Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крызіс. Гастарбайтэры едуць дадому


Скарачэньне вытворчасьці і замарожваньне шэрагу будоўляў прывяло да пераразьмеркаваньня працоўных рэсурсаў.


Перадусім гэта закранула краіны, якія адносна нядаўна сталі сябрамі Эўразьвязу. Дзясяткі тысяч грамадзянаў Польшчы, Літвы, Латвіі і іншых у пошуках высокіх заробкаў павыяжджалі ў эканамічна разьвітыя краіны, а цяпер вымушаныя вяртацца назад. У шэраг незапатрабаваных трапілі і беларускія гастарбайтэры, якія ў асноўным працавалі ў суседняй Расеі. Крызіс практычна спаралізаваў расейскі будаўнічы сэктар — а менавіта на будоўлях задзейнічана бальшыня беларусаў, якія ад’ехалі на заробкі.

Аднымі зь першых засталіся бяз працы беларускія кіроўцы-прафэсіяналы, якія працавалі па кантрактах з расейскімі фірмамі, што займаюцца грузаперавозкамі. Спад у гандлі з заходнімі краінамі прывёў да скарачэньняў кіроўцаў фураў. У першую чаргу з замежнікамі разьвіталіся расейцы. Адзін з тых, хто нядаўна трапіў пад скарачэньне, — мянчук Васіль Грынкевіч. Яму, праўда, пашчасьціла хутка ўладкавацца на аўтабазу ў Менску, і доўга быць беспрацоўным не давялося. Васіль Грынкевіч расказвае, што такі ж незайздросны лёс у Расеі напаткаў і ягонага сваяка, які ад канца 1990-х працаваў у структуры маскоўскай жыльлёва-камунальнай гаспадаркі:

“Самая дынамічная была якая галіна? Будаўніцтва, дзе звычайна (і пераважна) працавалі гастарбайтэры. Але цяпер усе працы згортваюцца. Вось сьвежы прыклад. Сваяк, дзядзька, 10 гадоў працаваў у Маскве, абслугоўваў цепласеткі і г.д. Вельмі нядрэнна атрымліваў. Але эпапэя, што называецца, скончылася. На гэтым тыдні прыехаў дадому, відаць, назаўсёды. Абуральна, што нават разьліку не зрабілі, пачаліся розныя “кідалавы”. Распавядаў, што ў будаўнічым сэктары вельмі адчувальныя скарачэньні. Але мала што скарачаюць, дык яшчэ выпраўляюць бяз грошай. І ня толькі ў будаўніцтве такая сытуацыя, але і ў фірмах, якія абслугоўваюць цепласеткі, а гэта так ці інакш зьвязана з будаўніцтвам”.

Колькі ж беларусаў-мігрантаў?

Колькі беларусаў здабываюць сродкі на існаваньне за мяжой? Інфармацыя наконт гэтага супярэчлівая. Паводле Нацыянальнай праграмы разьвіцьця Беларусі да 2010 году, ад пачатку тысячагодзьдзя з краіны штогод па афіцыйных дамовах зьяжджала 1,5% працаздольнага насельніцтва — 80 тысяч легальных мігрантаў кожны год. Аднак толькі расейскія аналітыкі ацэньваюць беларускую долю на сваім рынку ня меней чым на 300 тысяч чалавек. У шэрагу выпадкаў усплывае лічба, блізкая нават да 1 мільёна. Самая вялікая колькасьць, агучаная на афіцыйным узроўні, паходзіла ад міністра эканомікі Беларусі Мікалая Зайчанкі. На адным з пасяджэньняў Савету міністраў ён заявіў: працоўнымі мігрантамі зьяўляюцца 600 тысяч беларусаў.

Найбольш адчувальны ўдар для тых, хто ў асноўным напаўпадпольна ўладкоўваўся за мяжой, падрыхтаваў будаўнічы сэктар. У адным з агенцтваў нерухомасьці Масквы пацьвердзілі, што рынак будаўніцтва новага жыльля фактычна спаралізаваны. Банкі спынілі выдачу крэдытаў фірмам-забудоўніцам, у кампаній бракуе сродкаў нават на пачатыя праекты. І першым крокам сталі масавыя звальненьні:

“У будаўніцтве “замарожваюцца” праекты вельмі многія. У прыватнасьці, зараз ужо “замарожаная” будоўля стагодзьдзя — “Масква-Сіці”. Будуе яе “Мірэкс-груп”, і ў іх цяпер ідуць маштабныя скарачэньні: каля 50% пэрсаналу ўжо скарочаныя, з бальшыні будоўляў прыбралі гастарбайтэраў, пакінулі толькі мясцовых будаўнікоў. Каб застацца замежніку, трэба сабраць кучу дакумэнтаў, а гэта — сабе даражэй. Па беларусах дакладна сказаць не магу, але ёсьць зьвесткі, што той, хто хоча ўсё ж застацца, пераходзіць з вялікіх будоўляў на прыватныя замовы — на катэджы, на рамонт кватэраў. Але і тут актыўнасьць паступова згортваецца”.

Кіно – “пад сукно”

Часам эканамічны крызіс набывае для беларусаў нечаканыя павароты. Так, кінарэжысэр Вячаслаў Нікіфараў, не запатрабаваны на “Беларусьфільме”, цягам апошніх гадоў здымаў сэрыялы для расейскага тэлебачаньня. Аднак інвэстыцыі бізнэсоўцаў у кінамастацтва пасьля крызысу істотна скараціліся, а некаторыя ўжо зацьверджаныя праекты пакладзеныя пад сукно. Цяпер спадар Нікіфараў у Менску, чакае фінансавай “адлігі”:

“Там амаль паўсюдна некаторыя праекты ці прыпыненыя, ці згорнутыя ўвогуле. Баюся памыліцца, каб казаць канкрэтна, але ведаю, што хтосьці напалову бюджэт зрэзаў, хтосьці штаты скарачае. І хоць супакойваюць, што трагічным чынам гэта не абернецца — маўляў, ня так ужо Расея інтэграваная ў сусьветную эканоміку і разбуральна яго наступствы не падзейнічаюць — аднак на справе тыя, хто інвэстуе ў кіно і тэлебачаньне, яны, канечне, прыпыніліся. Бо ў іх, напэўна, клопаты цяпер больш сур’ёзныя. І таму ўсё замерла. Як надоўга — Бог яго ведае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG