Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У праграме “Званкі на Свабоду” слухачы гавораць пра Дзень Салідарнасьці, які адзначаецца сёньня, пра расейска-ўкраінскі газавы канфлікт, камэнтуюць нядаўнія заявы міністра ўнутраных спраў Уладзімера Навумава пра расьсьледаваньне справы аб ліпеньскім выбуху ў Менску і выказваньні Аляксандра Лукашэнкі пра дэнамінацыю і дэвальвацыю.


Сёньня ў Беларусі адзначаецца Дзень салідарнасьці. Штомесяц 16 чысла дэмакратычныя актывісты выходзяць на вуліцы на знак салідарнасьці зь сем'ямі выкрадзеных і рэпрэсаваных актывістаў беларускай апазыцыі.

Спадар: “16 чысло месяца — дзень памяці найлепшых людзей Беларусі, але кепска, што з кожным годам мы ўсё менш успамінаем іх. Да таго ж “Бацька” цынічна заявіў: “200 чалавек прападае, я нікому не зьбіраюся рабіць выключэньні”. Не дамо ўключыць у агульны сьпіс Ганчара, Красоўскага, Захаранку, Завадзкага. Агульная лічба ўжо даўно павялічваецца і будзе павялічвацца”.

Слухачы працягваюць сачыць за расейска-ўкраінскай газавай вайной. 10 краінаў Эўропы застаюцца бяз паліва. Масква і Кіеў вядуць перамовы пра аднаўленьне транзыту газу праз тэрыторыю Ўкраіны.

Спадар, Менск: “Ніяк ня могуць зьмірыцца з тым, што Ўкраіна, як і прыбалтыйскія краіны, Грузія і Малдова, зьяўляюцца самастойнымі. Так і мараць сабраць у новую кучу краіны былога Савецкага Саюзу. Таму і адшукваюць марыянэтак розных або самі шкодзяць, напрыклад, газавай вайной. Кіраўнікі дзяржавы, будзьце ўважлівыя!”

Спадар:
“Расея ўжо страціла больш за мільярд даляраў празь недахопы
падачы газу ў Эўропу.
Ёсьць у яе і іншыя праблемы — дзьве Расеі: гарадзкая і правінцыя.
На сяле школы зачыняюць,
вокны ў хатах забіваюць.
А калі скончацца газавыя і нафтавыя даляры? Гэта некалі мае быць.
Што тады старэйшы брат будзе рабіць?
Можа, “Свабода” ведае
і на пытаньне слухача нешта паведае?”

На пытаньне слухача, што будзе з Расеяй, калі ў яе скончацца запасы нафты і газу, адказвае палітоляг Андрэй Фёдараў:

“Калі такое адбудзецца (а яно можа адбыцца, але ня вельмі хутка), баюся, што калі Расея застанецца сёньняшняй, яна перастане існаваць”.

Скончым праграму камэнтаром нашага слухача да выступу Аляксандра Лукашэнкі. Той, у прыватнасьці, заявіў, што болей ніякай дэвальвацыі і дэнамінацыі сёлета ня будзе, абвінаваціў кіраўніцтва нацыянальнага банку, што тое выпусьціла з-пад кантролю сытуацыю з валютнай гатоўкай у абменных пунктах.

Спадар: “Я вось усё думаю, чаму на беларускай эстрадзе так слаба разьвіты размоўны жанр. Вось некалькі разоў паглядзеў рэпартаж пра візыт Лукашэнкі на Белкамунмаш — і ўсё мне стала зразумела. Аказваецца, Пракаповіч вінаваты, у яго цэлыя лёхі даляраў, а ён ніяк іх не раздасьць ахвотнікам. Давайце дамо крэдыт беднай Расеі ці Англіі, у якіх валюта апусьцілася амаль на трыццаць адсоткаў! Яшчэ прынцып аднаго даху прыдумаў. Заплаці спачатку 90 ці 200 эўра — і можаш пачынаць свой бізнэс, пакуль мы дазваляем табе справай займацца. Паслухаеш такія выступленьні і зробіш выснову, што ўсялякія там Петрасяны і Галкіны адпачываюць”.

15 студзеня міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў заявіў, што “зьвярнуўся з прапановай у Раду бясьпекі зьмяніць закон, каб можна было браць адбіткі пальцаў у любога ваеннаабавязанага грамадзяніна”. Рэакцыя нашага слухача:

Спадар: “Учора пачуў, як апраўдваецца спадар Навумаў наконт таго, што Беларускі Хэльсынскі камітэт напісаў скаргу наконт незаконнага зьняцьця адбіткаў пальцаў. Маю асабістае меркаваньне. Неўзабаве, праз 5—6 гадоў, у Беларусі будзе бязьвізавы рэжым з Эўразьвязам. Хай прыкладна пяць гадоў пройдзе, увядуць новыя біямэтрычныя пашпарты з адбіткамі пальцаў, зь сятчаткай вока. І ўсім нам рана ці позна праз 5 год прыйдзецца здаць адбіткі пальцаў, як гэта існуе ў іншых краінах. Ня трэба ж гэта рабіць так нахабна, прымусова”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG