Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наступны год — роднай зямлі, чакаць году роднай мовы?


Краявід Вілейшчыны
Краявід Вілейшчыны
Аляксандар Лукашэнка абвясьціў наступны год Годам роднай зямлі. З паведамленьня прэс-службы адміністрацыі прэзыдэнта можна зразумець, што правядзеньне адпаведных мерапрыемстваў будзе спрыяць памнажэньню нацыянальнага, культурнага і духоўнага набытку, а таксама захаваньню традыцый беларускага народу і выхаваньня ў моладзі любові да Бацькаўшчыны.

Кіраўнік дзяржавы даручыў Савету міністраў зацьвердзіць рэспубліканскі плян мерапрыемстваў для правядзеньня Году роднай зямлі і забясьпечыць каардынацыю дзейнасьці дзяржаўных органаў, каб выканаць заплянаванае.

Чыноўнікі міністэрстваў і камітэтаў паведамілі “Свабодзе”, што яшчэ не атрымалі ніякіх дакумэнтаў і таму пакуль ня маюць чаго камэнтаваць.

Палітыкі, лідэры дэмакратычных партый паставіліся да выказваньняў кіраўніка дзяржавы скептычна.

Павал Севярынец
Сустаршыня аргкамітэту для стварэньня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец упэўнены, што праграма дзеяньняў ніякім чынам не закране ідэалягічную сфэру.

“Вялікая колькасьць праблемаў у Чарнобыльскай зоне: яе засяляюць, туды накіроўваюць спэцыялістаў, прадукцыю адтуль прадаюць па ўсёй Беларусі.

Мы ведаем, як безадказна ставяцца да помнікаў гістарычнай спадчыны. Усё гэта ў страшэнным занядбаньні. У любой эўрапейскай краіне такое стаўленьне ўладаў стала б нацыянальнай ганьбай. Таму, думаю, гаворка тут ідзе ня столькі пра спробу выправіць становішча з патрыятызмам, колькі пра тое, каб чарговы раз выкарыстаць каньюнктуру і эўрапейцам, можа й расейцам, якія будуць прыяжджаць у Беларусь, стварыць больш-менш спрыяльныя ўмовы для паляваньня, адпачынку, агратурызму…”

Анатоль Лябедзька
Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька лічыць, што Аляксандар Лукашэнка спрабуе пашырыць аўдыторыю свайго электарату.

“Эканамічныя і сацыяльныя праблемы прывядуць абавязкова да скарачэньня і памяншэньня “лукашэнкаўскага” электарату. Яму нічога не застаецца, як спрабаваць гуляць на полі сваіх апанэнтаў, каб адарваць маленькімі кавалачкамі людзей, знайсьці там сваіх прыхільнікаў.

Таму й зьяўляюцца такія вось праекты, як “Родная зямля”. Хутка будзе “Родная мова” і г.д. Гэта барацьба за электарат”.
Хутка будзе “Родная мова” і г.д. Гэта барацьба за электарат


Старшыня аргкамітэту для стварэньня сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Мікола Статкевіч выказаў сваё меркаваньне:

Мікола Статкевіч
“Фактар незалежнасьці ўжо выкарыстоўваецца ў торгу за энэрганосьбіты з Расеяй, каб шмат не патрабавалі, бо „мы ж незалежныя“. Дык вось гэтую незалежнасьць трэба нейкім чынам падкрэсьліваць ці легітымізаваць. А легітымнасьць даказваецца праз старадаўні характар незалежнасьці, паз наяўнасьць сваёй культуры, мовы, гісторыі. Я баюся, што гэта будзе чарговая фармальная адчэпка”.

Зьміцер Дашкевіч
Лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч перакананы: афіцыйныя мерапрыемствы будуць тычыцца выключна аграрнага сэктару.

“Я выказваю некаторы скепсіс наконт таго, што Лукашэнка адштурхнецца далей ад аграрнай палітыкі. Бо калі разважаць пра родную зямлю, то трэба прыгадваць ня толькі 1917-1918 гады, але й гаварыць пра Вялікае Княства Літоўскае, пра „Пагоню“, пра беларускую мову, а на ўсё гэта ў Лукашэнкі наўрад ці хопіць духу”.

Мінулы год быў Годам здароўя. Палітыкі зазначаюць, што, нягледзячы на гэта, сытуацыя з аховай здароўя ў краіне толькі пагоршылася. У рэгіёнах катастрафічна не хапае мэдычных работнікаў. Колькасьць людзей, якія пайшлі з жыцьця з-за анкалягічных ды іншых захворваньняў, павялічылася. Не паболела фізкультурных пляцовак, а таксама даступных для насельніцтва спартовых заляў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG