Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Закон для будучых ліквідатараў?


Сёньня ў афіцыйным друку апублікаваны закон аб сацыяльнай абароне пацярпелых ад Чарнобылю ды іншых радыяцыйных аварый.

Чарнобыльскі ліквідатар, інвалід другой групы Васіль Сіліверст з Калінкавічаў лічыць, што галоўныя пункты ў новым законе — наконт асобаў, якія працавалі зь ядзернай зброяй, ядзернымі матэрыяламі:

“Ёсьць у законе галоўнае — тыя, хто працаваў зь ядзернай зброяй і ядзернымі матэрыяламі. У нас, у Беларусі, такіх спэцыялістаў мала — гэта пераважна вайскоўцы, якія працавалі на ядзерных палігонах Расеі.

Гэты пункт закону будзе распаўсюджвацца і на тых людзей, якія будуць працаваць на будучай атамнай станцыі ў Беларусі. Мяркую, што пункт уключылі ў закон праз Палату прадстаўнікоў ядзерныя лабісты, якія маюць свае інтарэсы“.

52-гадовы ліквідатар з Мазыра Ўладзімер Лузан, у якога нядаўна скасавалі чарнобыльскую інваліднасьць, лічыць, што новы закон — гэта чарговы фарс, акцыя дзяржаўнага папулізму:

Улады хочуць зьмякчыць стаўленьне народу менавіта да будаўніцтва атамнай станцыі.
“Лічу, што гэта чарговы фарс, папулізм. Улады хочуць зьмякчыць стаўленьне народу менавіта да будаўніцтва атамнай станцыі. Нашыя дзеці бачылі, як з намі расправіліся. Хто ж цяпер выправіць сваіх дзяцей ці ўнукаў на гэтую будоўлю?! Ім трэба цяпер паказаць, што яны нібыта яшчэ пра кагосьці клапоцяцца”.

Тым часам шматлікія чарнобыльскія ліквідатары, як лічыць спадар Лузан, кінутыя на волю лёсу. У іх адабралі, па сутнасьці, усе сацыяльныя льготы — і такіх людзей тысячы:

“Мы дажываем. У прыватнасьці, што тычыцца мяне. У мяне напачатку зьнялі чарнобыльскі артыкул, пазбавілі групы інваліднасьці. Цяпер у мяне нічога няма — застаўся 20-ты артыкул ліквідатара. Я нават мэдычнай дапамогай карыстацца не магу. Нічым абсалютна, хаця ўжо й працаваць не магу. Мяне ледзь ня выкінулі з працы — я ж нічым не абаронены. Рукі не падняць, ногі баляць, мышцы баляць — заснуць нельга.

Я цяпер, скрыгочучы зубамі, устаю, іду на працу і так вяртаюся дамоў. Прыходжу, пад’ем і на ложак валюся. Усё — гатоў“.


Сацыяльныя льготы ў Беларусі былі адменены 17 сьнежня 2007 году паводле закону “Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорыяў грамадзян”. У выніку ліквідатары-“чарнобыльцы” страцілі права на бясплатнае атрыманьне лекаў, выраб і рамонт зубных пратэзаў, бясплатны праезд у грамадзкім транспарце ды іншыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG