Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каложа зноў будзе выглядаць, як на пачатку 1853 году <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Так выглядае царква сёньня

Так выглядае царква сёньня

Самы стары храм Горадні — Барысаглебскую царкву XII стагодзьдзя, якую звычайна называюць Калоскай царквой або проста Каложай, чакае рэстаўрацыя і адбудова.


Архітэктурны праект аднаўленчых работ зацьверджаны Міністэрствам культуры. Храм дзейнічае, але палова яго — непершапачатная, дашчаная.

13 красавіка 1853 году на Нёмне была нагэтулькі моцная паводка, што вялікая частка Каложы абрынулася ў раку. Праект адбудовы існуе каля паўтара дзясятка гадоў, але адным хацелася аднавіць храм менавіта ў стылі XII стагодзьдзя, тады як спэцыялісты пярэчылі — рэстаўрацыя можа быць навуковай толькі на падставе захаваных выяваў Каложы. Як выглядаў храм (перш за ўсё дах, верхняя частка) пасьля пабудовы, невядома, таму арыенцір для аднаўленьня — яго выгляд перад паводкай 1853 году.

Карэспандэнт: “Брама Калоскай царквы адчыненая. Тут абвестка на беларускай мове: “Браты і сёстры, зьвяртаем вашу ўвагу, што ў Сьвятабарысаглебскай Калоскай царкве па блаславеньні
Сымбалічная магіла князя Давыда Гарадзенскага на цьвінтары
Правялебнага Арцемія, япіскапа Гарадзенскага і Ваўкавыскага, кожную сераду ў 17 гадзін служыцца малебен на беларускай мове за Беларусь і беларускі народ. Подпіс: сьвятар Уладзімер Барысевіч, настаяцель Сьвятабарысаглебскай Калоскай царквы”.

Вось знакамітая захаваная сьцяна Каложы, што глядзіць у бок гораду. Відаць тонкая цэгла-плінфа, у якую ўмураваныя па сутнасьці да самага верху вялізныя камяні рознай формы. Я дакрануўся да аднаго — ён адпаліраваны. Я стаю перад аркай, якая, можна бачыць, замураваная, над ёй умураваныя ў сьцяну у выглядзе крыжоў квадратныя пліткі зеленаватага колеру. Лічу гэтыя крыжы рознай формы — адзін, два, тры… дваццаць крыжоў, пад самым дахам апошні.

Ля самай царквы я сустрэў айца Аляксандра Хомбака, які зьяўляецца місіянэрам Гарадзенска-Ваўкавыскай япархіі. Я бачу, што вы тут расказваеце якраз пра Каложу. Вашае меркаваньне пра будучую рэстаўрацыю, чаго вы чакаеце ад яе?”

Хомбак: “Мне здаецца, вельмі добра, што прыйшлі да нейкай згоды ўлады нашыя царкоўныя і ўлады дзяржаўныя. Мне здаецца, будзе добра, калі гэты храм будзе адбудаваны, адрэстаўраваны менавіта так, як у аснове прапанаваў архітэктар Лаўрэцкі. Каб храм быў падобны да таго, якім ён быў да разбурэньня. Некалькі месяцаў таму нам, сьвятарам япархіі, былі прапанаваныя некалькі лекцыяў па архітэктуры гарадзенскай школы дойлідзтва.
Маёлікавыя крыжы Каложы
Лектар нам паказаў прыблізныя эскізы, як магла выглядаць нашая царква, Каложа, да разбурэньня. Спадабаўся такі цэласны яе выгляд, прыемны для вока. І я тады яшчэ падумаў сам сабе, што было б добра, каб яна была адбудаваная менавіта так. Будзем спадзявацца на тое, што царква будзе пэрлінай у нашай беларускай архітэктуры”.

Карэспандэнт: “А цяпер я выходжу на галерэю, якая высока над Нёмнам. Гэта месца, якое ўмацоўвалі апошнія гады. Як вядома, Каложа аднойчы абрынулася ў Нёман, ён цяпер троху наводдаль, і нават дзіўна, што мог гэтак падмыць пагорак, на якім стаяла царква. А сёньня паўднёвая частка Каложы — гэта дашчаная сьцяна, памаляваная карычневай фарбай, выглядае непрывабна, можна сказаць…”

Пра тое, як ставяцца да зацьверджанага праекту рэстаўрацыі Каложы ў мясцовай праваслаўнай япархіі, Сяргей Астраўцоў пацікавіўся па тэлефоне ў яе сакратара, айца Анатоля Ненартовіча. Той адказаў, што пазыцыя япархіі крыху адрозьніваецца ад той, якую заняла навукова-мэтадычная рада пры Міністэрстве культуры адносна аднаўленьня царквы ў адпаведнасьці зь яе выглядам у XIX стагодзьдзі. Усё ж сьвятарам хацелася, каб вобраз Каложы пасьля рэканструкцыі быў набліжаны да больш старажытнага. “Аднаўляць, зважаючы на XIX стагодзьдзе, — не зусім правільнае рашэньне, але станоўчае тое, што храм будзе адбудаваны”, — сказаў Анатоль Ненартовіч. Таму япархія вельмі цесна супрацоўнічае з “Гроднаграмадзянпраектам”, які займаецца Каложай, зь яго спэцыялістамі ў сьвятароў існуе паразуменьне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG