Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Толькі кожная 15-я кніга ў краіне выдаецца на беларускай мове. Наклад беларускамоўных кнігаў летась склаў крыху больш за 3 мільёны асобнікаў – гэта толькі 5,5% ад агульнага накладу ўсіх выдадзеных кніг. Такія зьвесткі прывёў намесьнік міністра інфармацыі Ігар Лапцёнак. Чыноўнік лічыць, што прычына памяншэньня колькасьці беларускамоўнай літаратуры – зьніжэньне попыту.


У параўнаньні зь мінулым годам колькасьць беларускамоўнай літаратуры скарацілася на 7%. Ёсьць тут і аб’ектыўныя прычыны: з разьвіцьцём інтэрнэту наагул народ стаў чытаць кнігі менш, людзі больш занятыя – працуюць у некалькіх месцах, лічыць галоўны рэдактар “Беларускага кнігазбору” Генадзь Вінярскі. Яго вельмі непакоіць зьніжэньне інтарэсу да беларускай кнігі сярод школьнікаў:

Зараз беларускай літаратуры значна менш і на ўроках надаюць увагі. Ідзе палітыка русыфікацыі, таму, адпаведна, і попыт на беларускую літаратуру зьніжаецца, я з гэтым згодны
“Зараз беларускай літаратуры значна менш і на ўроках надаюць увагі. Ідзе палітыка русыфікацыі, таму, адпаведна, і попыт на беларускую літаратуру зьніжаецца, я з гэтым згодны. Кніга кнізе розьнь, як кажуць, але ж паэзія і мастацкая проза – гэта тавар нехадавы (прабачце, што кнігу таварам называю). Большым попытам карыстаюцца кнігі гістарычнага, навукова-папулярнага накірунку, мэмуарная літаратура вядомых асобаў”.

Пісьменьнік і дырэктар выдавецтва “Радыёла плюс” Уладзімер Сіўчыкаў выказаў такое меркаваньне наконт выказваньняў чыноўніка пра зьніжэньне попыту на беларускую кнігу:

“Мы выдаем пераважна літаратуру па-беларуску. Па-другое, я лічу, што намесьнік міністра не павінен так казаць, што беларускамоўная літаратура не карыстаецца попытам. Наадварот, мы ўсе разам павінны рабіць высілкі, каб літаратура на беларускай мове была прэстыжнай, самай якаснай, самай лепшай, самай элітарнай”.

Карэспандэнтка: “Назавіце, калі ласка, пару выданьняў, якімі вы ганарыцеся”.

“Гэта “Еўраслоўнік” Лявона Баршчэўскага – 28-моўнага слоўніка іншага ў сьвеце няма. Сёлета распачалася ўнікальная сэрыя “Беларускія еўраграматыкі”.

У сталічнай кнігарні «Акадэмічная кніга», бадай, самы вялікі выбар беларускай літаратуры. Дырэктарка кнігарні Соф’я Жыбулеўская сьцьвярджае, што ў “Акадэмкнізе” беларуская літаратура прадаецца вельмі добра. Што да выказваньняў чыноўніка пра зьмяншэньне попыту, кажа:

Мы самі да Ніла Сымонавіча Гілевіча дамоў можам паехаць і ўзяць яго творы
“Канечне, можа, у яго рацыя ёсьць па ўсім кніжным гандлі. А як мы працуем – я сама вельмі люблю нашу мову, нашу кнігу... Мы і плошчу пад беларускую кнігу ў краме павялічылі, два новыя стэляжы набылі. У нас адносіны вельмі сьвятыя да гэтай справы. Людзі ж адчуваюць, дзе і як прадстаўлена кніга. Мы самі да Ніла Сымонавіча Гілевіча дамоў можам паехаць і ўзяць яго творы. Мне здаецца, што трэба клапаціцца пра гэта. У нас такая статыстыка ёсьць, што кніг нашых выдавецтва ў нашых аўтараў (яны могуць быць і на рускай мове) мы прадаём каля 50%. Калі такі вынік выдала наша тэхніка, кампутары, я нават і сама не паверыла, кажу – праверце. І сапраўды, так: 48% ў таваразвароце агульным”.







Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG