазвол на ўезд у памежную зону і пропуск, цяпер дастаткова заплаціць за ўезд і мець пашпарт. Парэчча трапіла ў памежную зону пятнаццаць гадоў таму, калі ўлады стварылі такую зону на мяжы зь Літвой. Паехаць адпачыць на парэцкае возера стала немагчымым, у касах чыгуначнага і аўтавакзалу квіткі прадавалі толькі тым, хто меў там прапіску альбо пропуск. У парэцкім сельскім выканкаме нарэшце ўздыхнулі з палёгкай.

Спадарыня: “Ну канечне ж, людзям будзе лепей, бо былі абкладзеныя гэтымі даведкамі. Гэта было вельмі нязручна, трэба было ісьці ў сельсавет і кожнага разу браць даведку, людзям было нязручна. Канечне, для асноўнай масы насельніцтва стала лепей, калі сюды свабодны праезд”.

Раней нават вясельле ў памежнай зоне выклікала дадатковыя цяжкасьці.

Спадарыня: “Раней маглі прыехаць толькі сваякі, цяпер — сябры. І былі праблемы, каб вясельлі рабіць, напрыклад, трэба было рабіць даведкі. Людзі былі абмежаваныя ў перамяшчэньні. Нам лепш стала як працаўнікам сельвыканкаму, мы задаволеныя. Уявіце — колькі даведак мы выдавалі за год — тысячы дакладна выдавалі”.

Насельніцтва Парэцкага сельскага савету — прыблізна 3500 чалавек. Мясцовая ўлада задаволеная, што зараз людзі стануць больш прыяжджаць на адпачынак, на аздараўленьне, і нават могуць зьявіцца новыя працоўныя месцы.

Я зьвярнуўся да грамадзкага праваабаронцы з Горадні Віктара Сазонава: як ён успрымае лібэралізацыю рэжыму знаходжаньня ў памежнай зоне?

“Мяне ў свой час, у прэзыдэнцкую кампанію, арыштавалі ў памежнай зоне ў роднай вёсцы, дзе жыве мая матуля, і арыштоўвалі ў памежнай зоне некалькі разоў. І гэта быў галоўны доказ, што памежныя зоны існуюць у першую чаргу для кантролю над сваім грамадзтвам. Я не зьбіраюся хваліць уладу за тое, што адбываюцца нейкія зьмены з памежнымі зонамі, бо ўлада магла б іх ліквідаваць адным росчыркам пяра. А дзякаваць можна толькі эканамічнаму, фінансаваму крызісу, які прымушае нашу ўладу ісьці на нейкія саступкі. Парэчча, я думаю, адкрылі толькі таму, што там ёсьць санаторый, каб туды прыяжджалі замежныя турысты і пакідалі грошы. Гэта зрабіў эканамічны крызіс, а ня добрая воля нашай улады і не яе турботы аб тым, каб грамадзянін Беларусі мог свабодна перамяшчацца па ўсёй тэрыторыі краіны”.

XS
SM
MD
LG