Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя разам з урадам палепшыць імідж Беларусі?


Сёньня кіраўнік навукова-дасьсьледчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук і кіраўнік сацыялягічнай лябараторыі “Новак” прафэсар Андрэй Вардамацкі прадставяць беларускаму ўраду свой плян паляпшэньня іміджу Беларусі. Прэзэнтацыю яны зробяць на паседжаньні міжведамаснай працоўнай групы. Упершыню за шмат гадоў ў яе ўключылі і незалежных экспэртаў


Загад аб стварэньні такой групы на пачатку студзеня падпісаў прэм’ер Сяргей Сідорскі. Яе ачольвае намесьнік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка. У групе – супрацоўнікі шэрагу міністэрстваў, тры бізнэсоўцы і два незалежныя экспэрты.

Яраслаў Раманчук гаворыць, што на сёньняшні дзень праграма зробленая:

Яраслаў Раманчук
“Мы ўжо падрыхтавалі нашае бачаньне “краінавага маркетынгу”. Цяпер мы стараемся зрабіць так, каб яе падтрымалі прадстаўнікі бізнэсу. Калі ў нас будзе адна пазыцыя, значыць, гэта будзе пазыцыя, прынамсі, пяці сяброў групы. А калі не, то гэта будзе пазыцыя Вардамацкага і мая”.

Доктар сацыялёгіі Андрэй Вардамацкі тлумачыць “Свабодзе” сутнасьць праграмы:

“Спэцыфіка яе ў тым, што мы хочам надаць усім дзеяньням комплексны і сыстэматычны характар. Каб гэта не было такое аднаразовае “падскокваньне”, а каб гэта была плянамерная сыстэма прасоўваньня іміджу нашай краіны. Гэта ёсьць канцэптуалізацыя таго, што называецца “краінавым маркетынгам” у дачыненьні да Рэспублікі Беларусь”.

А Яраслаў Раманчук дадае:

“Наша стратэгія “краінавага маркетынгу” гэта – новыя ідэі, новыя людзі, новыя рашэньні для новай Беларусі”.

Дарэчы, 16 студзеня старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Жане Літвіной, а таксама галоўнаму рэдактару “Народнай волі” Іосіфу Сярэдзічу было афіцыйна прапанавана ўвайсьці ў склад грамадзкай каардынацыйнай рады ў сфэры масавай інфармацыі.



Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG