Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі лібэралізацыя зоны. Памежнай


Ад сёньня набываюць моц новыя правілы наведваньня памежнай зоны Беларусі. Незалежныя назіральнікі кажуць, што нічога не зьмянілася ды яшчэ грошы трэба плаціць.

Дазвольны прынцып знаходжаньня на памежнай тэрыторыі замяняецца на заяўны з аплатай пошліны. У Дзяржаўным памежным камітэце новы парадак называюць лібэралізацыяй памежнай прасторы краіны.

Каб наведаць памежную зону дагэтуль жыхару краіны неабходна было атрымаць дазвол Міністэрства ўнутраных спраў. Зараз дастаткова аплаціць дзяржаўную пошліну памерам 0,2 базавых велічыні, паведаміць мясцовай памежнай службе пра свой візыт, узяць квітанцыю аб аплаце, пашпарт і ехаць, кажа прэсавы сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэту Аляксандр Цішчанка:

ад 5 лютага пытаньнямі наведваньня памежнай зоны будуць валодаць толькі памежнікі
“У органах памежнай службы даўно праводзіцца палітыка лібэралізацыі памежнага рэжыму. Раней была даволі складаная сыстэма наведваньня памежнай зоны. Сёньня абстаноўка не патрабуе гэткіх намаганьняў у гэтым пытаньні. Таму для таго, каб грамадзянам было лягчэй і зручней, ад 5 лютага пытаньнямі наведваньня памежнай зоны будуць валодаць толькі памежнікі”.

Памежныя тэрыторыі шырынёю каля 10 кілямэтраў у Беларусі сёньня існуюць на мяжы з краінамі заходняга кірунку: Польшчай, Літвой і Латвіяй. Замену дазвольнага прынцыпу на платны палітык і былы вайсковец Аляксей Кавалец называе імітацыяй лібэралізацыі:

“Тую ж самую працэдуру неабходна выканаць толькі яшчэ і заплаціць. Чалавека наадварот паставілі ў больш складаныя ўмовы: а калі ў чалавека няма дадатковых грошай заплаціць за гэты ўезд? То гэта не лібэралізацыя, а зьдзек над людзьмі і зарабляньне грошай. Памежная зона з Украінай і Расеяй увогуле ніяк не кантралюецца, а толькі з Эўразьвязам. І гэта сьведчыць пра палітыку дзяржавы. У прынцыпе, гэта традыцыя трымаць людзей у напрузе. Што яны не свабодныя, што яны нават да мяжы ня могуць блізка пад’ехаць”.

Гаворкі пра скасаваньня памежнай тэрыторыі ў Дзяжкамітэце не вядзецца. А яе існаваньне – гэта спадчына савецкай сыстэмы, якая трымала “жалезную заслону” і страх у грамадзтве, гэтак пракамэнтаваў становішча палітоляг Аляксандр Класкоўскі:

Уся гэтая падвышаная пільнасьць – рэліктавыя зьявы ад савецкіх часоў
“Уся гэтая падвышаная пільнасьць – рэліктавыя зьявы ад савецкіх часоў. І зараз гэта проста інэрцыя пэўных сілавых ведамстваў, бо вялікія структуры, штаты, аклады і гэтак далей. Але час ідзе, зараз Беларусь уцягнулася ў гэты дыялёг з Захадам. Акрамя таго, крызыс вымагае больш прагматычнага стаўленьня і да гэтага пытаньня. Рух Беларусі ў Эўропу – ён будзе паступова здымаць гэтыя бар’еры, у тым ліку і псыхалягічныя бар’еры ў сьвядомасьці кіраўніцтва і ягоных стратэгаў”.

У цяперашні час многія эўрапейскія дзяржавы, а таксама ЗША і Канада адмянілі практыку абмежаваньня доступу да дзяржаўнай мяжы як для ўласных грамадзян, так і для замежнікаў. Вельмі вузкая памежная зона захоўваецца на Кіпры. Існуе памежная зона ў Фінляндыі на мяжы з Расеяй, якая, паводле фінскіх законаў, можа сягаць чатырох кілямэтры ад мяжы па вадзе і да 3-х кілямэтраў па зямлі. Практыка ўвядзеньня памежных зон распаўсюджана ў краінах трэцяга сьвету, у прыватнасьці, у Кітаі – як і ў Беларусі – 10 кілямэтраў ад мяжы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG