Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мігранты ў Беларусі


Сёньня — Міжнародны дзень мігрантаў. Паводле статыстыкі ААН, цяпер мігрантам зьяўляецца кожны 35 чалавек у сьвеце.


Агульная колькасьць легальных і нелегальных мігрантаў у сьвеце перавышае 70 мільёнаў чалавек. Яшчэ 125 мільёнаў жывуць па-за краінамі свайго грамадзянства. Іншымі словамі, каля 3% усяго насельніцтва плянэты раскіданыя па-за межамі сваіх краінаў. Большасьць мігрантаў шукаюць шчасьця ў прамыслова разьвітых рэгіёнах. На першым месцы тут ЗША, дзе жывуць 35 мільёнаў замежнікаў. Сьледам ідуць Расея з 13 мільёнамі і з 7 мільёнамі — Нямеччына. Паводле прыблізных ацэнак, у багатых краінах кожны дзясяты жыхар — імігрант.

Мігранты ў Беларусі — з палітычным кляймом

У Беларусі пра мігрантаў згадваюць пераважна ў зводках МУС, калі паведамляецца пра чарговую нелегальную групу аўганцаў ці віетнамцаў, якія намагаліся “праціснуцца” на Захад. Паводле зьвестак беларускіх памежнікаў, такіх спробаў год ад году менш. Так, за мінулы год затрымана 177 незаконных мігрантаў, тым часам як у 2005 — 368, а ў 2004 — 748.

Што прымушае людзей пакідаць радзіму — часта нават не пасьпеўшы сабраць рэчы? Перадусім лякальныя збройныя канфлікты, перасьлед з палітычных матываў і пошук працы.

Туркмэнскі журналіст Чары Анамурадаў цяпер жыве ў Швэцыі, але перад гэтым тры гады хаваўся ад рэжыму колішняга кіраўніка Туркмэністану Ніязава ў Менску. Асуджаны да працяглага тэрміну зьняволеньня, ён пасьля амністыі ня стаў выпрабоўваць лёс і ўцёк з краіны на пачатку 2000 году:

“Я не аспрэчваю, што крытыкаваў рэжым Ніязава. А як інакш? У жніўні 1996 году на загад Касымава, стаўленіка Ніязава, расстралялі 37 чалавек. Гэта былі палітзьняволеныя, якія ўзбунтаваліся ў адной з турмаў. Яны патрабавалі ўсяго толькі ежы! Падманным шляхам гэтых людзей вывелі на цэнтральны пляц турмы і там і расстралялі, 37 чалавек. Я ў міжнародных СМІ распаўсюдзіў гэтую інфармацыю, за што атрымаў 18 гадоў турмы”.

Найбольш у Беларусі аўганскіх імігрантаў. Яшчэ калі ў Аўганістане былі савецкія войскі, жыхары гэтай краіны атрымлівалі цывільную і вайсковую адукацыю ў вышэйшых вучэльнях СССР, у тым ліку і ў беларускіх. Шмат хто зь іх потым папросту адмаўляўся вяртацца на радзіму. Адзін з кіраўнікоў аўганскай суполкі ў Беларусі Рахман Сафі Сэйфул перакананы: ягоных землякоў раскідала па сьвеце не ў апошнюю чаргу празь дзесяцігадовую “савецкую місію” ў Аўганістане:

“На той час была вялікая верагоднасьць уводу іншых войскаў — пакістанскіх, іранскіх, што, мабыць, было б яшчэ горш. Але калі савецкія войскі выйшлі з Аўганістану практычна бяз вырашанага пытаньня, кінулі ўсё на паўдарозе — то гэта не было добра. Колькі закатавалі, колькі саміх загінула, а ўрэшце сказалі — дзякуй, мы паехалі, прабачце, што ўвогуле прыехалі, нічога нам ад вас больш ня трэба”.

Працоўныя мігранты: сіла ў супрацьвагу інтэлекту

Найбольш пашыранай лічыцца нядоўгатэрміновая працоўная міграцыя. Людзі падаюцца ў іншыя краіны на заробкі. Але калі беларусы ад’яжджаюць пераважна на цяжкія працы, якія не патрабуюць інтэлектуальных намаганьняў, то ў Беларусь едуць высокаадукаваныя спэцыялісты. Пра гэта кажа дырэктарка НДІ працы Сьвятлана Шаўчэнка:

“А калі да нас сюды, у нашую краіну едуць працоўныя мігранты зь іншых краінаў, то ў нас яны занятыя пераважна на працы разумовай, інтэлектуальнай. Вось гэта асноўнае, прынцыповае адрозьненьне. Але яно ўжо захоўваецца на працягу шэрагу апошніх гадоў”.

На ўзроўні ўраду распрацоўваецца адмысловая праграма, каб прыцягваць у Беларусь высокаадукаваных спэцыялістаў. Прычым ня толькі тых, якія працавалі б паводле абмежаваных кантрактаў, а і тых, хто ў пэрспэктыве мог бы тут застацца. Расказвае намесьнік кіраўніка Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун:

“Праграма арыентаваная на прыцягненьне спэцыялістаў, у якіх мае патрэбу Рэспубліка Беларусь. І такая ініцыятыва ўжо прапісаная ў дзяржаўнай дэмаграфічнай праграме, гэта адзін зь яе асноўных складнікаў. Таму ў рамках выкананьня гэтых мерапрыемстваў мы актывізавалі такі кірунак дзейнасьці, як прыцягненьне ў Беларусь спэцыялістаў, у якіх яна мае патрэбу. Са свайго боку, рэспубліканскія органы робяць іншую працу, і я думаю, што гэта будзе мець вынік”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG