Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праблему іміджу Беларусі ў сьвеце сёньня абмяркоўвалі ў Міністэрстве замежных спраў. На паседжаньне групы краінавага маркетынгу, акрамя дзяржаўных чыноўнікаў, упершыню запрасілі і незалежных спэцыялістаў: эканаміста Яраслава Раманчука, сацыёляга Андрэя Вардамацкага і трох бізнэсоўцаў.


Яраслаў Раманчук, кіраўнік навукова-дасьледчага цэнтру Мізэса, кажа, што прадстаўнікі грамадзкіх структур хацелі б даць больш ініцыятывы прадпрыемствам, бізнэсоўцам. А чыноўнікі імкнуцца стварыць яшчэ адну дадатковую структуру:

Яраслаў Раманчук
“Няма разуменьня таго, што ў нас нестандартная сытуацыя. Не такая, калі трэба толькі крыху палепшыць маркетынг. А ёсьць жаданьне нейкім чынам канцэнтраваць у адным органе бюджэтныя, прыватныя і добраахвотныя плыні фінансаў. І каб потым гэты орган усім кіраваў.

Мы ж падыходзім да гэтага пытаньня зусім інакш. Трэба распрацаваць стратэгію краінавага маркетынгу, каб пасьля прапанаваць ураду, як зрабіць, каб наша краіна выглядала зусім інакш у вачах патэнцыйных інвэстараў. Мы прапануем даць больш правоў для вырашэньня гэтага пытаньня прадпрыемствам”.

Пётар Папялушка, кіраўнік рэклямнага холдынгу “SMG-Belarus”, адзначае дзьве рэчы: першая — асабістае ўражаньне ад паседжаньня пазытыўнае, другая — патрэбны ня проста плян дзеяньняў, а стратэгія:

“Слухалі нас, пыталіся і спрабавалі знайсьці кансэнсус. Мы больш казалі пра тое, што няма стратэгіі на ўсе кампаніі. І таму менавіта ў пляне павінна быць стратэгія. Гэтая прапанова была ўспрынятая добра. І цяпер будзе ісьці дапрацоўка фінальнага дакумэнту. Мы будзем кантактаваць далей праз тэлефон, кампутары, інтэрнэт”.

Яраслаў Раманчук удакладняе: цягам двух сутак можна перадаць у камісію свае заўвагі і прапановы. Пасьля гэтага ў МЗС дапрацуюць дакумэнт і перададуць канчатковы варыянт у Савет міністраў. Працэдура ўзгадненьня розных пазыцый, як высьветлілася, не прадугледжаная. Калі ўзьнікнуць асобныя думкі, намесьнік міністра замежных спраў Андрэй Яўдачэнка паабяцаў прыкласьці іх да галоўнага дакумэнту.

Андрэя Вардамацкага з-за хваробы сёньня на паседжаньні не было. А Яраслаў Раманчук на пытаньне “Свабоды”, наколькі верагодна, што ідэі апазыцыі дойдуць да ўладных структураў, адказвае:

“Ці будуць улічаныя нашы пункты гледжаньня, ці не, я ня ведаю. Але верагоднасьць таго, што яны будуць улічаныя, вельмі малая”.

XS
SM
MD
LG