Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выканаўчае бюро Міжнароднага валютнага фонду вырашыла даць Беларусі стабілізацыйны крэдыт у памеры амаль два з паловай мільярды даляраў. Мэта гэтай акцыі — дапамагчы краіне пераадолець наступствы глябальнага фінансавага крызісу. Як ацэньваюць гэты крок МВФ у Беларусі.


Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка кажа: каб атрымаць замежны крэдыт, улады мусілі ахвяраваць дабрабытам людзей:

Леанід Заіка
“Таму што пры дапамозе дэвальвацыі ў людзей за адну ноч адабралі мільярд даляраў. Адабраць мільярд дзеля таго, каб атрымаць два з паловай мільярды крэдыту — гэта, ведаеце, трэба ўмець... любіць народ”.

Эканаміст Заіка адзначае, што ня варта перабольшваць фінансавы бок рашэньня МВФ:

“Крэдыт мае найперш псыхалягічнае значэньне, каб паказаць насельніцтву, што курс рубля можа трымацца. Але гэта слабое суцяшэньне. Слабое таму, што была зроблена самая вялікая памылка — перапынілася вера ў беларускі рубель. Таму што напярэдадні казалі, што ўсе зьберажэньні будуць надзейнымі, усё ў парадку, грашовая палітыка — цудоўная”.

А вось прэсавы сакратар Нацыянальнага банку Беларусі Міхаіл Журавовіч называе гэты крэдыт для Беларусі “вельмі важным”:

“Таму што ён папоўніць золатавалютныя рэзэрвы, а значыць, будуць магчымасьці для далейшага змаганьня зь фінансава-эканамічным крызісам, які ахапіў сёньня ўвесь сьвет. І па-другое, выдзяленьне Міжнародным валютным фондам крэдыту становіцца істотным фактарам для разьвіцьця фінансавых узаемаадносін зь вядучымі міжнароднымі арганізацыямі, краінамі Эўрапейскай супольнасьці ды іншымі дзяржавамі”.

Былы старшыня праўленьня Нацыянальнага банку краіны Станіслаў Багданкевіч пагаджаецца з тым, што гэты крэдыт Беларусі надзвычай патрэбны. І даводзіць гэта канкрэтнымі лічбамі:

Станіслаў Багданкевіч
“Рэзэрваў золатавалютных на 1 студзеня засталося толькі на тры мільярды даляраў. А камэрцыйныя банкі маюць паўтара мільярда даляраў у мінусе. Гэта значыць, рэальных рэзэрваў ёсьць дзесьці 1,5—1,6 мільярда даляраў. А гэта надзвычай мала. Трэба, каб іх было як найменей 10 мільярдаў”.

Першую траншу стабілізацыйнага крэдыту МВФ памерам 787,9 мільёна даляраў чакаюць у Менску ўжо заўтра. Астатнія грошы будуць пераводзіцца цягам 15 месяцаў на падставе штоквартальных аглядаў.

XS
SM
MD
LG