Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея і Беларусь распрацавалі плян сумесных дзеяньняў па ўвядзеньні адзінай валюты — рубля. Пра гэта, паводле Прайм-ТАСС, паведаміў журналістам памочнік прэзыдэнта Расеі Сяргей Прыходзька 3 лютага пасьля пасяджэньня Вышэйшага дзяржсавету гэтак званай саюзнай дзяржавы. Міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў абверг гэтую інфармацыю.


БЕЛАРУСЬ І РАСЕЯ СТВАРАЮЦЬ АДЗІНУЮ СЫСТЭМУ СПА


Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на расейскае агенцтва Прайм-ТАСС. Паводле словаў Прыходзькі, плян разьлічаны на адзін год. Пры гэтым ён зазначыў, што "ня варта забягаць наперад і ставіць тэрміны ўвядзеньня адзінай валюты". "У пляне сумесных дзеяньняў па гэтым пытаньні прапісаны канкрэтныя інструмэнты, гэта тэхналягічная схема", — цытуе памочніка прэзыдэнта Расеі Прайм-ТАСС.

Міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў абверг гэтую інфармацыю.

"Размова пра гэта не ішла. Гаварылі пра тое, што сёньня на паседжаньні Вышэйшай дзяржсавету прынятае рашэньне да 1 красавіка распрацаваць пагадненьне, якое прадугледжвае дзеяньне ў справе наданьня расейскаму рублю функцыі рэгіянальнай рэзэрвовай валюты. Рэгіянальная рэзэрвовая валюта і адзіная валюта – гэта прынцыпова розныя рэчы”, заявіў Мартынаў агенцтву БелТА. Паводле яго, тут мела месца некарэктная інтэрпрытацыя з боку асобных расейскіх СМІ.

Ідэя ўвядзеньня расійскага рубля ў якасьці адзінай валюты абмяркоўваецца кіраўніцтвам Расеі і Беларусі ўжо прыблізна 15 гадоў. Плянавалася, што з 1 студзеня 2005 года расійскі рубель стане адзіным плацежным сродкам на тэрыторыі дзьвюх краінаў, а 1 студзеня 2008 году ў гэтак званай Саюзнай дзяржаве будзе ўведзена адзіная валюта. Гэтым плянам не наканавана было збыцца з-за прынцыповых разнагалосьсяў бакоў па шэрагу пазіцый, у тым ліку па пытаньнях стварэньня адзінага эмісійнага цэнтра. На думку беларускага боку, увядзеньню адзінай валюты павінна папярэднічаць стварэньне адзінай эканамічнай і мытнай прасторы, а таксама роўных умоў для суб'ектаў гаспадараньня і насельніцтва ў эканоміцы і сацыяльнай сфэры.

12 студзеня 2009 года старшыня праўленьня Нацбанку Пётр Пракаповіч, адказваючы на пытаньні журналістаў адносна магчымасьці пераходу на расейскі рубель у якасьці адзінай валюты, заявіў: гэты працэс зойме як мінімум два-тры гады. Толькі па лініі цэнтрабанкаў павінна быць падрыхтавана шэсьць пагадненьняў, яшчэ некалькі дакумэнтаў неабходна прыняць на дзяржаўным узроўні, прычым частка з іх павінна быць ратыфікавана парлямэнтамі дзьвюх краін. Пры самай найлепшай сытуацыі гэтая працэдура займае некалькі гадоў, падкрэсьліў П.Пракаповіч.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG