Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве — рэжым жорсткай эканоміі


Сьнежань для Магілёўшчыны стане месяцам жорсткай эканоміі. Пра гэта ўчора абвясьціў аблвыканкам. Плянуецца, што за месяц будзе сфармаваны стабілізацыйны фонд у памеры 125 мільярдаў рублёў.


Гэтыя сродкі ў студзені пойдуць на выплату заробкаў. Прадпрыемствы цяпер абавязаныя ўзгадняць набыцьцё абсталяваньня за мяжой. Сродкі рэгіянальная прамысловасьць пачынае ашчаджаць ужо ад сёньня.
Чыноўнікі пастанавілі максымальна зьменшыць паступленьне імпарту ў рэгіён

Неабходнасьць такіх захадаў аблвыканкам тлумачыць неспрыяльнай зьнешнеэканамічнай сытуацыяй. Чыноўнікі пастанавілі максымальна зьменшыць паступленьне імпарту ў рэгіён. Кантраляваць выкананьне гэтай пастановы будзе працоўная група з прадстаўнікоў нацыянальнага банку й супрацоўнікаў фінансавай управы аблвыканкаму.

“Група створаная для працы зь імпартнымі закупкамі, каб грашовыя сродкі — незалежна ад таго, беларускія гэта рублі ці валюта — максымальна заставаліся ў краіне”, — патлумачыў прадстаўнік аблвыканкаму.
Кожная закупка абсталяваньня за мяжой мае ўзгадняцца з працоўнай групай на чале А.Кабяковым

Паводле афіцыйнай інфармацыі, цяпер кожная прапанова па закупе прадпрыемствамі абсталяваньня за мяжой ае ўзгадняцца з працоўнай групай пры ўрадзе Беларусі зь віцэ-прэм’ерам Андрэем Кабяковым на чале.

Чыноўнікі таксама пастанавілі сфармаваць за сьнежань стабілізацыйны фонд вольнай гатоўкі ў памеры 125 мільярдаў рублёў. Гэтыя грошы выкарыстаюць у студзені на заробкі і іншыя сацыяльныя выплаты.

“На другі плян адыдуць пытаньні набыцьця легкавога транспарту для чыноўнікаў і прадпрыемстваў, набыцьцё дарагога абсталяваньня, кампутарнага абсталяваньня ў нейкай меры”, — зазначыў прадстаўнік аблвыканкаму.

На нарадзе аблвыканкам прызнаў, што праграма прыцягненьня ў рэгіянальную прамысловасьць інвэстыцыяў не выконваецца:

“У нас больш за палову арганізацыяў наагул не плянуюць прыцягненьня інвэстыцыяў нават у мінімальных памерах. Маецца на ўвазе набыцьцё кампутараў ці нейкага станка”, — зазначаў начальнік управы эканомікі аблвыканкаму Мікалай Дудзінскі.

Вядома, што з 110 мільёнаў даляраў замежных інвэстыцыяў, прагназаваных на пачатку году, за дзевяць месяцаў прыцягнута меней за шэсьцьдзесят мільёнаў.

На чым канкрэтна мяркуецца эканоміць сродкі, чыноўнікі не паведамляюць. Магілёўскі ж эканаміст Пётар Мігурскі выказвае свае меркаваньні наконт гэтага:

“Па-першае, можна скараціць працоўны тыдзень. Будзе зэканомлена на заробках і на энэргарэсурсах. Гэта прывядзе да зьніжэньня аб’ёмаў вытворчасьці. Мы ня будзем вырабляць непатрэбнай прадукцыі. Таму на гэтым будзе эканомія вялікая. Іншае пытаньне, як гэта адаб’ецца на жыцьцёвым узроўні насельніцтва”.

Пётар Мігурскі зазначае, што эканоміць прадпрыемствы будуць галоўным чынам на паперы:

“Гэта хутчэй пажаданьне, чым канкрэтныя дзеяньні. Прадпрыемствам ня трэба рэальная эканомія, то бок на гэтым не выбудоўваецца вытворчая палітыка прадпрыемства, не выбудоўваецца эканоміка. Насамрэч гэтым трэба было займацца раней, калі зьявіліся першыя прыкметы крызісу, а не заяўляць на ўвесь сьвет, што фінансавы крызіс нас ня тычыцца”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG