Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шляхі Раманчука і ўраду разышліся


Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

Намесьнік старшыні АГП эканаміст Яраслаў Раманчук выйшаў зь міжведамаснай камісіі па краінавым маркетынгу, абвінаваціўшы ўлады ў адсутнасьці сапраўднага жаданьня весьці дыялёг з апазыцыяй. Умовы, на якіх апазыцыянэры згодныя ўдзельнічаць у такім дыялёгу, нагадаў уладзе Анатоль Лябедзька.


Кіраўнік цэнтру Мізэса эканаміст Яраслаў Раманчук заявіў, што выходзіць зь міжведамаснай урадавай камісіі па краінавым маркетынгу, якую стварылі пры канцы 2008 году, каб распрацоўваць праграму паляпшэньня іміджу Беларусі за мяжой. Нагадаю, камісію ўзначальвае намесьнік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка. Прычыны выхаду з камісіі Яраслаў Раманчук выклаў у лісьце да прэм’ера Сяргея Сідорскага і паўтарыў на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі:

Эканаміст Яраслаў Раманчук тлумачыць, чаму ён выйшаў з камісіі па краінаваму маркетынгу

Эканаміст Яраслаў Раманчук
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:00 0:00


“Усе нашы канструктыўныя прапановы былі праігнараваныя. Тое, што прапануе кіраўнік камісіі Еўдачэнка, мы лічым непрымальным, бо фактычна ідзе лабіраваньне пэўнай установы, а не разглядаецца пытаньне маркетынгу краіны. Мой голас ня быў выслуханы і нават дыялёгу паміж сябрамі камісіі не было, таму я заявіў, што няма сэнсу ў маім знаходжаньні ў камісіі. Пра гэта я паведаміў і спадару Сідорскаму”.

У міжведамасную камісію ўваходзілі 14 чалавек, у тым ліку былі запрошаныя эканаміст Яраслаў Раманчук і сацыёляг Андрэй Вардамацкі.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька лічыць выхад свайго аднапартыйца з камісіі дакладным і своечасовым. Паводле Анатоля Лябедзькі, апазыцыя выказваецца за дыялёг з уладай, але ня будзе “дапамагаць ёй імітаваць лібэралізацыю”:

Анатоль Лябедзька
“Сытуацыя не зьмянілася. Пакуль мы бачым толькі двух маляроў, якія перафарбоўваюць фасад “Чырвонага дому”. А ўсярэдзіне ўсё застаецца бязь зьменаў. Калі хочуць зрабіць выгляд, што гэтым малярам мы яшчэ і падаем пэндзлі і вёдры з фарбай, то гэтага ня будзе. Альбо мы даем прапановы і маем намер іх рэалізоўваць ды несьці адказнасьць. Альбо, калі вы іх ігнаруеце, будзе як у выпадку з Раманчуком. Нагадаю, проста сядзець на прыстаўным зэдліку ніхто не зьбіраецца”.

Анатоль Лябедзька мяркуе, што гэта пагаршэньне эканамічнай сытуацыі ў выніку сусьветнага фінансавага крызысу прымушае беларускія ўлады рабіць выгляд, што яны вядуць дыялёг з апазыцыяй. Наступствы крызісу беларускімі ўладамі хаваюцца, лічыць спадар Лябедька і пацьвярджае гэта ўражаньнямі ад нядаўняй паездкі ў Маладзечна:

“Мне вядома, што ў райвыканкаме сабралі тых, хто мае запазычанасьць па аплаце электрычнасьці ў Маладзечанскім раёне. Адзначу — гэта не дэпрэсіўны раён, ня Хойнікі, але не было прадстаўнікоў толькі двух дзяржаўных прадпрыемстваў. Усе астатнія вінныя, і супроць іх выканкам паводзіць сябе як вышыбала. Гаворка пра даўгі памерам сотні мільёнаў рублёў. Суб’ектам гаспадараньня кажуць, каб хаця б плацілі бягучыя плацяжы, пакрыць даўгі ўжо немагчыма. Гэта толькі адзіны прыклад, які сьведчыць пра тое, наколькі складаная эканамічная сытуацыя”.

Паводле Анатоля Лябедзькі, альтэрнатыва сапраўднаму супрацоўніцтву апазыцыі з уладамі ў паляпшэньні палітычнай і эканамічнай сытуацыі — толькі вулічная барацьба.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG