Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве расьце попыт на беларускіх прафэсіяналаў

  • Віктар Дзятліковіч

Ва ўмовах эканамічнага крызісу ў Расеі ўзьнікае ўсе большы попыт на беларускую працоўную сілу. Так, напярэдадні маскоўскі урад прыняў рашэньне запрасіць брыгады беларускіх будаўнікоў для рамонту жылых дамоў расейскае сталіцы. На думку маскоўскіх чыноўнікаў, яны мусяць замяніць гастарбайтэраў зь Сярэдняй Азіі. Запатрабаванымі становяцца ня толькі будаўнікі.

Рашэньне маскоўскага ўраду можа вельмі ўзрадаваць беларускія будаўнічыя арганізацыі. На 2009 год у бюджэт Масквы на капітальны рамонт жылых дамоў закладзена 50 мільярдаў рублёў – гэта амаль 2 мільярды даляраў. Да гэтага часу рамонт робяць збольшага фірмы, якія наймаюць танную працоўную сілу зь Сярэдняй Азіі. Але якасьць іх працы не задавальняе маскоўскі ўрад. Летась ужо быў цэлы шэраг скандалаў, калі будаўнікі рабілі рамонт вельмі няякасна. Апошні выпадак быў пазаўчора, калі ў цэнтры Масквы абваліўся дом, які рамантавалі менавіта гастарбайтэры, пры гэтым загінула чатыры чалавекі.

Прадстаўніца маскоўскай мэрыі Марына Арлова прызнала, што горад сутыкнуўся зь недахопам кваліфікаваных кадраў. Шукаць такія кадры ўрад Масквы цяпер будзе ў Беларусі. Паводле чыноўніцы, мэрыя ўжо вядзе перамовы з шэрагам беларускіх будаўнічых арганізацыяў, каб яны ўзяліся за выкананьне маскоўскіх заказаў. Размова найперш ідзе пра маляроў, тынкоўшчыкаў ды іншых будаўнікоў.

Чыноўнікі маскоўскага ўраду тлумачаць сваё рашэньне найперш тым, што беларускія будаўнікі больш кваліфікаваныя, бо ў Беларусі, у адрозьненьне ад краінаў Сярэдняй Азіі, захавалася старая сыстэма прафэсійнай тэхнічнай адукацыі. Акрамя таго, ёсьць і яшчэ адзін вельмі важны аспэкт – беларускім грамадзянам ня трэба атрымліваць у Расеі дазвол на працу. Гэта значыць, што яны не патрапляюць пад дзеяньне даволі жорсткіх квот на запрашэньне замежнай працоўнай сілы. Цяпер квота для Масквы складае 350 тысячаў чалавек, але ў наступным годзе яна можа быць зьменшаная ўдвая. Да таго ж даўно вядомае спрыяльнае стаўленьне мэра Масквы Юрыя Лужкова да беларускіх уладаў, і таму зразумела, чаму ён аддае перавагу працоўнай сіле менавіта зь Беларусі.

Шанцы знайсьці працу ў Расеі ёсьць і ў прадстаўнікоў іншых прафэсіяў. Можна нават гаварыць аб нейкай тэндэнцыі, калі адносна танная але прафэсійная працоўная сіла зь Беларусі знаходзіць прымяненьне. Вось яшчэ адзін прыклад. Ня так даўно расейская асацыяцыя, якая аб’ядноўвае вытворцаў рэклямы і тэлевізійных сэрыялаў, абвясьціла пра тое, што ва ўмовах крызісу яна зьменшыць на 30% ганарары тэхнічным супрацоўнікам. Маюцца на увазе асьвятляльнікі, гукарэжысэры, апэратары, якія ўдзельнічаюць у здымках. Гэта выклікала іх незадавальненьне, і размова сярод іх ідзе пра тое, каб абвясьціць штосьці накшталт страйку. Дзеля гэтага цяпер нават ствараецца адмысловы прафсаюз. Аднак вытворцаў рэклямы гэта не засмуціла. Яны сказалі, што ў такім выпадку яны альбо перанясуць саму вытворчасьць у Беларусь або Латвію, ці запросяць нашых спэцыялістаў у Маскву. Бо паслугі іх прафэсійныя, але каштуюць значна менш. Безумоўна гэта падобна на штрэйкбрэхерства, але гэта ўжо этычныя пытаньні, якія падчас крызісаў часьцяком адыходзяць на другі плян.

XS
SM
MD
LG