Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Найлепшае – купіць кавалак зямлі з домам у сельскай мясцовасьці"


Госьць “Начной Свабоды” — выкладчык Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту Аляксандар Кавалёў. Аналітычны цэнтар “Стратэгія” і дасьледчы цэнтар Мізэса напрыканцы мінулага году прызналі яго “чэмпіёнам лібэралізму”. Эфір 5 студзеня.


Соўсь:
“2 студзеня адразу пасьля таго, як было аб’яўлена пра дэвальвацыю беларускага рубля, (Нацбанк ўстанавіў курс даляра ЗША на ўзроўні 2650 рублёў) многія беларусы кінуліся ў крамы па закупы, пакуль яшчэ не вырасьлі кошты. А вы, спадар Аляксандар, не паддаліся гэтаму спажывецкаму ажыятажу? Ці набылі нешта?”

Кавалёў: “Калі і набыў, то тое, што было даўно заплянавана, і гэта былі проста нейкія рэчы для простага жыцьця. Ніякага ажыятажу”.

Соўсь: «Давайце паслухаем адказы вядомых асобаў Беларусі на пытаньне: “Ці адбілася на вас і вашай сям’і дэвальвацыя беларускага рубля?” Запытваўся ў іх мой калега Ўладзімер Глод».

Старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня Станіслаў Шушкевіч кажа, што ад дэвальвацыі ён толькі выйграў:

“Мяне ніяк гэта не закранула, бо я не зарабляю ніводнай капейкі ў беларускіх рублях. А зарабляю я ў злотых, далярах, эўра. Таму мне нават лепей стала. Я чытаю лекцыі ва ўнівэрсытэтах, а таксама публічныя лекцыі па дамоўленасьці. Прыкладам, цяпер я маю запрашэньне на канфэрэнцыю ў Злучаныя Штаты. І я ўжо скантактаваўся з пэўнымі ўнівэрсытэтамі. І гэта мой прафэсарскі бізнэс. Я дакладна ведаю, што праз кароткі час у Беларусі будзе горш. Таму што падаражаньне непазьбежна, а абясцэньваньне беларускага рубля адаб’ецца адмоўна на ўсіх, без выключэньня”.

Старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў чацьвёртага скліканьня Ўладзімер Здановіч кажа, што яго дэвальвацыя не закранула:

“Так склаліся абставіны, што перад Новым годам амаль зусім не было ніякіх грошай. І рахункаў у банках таксама. Таму практычна я нічога не адчуў”.

Намесьніца старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Сьвятлана Губейка таксама кажа, што дэвальвацыю пакуль не заўважыла. Але пры гэтым акцэнтуе ўвагу на слове “пакуль”:

“Але ж, канечне, адаб’ецца. Тут няма пытаньняў. Вось суседзі заходзілі, жаліліся: ляжалі пяць мільёнаў на ашчаднай кніжцы. А цяпер гэта ўжо чатыры мільёны. А асабіста ў мяне няма вялікіх грошай — ні на кніжцы, нідзе. Жывем з зарплаты. Але ж бачым, што цэны ўжо кусаюцца — і там, і там усё дадаецца. Я думаю, што хутка мы гэта моцна адчуем”.

Аляксандар Сасноў, былы міністар працы, кажа, што ягонай сям’і, якая ў сваіх гастранамічных прыхільнасьцях аддае перавагу рознай рыбе, мабыць, прыйдзецца часткова зьмяніць мэню:

“Напрыклад, на Камароўцы той самай цэны на рыбу і вырабы зь яе ўжо пайшлі ўгару. І яшчэ я адчуў, што мая пэнсія будзе цяпер значна таньнейшая ў далярах, чым раней. А гэта значыць, што калі я паеду на тую ж Украіну, дык мне яе ня вельмі будзе хапаць, каб правесьці там час”.

Соўсь: “Я зноў зьвяртаюся да выкладчыка Беларускага Нацыянальнага тэхнічнага унівэрсытэту Аляксандра Кавалёва. Спадар Аляксандар, якія плюсы і мінусы, на вашу думку, дала дэвальвацыя беларускага рубля?”
Цяпер зьявілася нейкая палітычная воля на тое, каб прызнаць, што ўсё ня так добра


Кавалёў: “Якія плюсы? Па-першае, мы пайшлі наперад у пляне прызнаньня таго, што тое, што рабілася ў эканамічнай палітыцы апошніх гадоў, гэта не так усё добра было. Я адкрыў старонку Нацбанку ў інтэрнэце і пабачыў, што курс даляра 2156 быў на 1 студзеня 2004 году. Гэта значыць, што 5 гадоў мы ўтрымлівалі на адным узроўні абменны курс беларускага рубля, прытым, што цэны ў Беларусі кожны год расьлі, па 10, 12, а то і 15 адсоткаў. Гэта значыць, што беларускія тавары і ў далярах даражэлі. Таму расла заработная плата ў далярах і стваралася нейкая ілюзія, што мы пачалі жыць лепей. А цяпер мы пайшлі наперад у тым пляне, што зьявілася нейкая палітычная воля на тое, каб прызнаць, што ўсё ня так добра.

Што тычыцца мінусаў, то іх нашмат больш. Па-першае, падарваны давер, які ствараў Нацыянальны банк да сваёй палітыкі апошніх дзесяці гадоў, году з 1998-га, калі ён адмовіўся ад мноства курсаў і ствараў рэпутацыю арганізацыі, якая ведае, што робіць. Але, на жаль, так атрымалася, што ў рамках беларускай эканамічнай мадэлі на Нацыянальны банк было навешана больш, чым ён можа рабіць. Ён быў павінен адказваць таксама за нейкія тэмпы эканамічнага росту, крэдытаваць рэальны сэктар эканомікі. І таму атрымалася, што грошай у эканоміцы нашмат больш, чым быў попыт на беларускія тавары, і вось дэвальвацыя падштурхнула людзей нават да нейкіх набегаў на банкі”.

Соўсь:
“Аналітычны цэнтар “Стратэгія” і дасьледчы цэнтар Мізэса, падсумоўваючы вынікі сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі за 2008 год, прызналі “найлепшым органам дзяржаўнага кіраваньня” Адміністрацыю прэзыдэнта, найгоршым — Міністэрства эканомікі. “Найлепшым законапраектам году” прызнаны прэзыдэнцкі ўказ аб прыпыненьні кантролю і нагляду. А найгоршым заканадаўчым актам году назвалі бюджэт на 2009 год. А ўпершыню ў гісторыі Беларусі вызначаны пераможца ў намінацыі — “Чэмпіён лібэралізму”, гэта госьць “Начной свабоды”, выкладчык Беларускага нацыянальна-тэхнічнага ўнівэрсытэту Аляксандар Кавалёў. Ён актыўна прапагандаваў ідэі лібэралізму ў сваіх лекцыях, артыкулах, у блогу. Спадар Аляксандар, а дэвальвацыя беларускага рубля – гэта таксама адзін са складнікаў лібэралізму? Як увогуле вы трактуеце гэтае паняцьце сваім студэнтам?”
Калі Лукашэнка рэалізуе свае словы, то стане лібэралам году


Кавалёў: “Лібэралізм – гэта моцны ўплыў у сусьветнай палітычнай, філязофскай, эканамічнай думцы… Эканамічны лібэралізм – гэта, па-першае, прыватная ўласнасьць, па-другое,– гэта абавязковае выкананьне сваіх абавязацельстваў, якія мы ўзялі па нейкіх дамовах, трэцяе – гэта неўмяшаньне дзяржавы ані ў адну эканамічную сфэру. Гэта ідэал лібэралізму. Дзяржава павінна выконваць тыя функцыі, якія на самой справе мы як чалавецтва некалі ёй дэлегавалі, – гэта абарона чалавека, абарона мяжы, судовая сыстэма. Ад усяго іншага мы можам адмовіцца і самастойна без усякай дзяржавы ствараць тыя самыя сацыяльныя інстытуты, якія стварае дзяржава. Напрыклад, пэнсійнае забесьпячэньне ці дывэрсыфікацыю рызыкі ў сваіх зьберажэньнях. Для гэтага дзяржава непатрэбная. У гэтым лібэралізм.

Я прысутнічаў на падвядзеньні гэтых вынікаў мінулага году, і я мяркую, што не толькі Адміністрацыя прэзыдэнта але і сам ён мусіць атрымаць намінацыю «цытата году», бо тое, што ён сказаў у лістападзе, было найбольш лібэральнай прамовай за ўвесь год. Дазволю цытату: «Няпраўда, што свабодная эканоміка і рынкавыя адносіны ў пляне канкурэнцыі, вызваленьня магчымасьцяў чалавека,– гэта кепска. Гэта яны на Захадзе дапрацаваліся да таго, што зьнішчылі рынкавую эканоміку і дэвальвавалі гэтыя паняцьці. Няма нічога кепскага, што ў нас эканоміка будзе бязь лішніх путаў. У гэтым няма ніякай небясьпекі». Але пакуль гэта толькі словы, калі ж усё гэта будзе рэалізавана, дык я не выключаю, што і прэзыдэнт стане лібэралам году”.

Соўсь: «Аляксандр Лукашэнка, калі выступаў з навагоднім зваротам, ведаў аб плянуемай дэвальвацыі беларускага рубля, але пра гэта нічога не было сказана… Як гэта стасуецца зь лібэралізацыяй?»
Дэвальвацыя адбылася толькі таму, што шмат гадоў дзяржава рабіла сваю чорную справу – умешвалася ў валютны рынак


Кавалёў: «Мяркую, што ён ведаў на самой справе, і прэсавы сакратар Нацбанка Анатоль Драздоў гэта пацьвердзіў у адным зь інтэрвію. Гэта была нейкая сплянаваная акцыя. Ці лібэральна гэта? З пункту гледжаньня адкрытасьці, транспарэнтнасьці дзяржаўных органаў улады, канешне, гэта нелібэральна. А што датычыцца гэтай меры як неабходнасьці, то гэта было патрэбна, бо кошты ў беларускіх рублях вырасьлі, гэта быў нярынкавы курс, відавочна. Іншая справа, што мы і сёньня не ведаем, які курс рынкавы: 2600, 2700, можа быць 3000? Ніхто не ведае. Гэта першы крок. На справе мы атрымалі дэвальвацыю 2 студзеня толькі таму, што многа гадоў дзяржава рабіла сваю чорную справу – умешвалася ў валютны рынак».

Соўсь: “Зараз я прапаную паслухаць кіраўніка цэнтра Мізэса Яраслава Раманчука, які гаворыць пра Аляксандра Кавалёва:

Раманчук:
“ Навуковы цэнтар Мізэса ўпершыню ў беларускай гісторыі праводзіў конкурс «Чэмпіён лібэралізму-2008», былі жорсткія колькасныя і якасныя крытэры, напрыклад, колькі чалавек напісаў навуковых артыкулаў, публіцыстычных артыкулаў, як ён удзельнічаў у дыскусіях, ці праводзіў сэмінары, канфэрэнцыі, што рабіў са студэнтамі, як распаўсюджвае ідэі, ці ведаюць яго сярод экспэртаў, ці ўдзельнічае ён у міжнароднай працы ў лібэральных колах.

І вось Аляксандар Кавалёў, мала таго, што ён добры выкладчык, і студэнты яго любяць, ён зрабіў кола «аўстрыйскай школы» ў БНТУ, у якое ўвайшлі шмат людзей, якія далучаліся да нашай працы, да эканамічных салёнаў. Аляксандар удзельнічаў у канфэрэнцыі ў Празе, быў у Маскве сярод эканамістаў лібэральнага накірунку, ён напісаў 4 навуковыя працы цягам мінулага году, вядзе дыскусійны блог, які прысьвечаны лібэральнай эканоміцы, ён сумяшчае торыю і практыку і таксама кансультуе бізнэс па пытаньнях карпаратыўнага кіраваньня, выводзячы формулу посьпеху на лібэральнай тэорыі і адказнасьці за свае дзеяньні ў межах прыватнай уласнасьці”.

Соўсь: “А я дадам да расповеду Яраслава Раманчука, што Аляксандар Кавалёў нарадзіўся ў 1966 годзе ў Пінску. Скончыў аддзяленьне палітычнай эканоміі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Скончыў асьпірантуру Беларускага нацыянальнага тэхнічнага унівэрсытэту. А таксама 2 гады дактарантуры, працуе над доктарскай дысэртацыяй. Аляксандар, а якая формула посьпеху паводле лібэральнай тэорыі?”
Формула посьпеху вельмі простая. Кожны павінен стаць прафэсіяналам у сваёй галіне


Кавалёў: “Мяркую, што формула вельмі простая. Кожны павінен стаць прафэсіяналам у сваёй галіне. Напрыклад, калі ты любіш чытаць лекцыі, калі гэта ў цябе атрымліваецца,– займайся гэтай справай. Рынак сам вызначыць, што ты лепшы і ты будзеш атрымліваць нармальныя заробкі ў гэтай сфэры. Я вось слухаў спадара Шушкевіча, і мне стала балюча, што прафэсар, які кіраваў катэдрай ядзернай фізыкі ў БДУ, аніяк зараз не займаецца гэтай галіной навукі, ня ўдзельнічае ў дыскусіі па пытаньні пабудовы АЭС. Гэта ненармальна… Формула посьпеху ў тым, каб дзяржава гарантавала ўласнасьць. Па-другое, дзяржава адмаўляецца ад умяшальніцтва ў эканоміку праз вялікія падаткі і нейкую манэтарную палітыку, і людзі зробяць тое, што ім трэба, самі”.

Соўсь: “Дамо слова слухачу Свабоды”.

Слухач: “Мяне завуць Мікалай Іванавіч, мне 76 гадоў, я цяжка хворы. Зь вялікай цяжкасьцю я сабраў 1 мільён 200 тысяч беларускіх рублёў на пахаваньне. Мяне цікавіць, ці можа пасьля навагодняга абвалу беларускага рубля гэта паўтарыцца ў бліжэйшыя месяцы? Што мне рабіць? Мае грошы на пахаваньне прападуць…”

Соўсь: “Спадар Кавалёў! Што б вы адказалі слухачу Свабоды, якія парады маглі б даць звычайным беларусам, што трэба ім рабіць, каб не згубіць свае грошы, якія б малыя ці вялікія яны не былі?”
Самае лепшае ў Беларусі – гэта купіць сабе нейкі кавалак зямлі з домам у сельскай мясцовасьці


Кавалёў: “Пытаньне сумнае на самой справе. Калі размова аб такіх невялікіх грошах людзей, якія ўжо сёньня не працуюць, то мая рэкамэндацыя такая: не класьці ўсе яйкі ў адзін кошык, няхай нешта будзе ў далярах, нешта ў эўра, нешта на рахунках у беларускіх банках, калі ў чалавека ёсьць яшчэ вера ў іх… А што тычыцца парадаў укладаньня грошай, то самае лепшае ў Беларусі – гэта купіць сабе нейкі кавалак зямлі з домам у сельскай мясцовасьці, бо на самой справе яны каштуюць тысячу даляраў, калі гэта не пад самым Менскам, і я не думаю, што гэта будзе дрэннае ўкладаньне, бо кошты на такую нерухомасьць будуць расьці”.

Соўсь: “Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка прагназуе, што неўзабаве ў Беларусі пачнецца інфляцыя – на ўзроўні мінімум 30—35%. І адзіны варыянт, які можа быць у такой сытуацыі, паводле спадара Заікі, гэта пераход на расейскі рубель. Бо цяпер практычна можна зрабіць дэнамінацыю. І 2600 – гэта прыкладна будзе 26—27 рублёў. І потым аўтаматычна, цягам году, пераход на расейскі рубель”. Гэтая заява Леаніда Заікі выклікала адмоўную рэакцыю чытачоў нашага сайту. А як мяркуеце вы, спадар Аляксандар, ці мае рацыю спадар Заіка і якое выйсьце з гэтай сытуацыі было б для Беларусі аптымальным?”
Ня думаю, што пераход на расейскі рубель – гэта вырашэньне праблемы


Кавалёў: “Безумоўна, спадар Заіка мае рацыю ў тым, што інфляцыя можа дасягнуць 35 адсоткаў за год, таму што за першы тыдзень гэтага году шмат якія тавары сталі даражэй на 25–30 адсоткаў, бізнэсоўцы, якія зьяўляюцца імпарцёрамі, закладваюць у кошт прадажы нейкую дадатковую рызыку…

А што тычыцца другой часткі, то я ня думаю, што пераход на расейскі рубель – гэта вырашэньне праблемы. Паглядзіце, Расея таксама ў сьнежні дэвальвавала свой рубель на тыя ж 20 адсоткаў адносна даляра. Гэта не такая ўжо моцная валюта і не такая краіна, якая мае традыцыі добрай валюты. Тым больш, што цягам апошніх 10 год Расея хоць і застаецца асноўным партнэрам Беларусі, але Эўразьвяз займае другое месца і займае ўпэўнена. Эўропа для нас не меней важная паводле напрамкаў зьнешняга гандлю. Перайсьці на расейскі рубель і адмовіцца самім ад манэтарнай палітыкі, чакаць пакуль Масква дазволіць надрукаваць больш грошай, зрабіць эмісію? Я не думаю, што беларускія ўлады пойдуць на такі крок, і ня думаю, што гэта сапраўды добры крок. Беларускі Нацбанк можа праводзіць досыць адказную палітыку ў манэтарнай сфэры”.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG