Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёлета сыстэма сярэдняй адукацыі перажыла кардынальную рэформу. Пасьля 10 гадоў экспэрымэнту канчаткова заяўлена пра адмову ад 12-гадовага навучаньня і абвешчана пра рэанімацыю 11-годкі.


Неабходнасьць такога кроку тлумачылася “настойлівымі просьбамі грамадзкасьці”, аднак ніякага грамадзкага абмеркаваньня пытаньня не было. Рашэньне прымалася прэзыдэнцкім дэкрэтам. У выніку была скасаваная профільная адукацыя і аб’яднаныя ў адно цэлае цяжкасумяшчальныя прадметы. Паводле прыхільнікаў адукацыйнага адкату, навацыі пойдуць на карысьць і школе, і дзяржаве. Аднак іншыя наўпрост заяўляюць: рэформы калі куды і вядуць, то ў пячорнае стагодзьдзе. Да чаго прывядзе рэвізія ў адукацыйнай галіне?

Не пасьпелі школьнікі адчуць асалоду ад пачатку летніх вакацыяў, як Аляксандар Лукашэнка ўзяўся за рэвізію сярэдняй школы. На нарадзе 5 чэрвеня ён абурыўся: школьныя нагрузкі і тэрміны навучаньня ўзрастаюць, а якасьць адукацыі ў цэлым не паляпшаецца. Паводле Лукашэнкі, школьнікаў у рамках 12-гадовай сыстэмы навучаньня паралельна вучаць па розных праграмах: базавай, падвышанай і паглыбленай. Дый проста звычайнай школай, ягонымі словамі, “ужо быць ня модна” — трэба абавязкова “перафарбавацца” ў гімназію ці ліцэй. У сваю чаргу, Лукашэнка прадэманстраваў традыцыйна спагадлівае стаўленьне да ўсяго савецкага, заявіўшы, што сучасная школа павінна захаваць усё лепшае ад тых часоў і разам з тым пазбавіцца ад непатрэбнага балясту, якія ўскладняе працэс атрыманьня ведаў. Кіраўнік краіны паставіў кропку ў дыскусіях пра мэтазгоднасьць 12-гадовага навучаньня: рэформе — быць. 1 верасьня беларуская школа пачала працаваць па новых праграмах, падрыхтаваных фактычна за тры няпоўныя месяцы да навучальнага году.

Міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў за некалькі дзён да пачатку прынцыпова новага школьнага сэзону выказаў перакананьне, што дзяржаўнае ўмяшаньне ў адукацыйныя справы адчувальных наступстваў мець ня будзе:

Аляксандар Радзькоў
“Мы ў якасьці асновы навучальных праграмаў для 11-годкі ўзялі базавы ўзровень, то бок правялі рэвізію: лішняе прыбралі, працэнтаў на 15 яшчэ праграмы спрасьцілі. Але гэта ўжо мяжа, далей спрашчаць немагчыма з той простай прычыны, што мы павінны забясьпечыць неабходны ўзровень і аб’ём ведаў. Пры гэтым ёсьць магчымасьць для разьвіцьця — ёсьць гімназіі, ёсьць ліцэі, дзе можна і на профілі вучыцца. Той досьвед, які мы набылі, разьвіваючы агульнаадукацыйную школу, працуючы ў сыстэме 12-годкі, ён нам істотна дапамагае і пры пераходзе на 11-гадовую сыстэму адукацыі. Настаўнікі падрыхтаваныя да таго, каб выкарыстоўваць у працэсе сваёй працы і сучасныя тэхналёгіі, і цэлыя комплексы вучэбных дапаможнікаў. Яны да гэтага гатовыя, яны дасьведчаныя. Праз сыстэму абавязковых заняткаў, факультатыўных заняткаў дадуць належную якасьць навучаньня”.

Каб пытаньне тычылася толькі лішняга году навучаньня, то, напэўна, яно не выклікала б такой рэакцыі ў грамадзтве. Адным зь першых нязгоду з рэформай сярэдняй адукацыі выказала Таварыства беларускай школы. І сёньня старшыня таварыства Алесь Лозка ня бачыць падставаў карэктаваць сваю пазыцыю. На ягоную думку, не было ніякіх прычын адмаўляцца ад профільнага навучаньня, ад паглыбленага вывучэньня прадметаў, якія спрыялі прафэсійнаму выбару яшчэ на школьным этапе. Да таго ж зусім у розных пазыцыях знаходзяцца вучні 11-й і 11-й штрых-клясы. Першыя выпускаюцца ў 2009 годзе плянава, “штрыхам” жа так і не давялося стаць першапраходцамі ў 12-гадовым цыклі:

Алесь Лозка
“Мы свайго меркаваньня не зьмянілі, таму што дагэтуль лічым: рэформы, безумоўна, патрэбныя. Але так, як яны праводзяцца ў нас, то ўрэшце атрымаліся абсалютна памылковымі. Памылковымі ў тым сэнсе, што рэформа лічыцца прагрэсіўнай, калі яна накіраваная на разьвіцьцё адукацыі, наогул асьветы. Але ў нашым выпадку рэформа, як выявілася, праводзілася толькі з мэтай скарачэньня эканамічных выдаткаў. І якраз пад гэты прэс падпала адукацыя. Вельмі шмат што пацярпела неадэкватнае скарачэньне. І галоўнае, што паглыбленае навучаньне, спэцыялізацыі, профільнасьць скарачаецца. Розныя агульнаадукацыйныя кірункі ў школах фактычна адмененыя. Скажам, эстэтычны цыкл, фізыка-матэматычны, хіміка-біялягічны. Засталіся гэтыя кірункі толькі ў сярэдніх спэцыяльных установах, у гімназіях, ліцэях і каледжах. Таму тут мы многае страцілі нават у параўнаньні з Расеяй і Ўкраінай, дзе якраз вось гэтым кірункам аддаецца вялізная ўвага”.

Сябры адмыслова створанай міжведамаснай камісіі для рэфармаваньня сярэдняй школы “аптымізавалі” такую дысцыпліну, як “Чалавек. Грамадзтва. Дзяржава”. Яе пераўтварылі ў “Грамадазнаўства” і пачнуць выкладаць з 9-й клясы. “Музыка” і “Выяўленчае мастацтва” пакінутыя толькі для пачатковай школы, а працоўнае навучаньне невытлумачальным чынам сумешчанае з чарчэньнем — у выніку атрымаўся ўнікальны прадмет “Працоўнае навучаньне. Чарчэньне”. “Айчынная і сусьветная мастацкая культура”, а таксама “Асновы бясьпекі жыцьцядзейнасьці” папросту выдаленыя з курсу навучаньня, а “Гісторыю Беларусі” безь ніякіх тлумачэньняў вырашана сумясьціць з курсам сусьветнай гісторыі. Пры гэтым, як скардзяцца выкладчыкі, новае бачаньне гісторыі занадта багата аздобленае сучаснай ідэалёгіяй.

Скасаваньне профільнага навучаньня, пры якім даваліся першыя ўрокі спэцыялізацыі, на вышэйшым узроўні патлумачылі “неабходнасьцю даць усім вучням роўныя ўмовы для разьвіцьця”. Гімназіі і ліцэі пакуль застануцца пры ранейшым статусе, аднак за працэдурай паступленьня Аляксандар Лукашэнка загадаў весьці гэткі ж строгі кантроль, як і за паступленьнем у ВНУ.

Ідэйным натхняльнікам адмовы ад 12-гадовага навучаньня называюць колішняга першага намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта, старшыню камісіі для аналізу сыстэмы агульнай сярэдняй адукацыі Анатоля Рубінава. Аднак “маўр зрабіў сваю справу” і цяпер назірае за вынікамі адукацыйнай рэвалюцыі збоку — ня так даўно ён прызначаны намесьнікам старшыні Савету рэспублікі. Як выказаўся з гэтай нагоды адмысловец з багатым досьведам выкладчыцкай працы Лявон Баршчэўскі, Рубінаў фактычна вярнуў адукацыю на ўзровень таго часу, калі вучыўся ў школе сам — то бок на паўстагодзьдзя назад. Таму казаць пра нейкую прагрэсіўнасьць такога кроку, на думку Баршчэўскага, ніяк не выпадае.

Спэцыялісты прагназуюць, што рэформа выкліча скарачэньне настаўніцкіх кадраў — ранейшая колькасьць выкладчыкаў, падрыхтаваных пад 12-гадовую школу, ужо не запатрабуецца. Называюць лічбу ў 20—30 тысяч лішніх людзей. Аднак ужо згаданы спадар Рубінаў запэўнівае: масавых скарачэньняў ня будзе, а вызваленыя ад асноўных прадметаў выкладчыкі будуць задзейнічаныя на факультатыўных занятках. Нагадаю, што ў адпаведнасьці з рэвізіяй паглыбленае вывучэньне шэрагу дысцыплінаў пераводзіцца ў статус неабавязковага факультатыву пасьля асноўных заняткаў:

Анатоль Рубінаў
“Гэтыя факультатыўныя заняткі аплачваюцца настаўнікам, тарыфікуюцца і такім жа чынам улічваюцца, які і звычайныя ўрокі. Агульная колькасьць гадзінаў не скарачаецца. Ніякай задачы скараціць агульную колькасьць гадзінаў няма. І ніякага скарачэньня настаўнікам тут не прадугледжваецца. Таму што аб’ём сродкаў, якія выдаткоўвае Міністэрства адукацыі, ён жа ніяк не скарачаецца. Наадварот, ён павялічаны, паколькі ад пачатку плянаваўся пераход на 12-годку (значыць, яшчэ адна дадатковая 12 кляса), а гэта дадатковыя настаўнікі, дадатковыя выдаткі і г.д. Дык вось якраз гэтыя сродкі пойдуць на дадатковую аплату настаўніцкай працы. Але абсалютна ніякіх прычынаў для скарачэньня няма”.

Аднак нават дасьведчаныя выкладчыкі, чыя прафэсійная кар’ера прыпала на часы “махровай савецкасьці”, ідэю вяртаньня да савецкіх штампаў лічаць цалкам памылковай. Гаворыць заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, аўтар арыгінальных мэтодык выкладаньня Алесь Белакоз, які 43 гады аддаў працы ў школе. Спадар Белакоз жыве ў Гудзевічах Мастоўскага раёну на Гарадзеншчыне. І як выкладчыка беларускай мовы яго асабліва абурае месца роднай мовы ў новай рэдакцыі адукацыйнай рэформы. Яно, словамі настаўніка, папросту “нікчэмнае” — гэтак жа, як і за савецкімі часамі:

Алесь Белакоз
“Такое вось “шараханьне” нікуды ня вартае. І ўвогуле мэтодыка нашая нікуды ня вартая, бо састарэлая. Але пры гэтым маё перакананьне такое: каб атрымаць поўную сярэднюю адукацыю, неабходна 12-гадовае навучаньне”.

Карэспандэнт: “Пашыранае меркаваньне, што не зусім прафэсійныя людзі займаліся рэфармаваньнем, таму і вынік атрымаўся небясспрэчны…”

“Так, вядома. Займаюцца рэформамі школы людзі, якім непатрэбная гэтая школа. І асабліва ім непатрэбная беларуская мова. Усё робіцца дзеля таго, каб як-небудзь дзеці не маглі вывучаць беларускую мову. Гэта як было пры савецкай уладзе. У першым паўгодзьдзі мы мелі беларускай мовы 21 урок, расейскай мовы — 22 (Бог зь ім ужо, крыху туды-сюды). У наступным паўгодзьдзі расейскай мовы ўжо 32 урокі, беларускай — 16, удвая меней. Чаму? У першым паўгодзьдзі вучні, першую чвэрць асабліва, у школе амаль не прыпыняюцца: то ў калгас на выбіраньне бульбы, то церабленьне буракоў у хаце. То маці мае дзялку, разам зь ёй трэба тую дзялку церабіць. Дзіця працуе ўсю чвэрць. І вось у гэты час беларускай мовы крыху больш. А ўжо калі ідзе прадуктыўнае навучаньне, тады ўжо яе мала, расейскай мовы ў два разы больш. Ішлі нават на такую подласьць, каб даць урокі беларускай мовы ў той час, калі вучні ня здолеюць яе вывучаць”.

Карэспандэнт: “Чаму такіх людзей як вы, не далучылі да рэформы? Як вам падаецца?”

“Я даслаў прапановы ў часопіс “Наша мова”, дык мне даслалі адказ: Алесь Мікалаевіч, нікому не патрэбная ваша тэорыя, вы там лепш кветкі ў хаце вырошчвайце. Божа, што ўвогуле робіцца…”

Як канстатуюць адмыслоўцы, практычна ставіцца крыж на эстэтычным выхаваньні падлеткаў. Асабліва гэта адчувальна ў вясковых школах, адрэзаных ад музэяў, тэатраў і канцэртных заляў. Мастак Сяргей Верамейчык шмат гадоў быў цэнтрам культурніцкага жыцьця ў Залесьсі на Смаргоншчыне, стварыў і вёў у мясцовай школе мастацкі і тэатральны гурткі. Потым пачалася рэарганізацыя, у выніку якой да мастацтва пачалі далучаць тых, для каго больш важнай справай выявілася колькасьць “прыватызаваных” гадзінаў. А ў выніку, як гэта часта бывае, церпяць дзеці:

Сяргей Верамейчык
“Болей гэта неабходна для дзяцей вёскі. Менавіта як далучэньне да эстэтычнай культуры — як агульнай, так і культуры сваёй краіны. Колісь я працаваў у школе ў мастацкім гуртку “Апалонік”, потым быў сьпеўны гурток “Альтанка”. Шчыра кажучы, калі мы зь сябрамі прыехалі сюды ў Залесьсе, то мелі такі намер — арганізаваць тут школу мастацтва. Не атрымалася. І ў рэшце рэшт я пачаў працаваць адзін, вёў гэтыя два гурткі. І карысьць была ў тым сэнсе, што дзеці атрымлівалі мастацкую, эстэтычную, музычную, тэатральную адукацыю... А цяпер у 5-й клясе дырэктар вядзе гадзіну маляваньня. Да гэтага я зь ім размаўляў — чаму вы мяне не запрашаеце? Ён кажа: няма гадзінаў. А наогул гадзіны па маляваньні істотна скарачаюцца”.

Карэспандэнт: “То бок зараз барацьба больш ідзе, напэўна, за гадзіны, чым за тое, каб прыцягнуць дзяцей да мастацтва?”

“Канечне, зараз усе пастаўленыя ў такія ўмовы, што ўсім патрошку, але пароўну. І таму неспэцыялісты вядуць і іншыя прадметы — менавіта дзеля таго, каб набраць гадзінаў. А пра вынік ніхто ня думае. Я дык гэтаму не дзіўлюся розумам, але вось менавіта душой ці сэрцам не магу ніяк гэта ўцяміць. Гэта нейкі такі сюррэалізм”.

Бальшыня выкладчыкаў, якія з-за кантрактнай сыстэмы працы вымушаныя абурацца навацыямі пераважна на кухнях, сёлетнюю рэформу называюць спробай “усярэдніць” адукацыю. Між тым кантроль над самімі пэдагогамі ўзмацніўся шматкроць. Праверкі і інспэкцыі з галіновага міністэрства і раённых аддзелаў адукацыі прыяжджаюць у школы па некалькі разоў на тыдзень. Як прызналася адна з настаўніц, праца ў новых умовах набыла экстрэмальныя абрысы, несумяшчальныя з прафэсіяй. У кулюарах абураюцца, што так часта рэфармаваць сфэру адукацыі ўвогуле нельга: ні настаўнікі, ні вучні папросту не пасьпяваюць перабудоўвацца пад новыя патрабаваньні.

Баранавіцкі настаўнік Віктар Сырыца, які з-за палітычнай актыўнасьці ўжо трэці год ня мае магчымасьці працаваць у школе (пры гэтым атрымаў патэнт на прыватнае выкладаньне), называе адмову ад 12-годкі непрадуманым крокам, нэгатыўны ўплыў якога яшчэ адчуецца:

“Я думаю, што рашэньне пасьпешлівае. Мне ідэя 12-годкі падабалася, і дзецям падабалася профільнае навучаньне. А цяпер школа такая, якой і была ў Савецкім Саюзе, яна робіцца савецкай. Аднатыпная, выраўнялі да агульнага, у сэнсе сярэдняга. Усё ж былі профільныя гімназіі, ліцэі, клясы з паглыбленым вывучэньнем прадмету, факультатывы, дадатковыя заняткі. Цяпер нічога гэтага няма. Аднастайнай яна становіцца, школу ў горшым сэнсе ўсярэднілі. Ня трэба было гэтага рабіць так хутка. І самае крыўднае, што абмеркаваньня не было ў грамадзтве гэтай праблемы. У нас у горадзе адміністрацыя папросту сабрала кіраўнікоў школаў і паведаміла, што вось такая будзе рэформа. А думка бацькоў не была пачутая, клясных кіраўнікоў таксама ня выслухалі. Канстатавалі сам факт. Ніякага абмеркаваньня ў шырокім сэнсе не было. Не было адкрытай дыскусіі. А тым больш — усе настаўнікі на кантракце, баяцца выказваць свае асабістыя думкі. І таму проста цярпліва прымаюць гэтую сыстэму і выконваюць яе патрабаваньні”.

Зрэшты, ускосна меркаваньне аб “усярэдненасьці” адукацыі агучыў і сам Лукашэнка. Для яго важна, каб “усе школьнікі займаліся па адзіных праграмах і атрымалі аднолькавы аб’ём ведаў”. Такім чынам, паводле Лукашэнкі, вучні будуць у роўных канкурэнтных умовах пры паступленьні ў вышэйшыя і сярэднія спэцыяльныя навучальныя ўстановы. “А гэта — адзін з найважнейшых прынцыпаў палітыкі сацыяльнай справядлівасьці”, — канстатаваў Лукашэнка.

Самі ініцыятары рэформы “прынцып роўнасьці” пад сумнеў ня ставяць. А вось апанэнты кажуць: калі тэставыя заданьні для ўсіх выпускнікоў школаў насамрэч будуць аднолькавыя, то зразумела, што навучэнцы ліцэяў ці гімназій адолеюць іх прасьцей, чым выпускнікі “ўсярэдненых” школаў. Да таго ж гэтыя заданьні будуць спрошчаныя ў разьліку на веды, атрыманыя менавіта ў сярэдняй школе.

Сяргей Пузанкевіч, клясны кіраўнік 9-й клясы Жодзінскай сярэдняй школы, кажа, што розьніца паміж будучымі выпускнікамі істотная. Так званыя “штрыхі” саступаюць і ў ведах, і ў гатовасьці здаваць уступныя іспыты:

“Для настаўнікаў у зьвязку з рэформай розьніца меншая, але мне вельмі шкада дзяцей з 11-штрых клясаў, якія вымушаныя за адзін год праходзіць двухгадовую праграму. Настаўнік яшчэ можа перабудаваць сваю праграму, працаваць у іншым накірунку. Але ж для дзяцей гэта вельмі складана. Гарадзкія алімпіяды прайшлі, і яны паказалі, што перш за ўсё розьніца ёсьць у ведах паміж 11 простымі клясамі і 11-штрыхамі. Першыя месцы займалі ў асноўным 11 клясы, яны больш падрыхтаваныя, бо ідуць на заключны этап, а тут штурмам даводзіцца браць вось гэтую двухгадовую праграму. І таму 11-я штрыхі мяне вельмі хвалююць у сэнсе нават паступленьня. Шкада. Дзеці разумныя, але яны не ў аднолькавых умовах з 11-мі клясамі простымі”.

Карэспандэнт: “То бок ім проста аб’ектыўна не хапіла часу?”

“Безумоўна, не хапае часу. Нават па асноўных прадметах, якія неабходна вывучыць. Прыкладам, па гісторыі, калі паглядзець праграмы, тры ўрокі на 10 клясу мы даем, а потым адразу пераходзім да 11-й клясы. А тыя, каму рыхтавацца да паступленьня, — яны ўжо мусяць самі ўсё пралапаціць. Вось такім чынам”.

Між тым падвоены выпуск адзінаццаці- і нерэалізаваных дванаццацігодак рэфарматараў не пужае. Як заўважыў старшыня камісіі Анатоль Рубінаў, гэта будзе паўнавартасны выпуск аднагодак, якія пры падтрымцы настаўнікаў змогуць атрымаць адпаведную адукацыю, каб паступіць у ВНУ і спэцустановы.

Аднак іншыя спэцыялісты кажуць, што ня так у гэтай справе ўсё проста. Майстар прафэсійнага арыентаваньня пры Белдзяржунівэрсытэце Іна Шаравар сьцьвярджае, што “штрыхі” не на жарт напалоханыя сваёй пэрспэктывай з выбарам прафэсіі:

“Ну вядома ж, тыя дзеці, якія навучаюцца зараз у 11-“штрых” клясе, — у іх больш падставаў, каб хвалявацца. Бо, па-першае, у 2009 годзе будзе нашмат больш выпускнікоў, і, значыць, будзе намнога болей абітурыентаў. А па-другое, трэба як мага хутчэй вызначацца з выбарам далейшай прафэсіі. Таму магу сьведчыць, што амаль 80% тых, хто прыходзіць пракансультавацца па праблемах прафарыентацыі, складаюць вось гэтыя 11-“штрых” клясы, якім тэрмінова трэба вызначацца — куды паступаць далей, робячы прафэсійны выбар. Складана дзецям, складана бацькам”.

Карэспандэнт: “Увогуле адчуваецца, што яны насамрэч недастаткова падрыхтаваныя да паступленьня?”

“Мне падаецца, што якраз больш такога псыхалягічнага нэрваваньня, чым агульна-інтэлектуальнага. Пэўная ж база ёсьць, базавыя веды яны засвояць. Аднак умовы псыхалягічнай гатоўнасьці да дарослага жыцьця досыць складаныя”.

Як лічыць вэтэран пэдагагічнай справы, заслужаны настаўнік Беларусі Алесь Белакоз, уся цяперашняя сыстэма адукацыі пабудаваная на спробе “падлавіць” вучня на тым, што ён чагосьці ня ведае ці штосьці слаба засвоіў. Між тым сам спадар Белакоз — прыхільнік нашмат больш гуманнага стаўленьня да дзяцей. Паводле распрацаванай ім аўтарскай мэтодыкі выкладаньня, школьнік будзе больш старанным, калі адчуе стымул для засвойваньня матэрыялу. У свой час Алесь Белакоз ледзьве не павальна “прадукаваў” выдатнікаў, што спараджала шмат крытыкі за неапраўдана лібэральны падыход да вучняў. Кажа, што і сёньня за аснову ў рэформах трэба было б узяць гуманізм, якога традыцыйна бракуе. Праўда, у ацэнках ведаў па старой звычцы апэлюе да бліжэйшай яму “пяцёркі”:

“Вы паглядзіце: увесь час усе настаўнікі працуюць як — апытваньне, тлумачэньне новай тэмы, замацаваньне заданьня. Гэта няправільна. Апытваньне заўсёды пераўтвараецца ў допыт, я гэта па сабе ведаю. Як я ні намагаўся, каб апытаць вучняў за 10 хвілінаў, нічога не атрымлівалася. Але калі потым вынайшаў сабе мэтодыку апытваньня па картках, то ў мяне апытваньне займала тры хвіліны. Усе вучні атрымлівалі адзнаку. І што цікава, адзнакі ніжэй, чым 4 і 5, не было. Вучні ведалі, якія пытаньні ім будуць на наступным уроку. Мяне крытыкавалі за гэта: ну як жа? Калі яны будуць ведаць усё загадзя, дык, натуральна, адкажуць. Кажу — дык а што, мы ў хованкі з вучнямі гуляем? Мы што, ставім за мэту злавіць і паставіць дрэнную адзнаку? Я стаўлю іншую мэту: растлумачыў тэму, каб яны ведалі, зразумелі яе, завучылі і на наступным уроку атрымалі свае пяцёркі. Гэтага нашы настаўнікі не маглі зразумець. А чаго шкадаваць пяцёрку? Мы што, купляем яе за валюту? Зарабіла дзіця, пастаралася — пастаўце пяцёрку... Ведаеце, я працаваў 43 гады настаўнікам, 40 гадоў пакутаваў, а 3 гады ішоў на ўрокі, як на сьвята”.

Як толькі было абвешчана рашэньне вярнуцца да 11-гадовага навучаньня, старшыня камісіі адукацыі ў Палаце прадстаўнікоў Уладзімер Здановіч пагадзіўся, што гэта пачатак “новай рэформы”. Аднак рэформы… у “пячорнае стагодзьдзе”: “Любы чалавек, якія мае хоць мінімальныя адносіны да адукацыі, разумее: за 2—3 месяцы стварыць новыя талковыя вучэбныя праграмы нельга”. Аднак цяпер спадар Здановіч не такі радыкальны ў высновах. І нават лічыць цалкам разумным папярэдні адбор абітурыентаў паводле “індывідуальных якасьцяў”. Нагадаю, што сёлета ўпершыню пры паступленьні ў ВНУ на “стратэгічныя спэцыяльнасьці” адмысловыя камісіі вырашалі, ці варты выпускнік школы таго, каб вучыцца на юрыста, журналіста ці мытніка:

Уладзімер Здановіч
“Міжнародныя зносіны, міжнародная эканоміка, юрыдычныя факультэты, мытная справа... Перадусім гэта тычыцца такога кшталту спэцыяльнасьцяў. І ведаеце, я нават лічу, што такі сьпіс трэба пашыраць. Бо такія ж тэставаньні, гутаркі ўводзяць, прыкладам, і на пэдагагічных спэцыяльнасьцях. Бо дзіця глядзіць на настаўніка і заўсёды нешта ад яго пераймае. У гэтым нічога дрэннага я ня бачу. У нас ужо дзейнічае такі адбор на вайсковых факультэтах, на факультэтах міністэрства ўнутраных спраў, калі браць з шэрагу такіх вось навучальных установаў. І калі мы маем на ўвазе, што чалавек у будучым усё ж будзе прадстаўляць нашу краіну на нейкай досыць высокай пасадзе (бо мяркуецца, што атрымаўшы дыплём такога факультэту, чалавек урэшце будзе займаць адпаведную пасаду), то тут патрэбны ўжо адпаведны ня толькі адбор па ведах, але яшчэ і па якасных паказьніках гэтага чалавека”.

Цяпер атрымаць не рэглямэнтаваную дзяржаўнымі ведамствамі сярэднюю адукацыю можна хіба ў Беларускім гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа, які ўпаў у няласку дзяржавы і быў зачынены на загад Міністэрства адукацыі пяць гадоў таму. Нязьменны дырэктар ліцэю Ўладзімер Колас апошнія падзеі ў галіне адукацыі наўпрост называе авантурай. Ён лічыць: калі і трэба было з чагосьці пачынаць, то з дэідэалягізацыі адукацыі, а не з карэннага перагляду зьместу школьных падручнікаў. Цяперашні ж адукацыйны адкат, на думку экспэрта, не дазволіць маладым беларусам інтэгравацца ў эўрапейскую мадэль адукацыі. Бо зь беларускай школы, як і раней, выйдзе чалавек з багажом архаічных савецкіх ведаў:

Уладзімер Колас
“Стаўленьне да таго, што адбываецца ў адукацыі, ня можа зьмяніцца. Бо нічога не зьмянілася ў самой сыстэме. Тыя скандальныя навацыі, якія адбыліся на пачатку гэтага вучэбнага году і якія прымусілі вучняў апошніх клясаў выконваць праграму двух гадоў за адзін год, — гэта, безумоўна, авантура і нейкая бязглузьдзіца, якая закранае інтарэсы навучэнцаў і бацькоў, зацікаўленых у пэрспэктывах для сваіх дзяцей. А што тычыцца сапраўднай рэформы, то яна павінна пачынацца з дэідэалягізацыі школы. Ліцэй якраз і паўстаў на такіх падмурках. Тады была савецкая ідэалёгія, якая засьмеціла ўвесь зьмест гуманітарнай адукацыі. Сёньня ў нас так званая дзяржаўная ідэалёгія — гэта нешта эклектычнае, сутнасьць якой ёсьць падвоеныя стандарты, двудушнасьць, цынізм, канфармізм, якія празь сёньняшнія падручнікі, якія празь сёньняшняе школьнае навучаньне прышчапляюцца новаму пакаленьню беларусаў. Гэта проста недапушчальна, і гэта я лічу злачынствам перад нашай будучыняй”.

Падлеткі, якія хоць год адвучыліся пад дахам Коласаўскага ліцэю, не хаваюць, што на сабе адчулі, якая бездань паміж звычайнай школай і ліцэем. Дык ці прынцыповая розьніца паміж навучаньнем у традыцыйнай агульнаадукацыйнай установе і ў “партызанскай школе”? Гаворыць ліцэістка Паўліна:

“Так, розьніца ёсьць. І самая істотная розьніца, напэўна, у тым, што я якраз трапіла пад рэформу і ў школе мне давялося б праходзіць двухгадовую праграму за адзін год. Аднак ліцэй гэтая рэформа не закранула, і я навучаюся па нармальнай праграме”.

Карэспандэнт: “Увогуле, ці былі думкі вярнуцца ў звычайную школу?”

“Не, думак такіх не было, бо я для сябе вырашыла, што хачу вучыцца нармальна, хачу засвоіць увесь матэрыял добра, якасна, каб потым паступіць ва ўнівэрсытэт. Да таго ж у школе вучань у бальшыні выпадкаў кінуты на волю лёсу, і настаўніка ў апошнюю чаргу цікавіць, як ён засвоіць матэрыял. А тут мы працуем нібыта з рэпэтытарамі, і настаўнік кожнаму ліцэісту прысьвячае вельмі шмат увагі. Апроч таго, на жаль, у школе цяпер ствараюцца розныя “бээрэсэмаўскія” суполкі, аднавіліся акцябраты і піянэры, шмат вельмі ідэалёгіі. А ў ліцэі заідэалягізаванасьці няма, і мне гэта падабаецца”.

Выкладчыца з 55-гадовым стажам Яўгенія Дудко, маці экс-рэктара БДУ, палітыка Аляксандра Казуліна, хоць некалькі апошніх гадоў ужо і не працуе ў школьнай сыстэме, аднак за спробамі рэфармаваць галіну сочыць пільна. І таксама лічыць, што ўлады пасьпяшаліся з высновамі пра тое, што Беларусі 12-гадовае навучаньне не пасуе:

“Я заўсёды за ўсё лепшае. Таму была за 12-гадовую адукацыю. Тады дзеці ўжо былі ва ўзросьце такім, што яны самі маглі б ужо выбіраць для сябе — або прафэсію, або далей ісьці вучыцца. А то ў 17 гадоў школу заканчваюць, і ні туды, ні сюды. Асабліва складана хлопчыкам, якім праз год трэба будзе ісьці ў войска. Таму вельмі цяжка гэта адаб’ецца на дзецях. Бо дзеці і самі ня ведаюць, за што ім брацца, што ім рабіць. А што ўжо казаць пра бацькоў?! Бо такая мітусьня — то ўправа, то ўлева — і чалавек сам ня ведае, што рабіць. Дык, прабачце, ён жа свой інтэлект на гэтым раздарожжы губіць. Цяжка і тое, што ў гэтым годзе ўжо ня будзе дадатковых месцаў для паступленьня. А гэта значыць, што два патокі будуць паступаць у адны і тыя ж месцы. Можна толькі ўявіць, як гэта будзе цяжка для дзяцей і іх бацькоў”.

Цягам “пераходнага пэрыяду” (2008—2009, 2009—2010 навучальныя гады) навучаньне школьнікаў будзе весьціся па дапаможніках, якія існуюць для 12-гадовай школы. У асобных выпадках старэйшыя вучні будуць вучыцца па некалькіх кніжках адначасова — для 11-й і 12-й клясы. Тым часам Міністэрства адукацыі працягвае распрацоўваць новыя навучальныя пляны для 9-й і 11-й клясы.

Спэцыялісты кажуць, што ці не найбольшая памылка рэфарматараў адукацыі — адмова ад профільнага навучаньня, якое дазволіла б істотна падвысіць узровень адукацыі і спрыяла б больш якаснаму прафэсійнаму самавызначэньню. Таму прынамсі лягічна было б дачакацца заканчэньня папярэдняга экспэрымэнту і даць выпускнікам давучыцца па экспэрымэнтальнай схеме, а ўжо пасьля прыдумляць новыя правілы гульні. Пры гэтым адмыслоўцы спасылаюцца на досьвед 170 краінаў сьвету, дзе 12-годка існуе ўжо дзясяткі гадоў. У паўсотні краінаў дзеці навучаюцца ўвогуле 13 гадоў, а ў некаторых — нават 14.

Між тым школьная рэформа па-беларуску ніяк не акрэсьлівае і яшчэ адной праблемы — навучаньня на роднай мове. Паводле Таварыства беларускай школы, толькі 20% беларускіх школьнікаў атрымліваюць адукацыю на беларускай мове.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG