Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Можа, бабуля бульбачку адну з абіркамі есьць ды з кашкамі”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 3 лютага, аўторак.


Тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Партыя Беларускі народны фронт распачала падрыхтоўку да вулічнай акцыі на Дзень Волі 25 сакавіка. Выказваньне на гэтую тэму.

Андрэй, Быхаў: “Я падтрымліваю акцыю пратэсту з заклікам пра адстаўку Лукашэнкі на 25 сакавіка”.

Ад 1 лютага ў Беларусі дзейнічае заяўны прынцып дзяржаўнай рэгістрацыі ўсіх суб’ектаў гаспадараньня, у тым ліку прыватных прадпрымальнікаў. Камэнтары слухачоў:

Шаўчэнка, Наваполацак: “Заяўны прынцып рэгістрацыі прадпрымальніцтва — гэта ня больш чым пастка, мышалоўка, таму што ніякіх іншых зьменаў у карнай эканоміцы, падатковым гвалце не адбылося”.

Спадар: “На пачатку 90-х гадоў амаль кожны хацеў стаць прадпрымальнікам, фэрмэрам. Каб вызваліцца ад ціску камуністаў-бальшавікоў. Ім у адказ улада казала: яшчэ рана — будуем камуністычны рай. Цяпер прадпрымальнікамі ды фэрмэрамі няхай становяцца тыя артысты-камуністы”.

Улады Беларусі запрасілі да супрацоўніцтва некаторых прадстаўнікоў грамадзкіх і палітычных арганізацый. Меркаваньне слухачкі:

Натальля:
“Калі апазыцыя пагодзіцца ўдзельнічаць у працы нейкай прапрэзыдэнцкай структуры, улічваючы ўсялякія назіральніцка-кансультацыйныя органы, то гэта будзе апатэозам яе дурноты. Калі ідэі апазыцыі будуць прынятыя на ўзбраеньне, улада ніколі не назаве імя аўтара. Калі ўсё скончыцца крахам, улада з задавальненьнем перакладзе адказнасьць за правал на апазыцыю”.

Прымусовы прызыў у войска моладзевых палітычных актывістаў Франка Вячоркі, Івана Шылы і Зьмітра Хведарука — тэма, якую працягваюць абмяркоўваць слухачы “Свабоды”:

Спадар:
“Ня трэба рабіць з ухіленцаў ад службы ў войску нацыянальных герояў. Які ў іх пасьля будзе аўтарытэт сярод тых, хто адслужыў у войску? Калі па стане здароўя служыць могуць — няхай служаць. Ня хочуць — няхай даказваюць у законным парадку. А вы не рабіце зь іх пакутнікаў”.

Станіслаў, Івацэвічы: “Дзяржава павінна ў першую чаргу даць магчымасьць атрымаць адукацыю Вячорку, Хведаруку, Шылу і іншым юнакам і толькі пасьля гэтага прызываць у войска. Але дзяржава топча Канстытуцыю. Як такую дзяржаву абараняць гэтым юнакам? Гэта адказ чалавеку, які ўзахлёб радуецца прызыву гэтых юнакоў”.

Яшчэ адна тэма, якую найчасьцей абмяркоўваюць слухачы — эканамічны крызіс і ягоныя наступствы ў Беларусі:

Спадарыня:
“Даўно трэба памяняць гэтую ўладу, гэты ўрад. Немагчыма ўжо жыць. Мы хутка будзем хадзіць галодныя — такія цэны! А пэнсіі капеечныя, з зарплаты людзей выганяюць. Гэта не работа, трэба ратаваць народ ад усяго гэтага”.

Спадар
: “Да Лукашэнкі пэнсія наша была 120—132 рублі. У пераводзе на нашы грошы гэта ад 1,5 да 2 мільёнаў рублёў, таму што стабільныя былі кошты. Хлеб каштаваў 14 капеек. Гэта адказ бабулі, якая казала, як ёй весела жывецца, як яна зарабіла сабе на вялікую пэнсію. Можа, бабуля бульбачку адну з абіркамі есьць ды з кашкамі, ды з малаком, ні газэткі ня купіць”.

Спадар
: “Прачытаў інтэрвію Пятра Пракаповіча, нашага галоўнага банкіра. Ён кажа, што 60% набытай валюты народ хавае ў слоіках. І што, маўляў, нашая задача — пераканаць людзей, што ў гэты складаны час нельга так рабіць. Мне падаецца, што гэта ўжо ўмяшаньне ў асабістае жыцьцё людзей”.

Працягваем праграму выказваньнямі на іншыя тэмы:

Спадарыня: “
Які асьляпляльны бляск золата, алмазаў, найдаражэйшых упрыгожваньняў пры ўзьвядзеньні на пасад новага патрыярха праваслаўнай царквы ў Маскве. Напэўна, так належыць, каб паказаць вялікасьць моманту, вялікасьць Расеі. І амаль у адначасьсе з урачыстымі імпрэзамі жудаснае палітычнае забойства адваката і журналісткі “Новай газэты”. Сьмерць — толькі за тое, што паказвалі Расею ня ў бляску золата, а значыць, любілі яе самааддана”.

Мікола Шаравар, Салігорск: “4 лютага адзначаецца 201-я гадавіна з дня нараджэньня бацькі нацыянальнага пісьменства, бацькі айчыннай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, які ў змрочныя часы царскага прыгнёту, калі забаранялася родная мова,

адкрываў тэатры і школы,
роднай мовай гаворку там вёў,
і дзіця не магло выпадкова
адцурацца яго каранёў.

Для сёньняшняга часу гэта надта актуальна. Толькі шкада, што такіх патрыятычных прыкладаў, праяўленьня клопату пра разьвіцьцё роднай мовы вельмі мала. Творчасьці Дуніна-Марцінкевіча я прысьвяціў свой твор — “Дудар анямелага краю”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG