Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня на цэнтральнай плошчы Берасьця міліцыя спыніла несанкцыянаваны пікет сябраў апазыцыі. Трое ўдзельнікаў былі дастаўленыя ў аддзел міліцыі Ленінскага раёну. Паводле пратаколу, ім пагражае грашовы штраф альбо арышт.


Праваабаронца Юрась Жыдовіч паведаміў, што Жанну Абрамаву, Юрку Бакура і Івана Стасюка даставілі ў Ленінскі РАУС Берасьця.

“Відавочна, што пакуль міліцыянты цягнуць час, вядуць кансультацыі з начальствам пра магчымую меру пакараньня”, — удакладніў Юры Жыдовіч.

Жанну Абрамаву, актывістку апазыцыі зь Берасьця, сёлета ў красавіку двойчы затрымлівалі па падазрэньні ва ўчыненьні нібыта крымінальнага злачынства (усе гэтыя справы пасьля былі спыненыя). У першым выпадку Жанну Абрамаву трымалі ў пастарунку 61 гадзіну, другі раз — 72 гадзіны.

У лістападзе паводле рашэньня суду Маскоўскага раёну Берасьця Жанну Абрамаву выселілі з кватэры, не прапануючы іншага жыльлёвага памяшканьня. Суд пагадзіўся зь меркаваньнем ЖЭСу, што Жанна была прапісаная ў дзяржаўнай кватэры паводле дамовы паднайму. А паколькі наймальніца, яе бабуля, памерла ў 2005 годзе, то дамова паднайму касуецца аўтаматычна.

Са словаў праваабаронцы Юрыя Жыдовіча, фактычна выселілі ня толькі Жанну, але і яе маці і дзьвюх сясьцёр — дарослую Інгу і шасьцігадовую хворую Марыяну.

Цяпер сям’я аспрэчвае правамоцнасьць рашэньня аб прымусовым высяленьні ў судзе вышэйшай інстанцыі.

XS
SM
MD
LG