Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці трапіць Каложа ў сьпіс сусьветнай спадчыны UNESCO?


Праект рэстаўрацыі з рэканструкцыяй Каложы — самага старога храма Горадні, які датуецца ХІІ стагодзьдзем — выклікае сёньня спрэчкі.

Праект не задавальняе царкоўныя ўлады, хаця зацьверджаны афіцыйна. Аднак зьмены ў ім могуць прывесьці да таго, што Каложа ня будзе ўключана ў сьпіс сусьветнай спадчыны UNESCO. Папярэдне вядома, што да пытаньня рэстаўрацыі Каложы могуць вярнуцца на паседжаньні навукова-мэтадычнай рады пры міністэрстве культуры, якое прызначана на 24 сьнежня.

Сутнасьць праблемы ў тым, што невядома, якой была Калоская — Барысаглебская царква менавіта ў ХІІ стагодзьдзі. У 1853 годзе пасьля моцнай паводкі на Нёмане здарыўся апоўзень, і палова царквы разбурылася. Цяпер страчаная частка — дашчаная, але храм дзейнічае. Паводле міжнародных стандартаў, для рэстаўрацыі трэба мець дакумэнтальныя падставы, і яны ёсьць: незадоўга да апоўзьня былі зроблены малюнкі. Такім чынам, праект рэстаўрацыі прадугледжвае аднаўленьне ў такім выглядзе, як было ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя. Царкоўны бок, аднак, лічыць, што “паводле аналёгіі” зь іншымі тагачаснымі праваслаўнымі цэрквамі можна надаць Каложы абрысы, якія яна гіпатэтычна магла мець у ХІІ стагодзьдзі. Гэтае жаданьне было агучана нядаўна на круглым стале прадстаўнікоў мясцовых уладаў і Гарадзенска-Ваўкавыскай эпархіі.

Намесьнік кіраўніка ўпраўленьня па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі міністэрства культуры Ігар Чарняўскі сказаў, што спачатку меркаваў на гэтым тыдні ў справе Каложы наведаць Горадню, зазначыўшы:

Перш чым рабіць нейкія дзеяньні, мы павінны выклікаць міжнародных экспэртаў
“Увогуле, калі мы заявілі гэты аб’ект у сьпіс сусьветнай спадчыны, ён аўтаматычна набывае нулявую катэгорыю, хаця Каложа ўжо мае яе. Перш чым рабіць нейкія дзеяньні, якія прыўносяць нешта ў аб’ект, паводле міжнародных нарматываў UNESCO мы павінны выклікаць міжнародных экспэртаў і падаць на іхні суд нашыя матэрыялы. І толькі зь іх згоды, прычым з абгрунтаваньнем сур’ёзным, мы можам гэтыя дзеяньні праводзіць. Я гэта й прапаноўваў. Тыя ж расейскія калегі могуць выступіць у ролі экспэртаў UNESCO”.

Да праекту рэстаўрацыі Каложы, магчыма, вернуцца 24 сьнежня, але ніякіх канкрэтных прапановаў з Горадні пакуль не паступала, сказаў спадар Чарняўскі.

Сакратар Гарадзенска-Ваўкавыскай эпархіі айцец Анатоль Ненартовіч сёньня зазначыў, што пытаньне рэстаўрацыі калоскага храму іх вельмі непакоіць.

Ненартовіч: “Я думаю, што зварот у любым выпадку будзе ад эпархіі і ад нашых вернікаў. Таму я думаю, што на адрас Ігара Чарняўскага паступяць нашыя прапановы, у тым ліку матэрыялы круглага стала. Паколькі я думаю, што гэта ня толькі непасрэдна сьвятароў супакоіць, але і многіх жыхароў нашага гораду”.

Анатоль Ненартовіч мяркуе, што з гэтай нагоды будуць карыснымі сустрэча з самім Ігарам Чарняўскім, а таксама ўдзел прадстаўнікоў эпархіі ў паседжаньні навукова-мэтадычнай рады.

Ненартовіч: “Я думаю, што і наш уладыка, і наш благачынны айцец Аляксандар Велісейчык абавязкова сустрэнуцца спачатку зь ім. А потым, магчыма, запросяць на раду, бо мы неаднойчы казалі, што колькі прайшло паседжаньняў рады, ніводнага разу ня быў запрошаны прадстаўнік эпархіі. Я лічу, што гэта не зусім правільна, нягледзячы на тое, што яны скажуць, што ведаюць, што мы ім скажам”.

XS
SM
MD
LG